"Арт-мажор" у Год кнігі

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

У Год кнігі многія, нават традыцыйныя, мерапрыемствы трохі змяняюць сваю канцэпцыю, надаючы больш увагі менавіта літаратурнай частцы праграмы. Не абмінула гэтая тэндэнцыя і Фестываль мастацтваў “АРТ-МАЖОР”, які цягам 20 гадоў на самых розных пляцоўках праводзіць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

Сёлета фестываль будзе доўжыцца амаль тры месяцы: распачаўся ён 14 сакавіка канцэртам "Старонкі музычнай спадчыны" кафедры народна-інструментальнай творчасці з удзелам вядомых фальклорных калектываў "Гуды", "Грамніцы", "Беларуская песня" ў Белдзяржфілармоніі, а завершыцца напрыканцы мая гала-канцэртам, які пройдзе ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры.

Па традыцыі, у час форуму пляцоўкі для выступленняў будуць прадастаўлены як студэнтам БДУКіМ, так і яго выкладчыкам ды выпускнікам. Фестывальныя імпрэзы ахопяць амаль усе бакі сцэнічнага існавання творчага чалавека: тут будзе інструментальная, народная і эстрадная музыка, тэатральныя пастаноўкі, харэаграфія. Як паведамілі "К" у прэс-службе ўніверсітэта, вялікую ўвагу наведвальнікаў і ўдзельнікаў фэсту маюць займець кніжныя выстаўкі, што будуць дзейнічаць як у сценах гэтай ВНУ, так і ў іншых установах. Падрыхтоўкай экспазіцый займаюцца студэнты і выкладчыкі факультэта інфармацыйна-дакументальных камунікацый. Акрамя кніжных выставак для гасцей форуму будуць прадстаўлены і творы ДПМ.