Конкурсы на конкурсы "Славянскага базару..."

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Да 1 красавіка можна даслаць бандэроль з заяўкай на ўдзел у міжнародных конкурсах "Славянскага базару ў Віцебску".

/i/content/pi/cult/370/7156/1-1.jpegМіністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прымае заяўкі на ўдзел у Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" і ў Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе "Віцебск", што пройдуць у час XXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

Як паведамілі "К" у Міністэрстве культуры, у адборачным туры да конкурсу выканаўцаў прымаюць удзел артысты ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў уключна. Гэта тыя, хто мае вопыт канцэртных выступленняў, хто заявіў пра сябе поспехамі на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах ды фестывалях. У адборы да дзіцячага "Віцебска" могуць удзельнічаць выканаўцы ад 7 да 12 гадоў. Яны таксама павінны мець вопыт канцэртных выступленняў. Узрост удзельнікаў вызначаецца па стане на 1 чэрвеня бягучага года.

Адборачныя туры ладзяцца ў два этапы. Пад час першага экспертная група да 10 красавіка адсочвае аўдыя- і відэаматэрыялы. У выніку адбіраецца па дзесяць чалавек да кожнага конкурсу. Цягам другога этапа прафесійнае журы праслухоўвае выканаўцаў, што прайшлі першы і выступяць у суправаджэнні фанаграмы "мінус адзін" (да 20 красавіка) на сцэне Маладзёжнага тэатра эстрады. Па выніках другога этапа адбіраецца адзін дарослы выканаўца і двое дзяцей, якія і прадставяць на віцебскім форуме Беларусь.

Для ўдзелу ў адборачных турах трэба падрыхтаваць: для першага этапа - відэазапіс дзвюх песень (на выбар) працягласцю не больш за чатыры хвіліны; для другога - дзве песні працягласцю не больш за чатыры хвіліны, якія выконваюцца ў суправаджэнні фанаграмы "мінус адзін" (эстрадная песня беларускага аўтара на беларускай мове - для ўдзельнікаў абодвух конкурсаў; эстрадная песня кампазітараў славянскай краіны на адной са славянскіх моў - для дарослых; эстрадная песня, што найбольш ярка адлюстроўвае выканальніцкае майстэрства і артыстычныя здольнасці канкурсанта, - для дзяцей).

Заяўка накіроўваецца каштоўнай бандэроллю на адрас: 220004, Мінск, праспект Пераможцаў, 11, Міністэрства культуры, з пазнакай у залежнасці ад узросту ўдзельнікаў: "Адборачны тур конкурсу "Віцебск" (дарослыя)" або "Адборачны тур конкурсу "Віцебск" (дзеці)". Апошні дзень прыёму бандэроляў - 1 красавіка.

Вынікі першага этапа адборачных тураў падводзяцца экспертнай групай; другога - прафесійным журы. Склад экспертнай групы і прафесійнага журы фарміруецца з вядучых спецыялістаў у галіне музычнага эстраднага мастацтва, вядомых дзеячаў культуры і мастацтваў і зацвярджаецца загадам Міністэрства культуры.