Цяпло сонечнай Арменіі – у Беларусі

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

22 — 28 кастрычніка на Беларусі пройдуць Дні культуры Рэспублікі Арменія. Яшчэ 21 мая, у час ХІІ пасяджэння Савета па культурным супрацоўніцтве краін СНД, што ладзілася ў Авальнай зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, міністр культуры нашай краіны Уладзімір Матвейчук і міністр культуры і па справах моладзі Рэспублікі Арменія Асмік Пагасян вызначылі канкрэтныя тэрміны правядзення Дзён культуры Арменіі ў Беларусі: 22 — 28 кастрычніка.

Хоць урачыстае адкрыццё Дзён культуры Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь і гала-канцэрт прымеркаваны на аўторак, пэўныя мерапрыемствы запланаваны і на панядзелак, 22 кастрычніка, — дзень прыбыцця армянскай дэлегацыі ў Мінск. Дарэчы, у яе складзе — не толькі прадстаўнікі Міністэрства культуры Арменіі на чале з міністрам Асмік Пагасян, але і артысты, дзеячы культуры і мастацтва. Сярод іх — Ара Ернджакян, мастацкі кіраўнік і дырэктар Ерэванскага дзяржаўнага камернага тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў Арменіі, драматург, кінасцэнарыст, навуковец, сакратар Саюза тэатральных дзеячаў; Завен Саркісян — дырэктар Музея Сяргея Параджанава, і многія іншыя…
Дык вось, 22 кастрычніка ў кінатэатры “Ракета” будзе прадэманстраваны фільм С.Параджанава “Я памёр у дзяцінстве”, а ў Маладзёжным тэатры эстрады пройдзе спектакль Ерэванскага камернага тэатра. На наступны дзень у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі адкрыецца выстаўка работ кінарэжысёра і мастака С.Параджанава.
24 кастрычніка адбудзецца сустрэча маладзёжнага сімфанічнага аркестра Арменіі са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. А Беларускае таварыства дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі наладзіць сустрэчу армянскай дэлегацыі з прадстаўнікамі армянскай дыяспары.
Праграма мерапрыемстваў не абмяжоўваецца толькі Мінскам. 24 кастрычніка Камерны тэатр мяркуе наведаць Бабруйск, дзе армянскія артысты прадэманструюць сцэнічнае майстэрства ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры. А 25 кастрычніка запланаваны выезд дэлегацыі ў Брэст і Астрамечава, дзе ў Доме культуры пройдзе сустрэча з армянскай дыяспарай Брэста і Брэсцкага раёна. На наступны дзень армянскія госці наведаюць Брэсцкую крэпасць. Насычанай будзеі субота, 27 кастрычніка. У Маладзечанскім музычным вучылішчы будуць ладзіцца канцэрты фальклорнага ансамбля “Шагакн” і маладзёжнага сімфанічнага аркестра.
І, натуральна, у Дні культуры Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь міністэрствы культуры і творчая інтэлігенцыя абедзвюх краін працягнуць узаемакарысны дыялог пра далейшае развіццё творчых стасункаў.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ