Усё прайшло гладка і крылата

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

Ці не ўсе артысты ў адзін голас сцвярджаюць, што дзіцячая аўдыторыя — самая патрабавальная. Яна не церпіць найменшага фальшу, смяецца і пляскае ў ладкі толькі тады, калі сапраўды смешна альбо цікава, і ніколі не даруе нудоты.

 /i/content/pi/cult/133/714/Gladkov1.jpg

Кампазітар Яўген Крылатаў.

Назіраючы за ходам заключнага канцэрта акцыі “Дзеці Беларусі і Масквы спяваюць разам”, які адбыўся 13 кастрычніка
ў зале Белдзяржфілармоніі, можна было з пэўнасцю сцвярджаць, што гэтая ініцыятыва дасягнула сваёй мэты, а дакладней — сэрцаў і розуму маленькіх гледачоў.
Ідэя акцыі належыць вядомаму кампазітару, заслужанаму дзеячу мастацтваў Расіі Рыгору Гладкову (хто ж не ведае яго “Пластылінавую варону”?). Летась яму давялося пабываць на дзіцячым конкурсе “Славянскага базару ў Віцебску”, і моцныя ўражанні ад гэтай падзеі сталі натхненнем для новага праекта.
Ініцыятыву кампазітара падтрымалі яго знакамітыя калегі Яўген Крылатаў і Эдуард Ханок ды, што асабліва важна, — урад Масквы. Юрый Лужкоў не толькі перадаў беларускай дзятве свае вітанні, але і дапамог у вырашэнні немалаважных фінансавых пытанняў.“Творчы марафон” стартаваў 10 кастрычніка ля сцен маскоўскага Палаца дзіцячай і юнацкай творчасці на Вераб’ёвых гарах. Пасля ўрачыстай цырымоні і ўзняцця сцягоў дзвюх дзяржаў вядомыя дзіцячыя калектывы расійскай сталіцы выправіліся ў доўгі шлях, каб, спазнаўшы розныя прыгоды і дробныя нягоды, парадаваць яшчэ адным святам маленькіх жыхароў трох беларускіх гарадоў.
Па словах завадатараў акцыі, маскоўскіх ансамбляў, якія ахвотна пагадзіліся выступіць на Беларусі, было мноства, і таму даводзілася выбіраць найлепшыя. У выніку ў канцэртах тура, якія, апрача Мінска, прайшлі ў Магілёве і Барысаве, узялі ўдзел узорны харэаграфічны ансамбль “Бураціна”, вакальны (ці, зважаючы, на яркае шоу, хутчэй вакальна-харэаграфічны) калектыў “Талісман”, духавы аркестр Палаца дзіцячай творчасці — усяго каля 90 маленькіх артыстаў. Як і чакалася, акцыя мела эфект снежнага камяка на кожным прыпынку да яе далучаліся мясцовыя таленты, і ў выніку агульны лік удзельнікаў перавысіў дзве сотні.
Некаторыя нумары праграмы ўвасаблялі сутнасць акцыі літаральна: беларускія і расійскія дзіцячыя калектывы спявалі разам, у тандэме. І такі ход мог падацца надта рызыкоўным — хаця б таму, што магчымасцей сабрацца разам у адным памяшканні ў артыстаў
фактычна не
было: іх падзяляюць сотні кіламетраў. Але тут на дапамогу прыйшлі сучасныя тэхналогіі, і юныя спевакі ўжо на самым пачатку сваёй кар’еры зведалі, што такое інтэрнет-рэпетыцыя. Дзякуючы камп’ютэру і вэб-камеры Магілёўскі заслужаны тэатр-студыя “Вясёлка” цудоўна спеўся з маскоўскім “Талісманам”, ды і іншыя супольныя нумары выглядалі на ўзроўні.
Свайго кшталту гімнам акцыі стала песня “Сапраўдны сябра”, вядомая ўсім дзякуючы мульціку “Цімка і Дзімка”. Мусіць, і праўда невыпадковы той факт, што кампазітар Б.Савельеў і паэт М.Пляцкоўскі напісалі яе ў цягніку “Масква — Мінск”.
Праграма канцэрта таксама была збольшага “мульцяшнай” — выключэннем стаў хіба небезвядомы Эдуард Ханок, які прапанаваў публіцы песню з будучага фільма на “вечную” для яго тэму расійскай эстрады. У выкананні сённяшніх дзетак хіты, якія напявалі ў сваім самым светлым узросце яшчэ іх бацькі, набывалі новае гучанне — і ў чарговы раз сведчылі пра сваю неўміручасць.
Што самае цікавае, некаторыя з гэтых песень спецыяльна для акцыі былі перакладзены на беларускую мову, даўшы юным масквічам магчымасць адчуць яе мілагучнасць ды
 /i/content/pi/cult/133/714/Gladkov2.jpg
Фінальны акорд сяброўскага канцэрта.
сакавітасць.
Як адзначыў на пачатку канцэрта намеснік старшыні Мінгарвыканкама Міхаіл Ціцянкоў, такія песенныя ўрокі павінны працягвацца. Мы ж атрымалі унікальную аказію паслухаць па-беларуску, скажам, тую самую “Пластылінавую варону” — прычым дзеці спявалі яе разам з аўтарам. А шматлікія агрэхі ў перакладзе цалкам можна і дараваць — з прычыны арыгінальнасці задумы.
Дарэчы, тая акалічнасць, што мастацкім кіраўніком канцэртнай праграмы стаў дзіцячы кампазітар з вялізным стажам, таксама давалася ў знакі: знаходзячыся ў глядзельнай зале, можна было выразна адчуць, што “працэсам кіруюць” сапраўдныя прафесіяналы, якія не па чутках ведаюць, што трэба дзіцяці. Таму заклік да сяброўства быў увасоблены не ў нудным дыдактызме, а ў яскравым і трохі гарэзлівым шоу. Паважная філарманічная зала рэдка калі чула столькі гучнага дзіцячага смеху. І гледачы ў ёй дакладна не гулялі ў мяч — што справакаваў, завітаўшы на канцэрт, паштальён Печкін з тэлеперадачы “АБВГдейка” (акцёр Аляксандр Удовін).
Магчыма, такія “нестандартныя” моманты былі ў пэўнай меры рызыкоўнымі, але… свой плён яны, неаспрэчна, прынеслі.
На прэс-канферэнцыі, якая папярэднічала канцэрту, Рыгор Гладкоў адзначыў, што якасны ўзровень канцэртнай праграмы — як, зрэшты, і энтузіязм публікі, — перавысіў чаканні завадатараў.І таму цалкам можна спадзявацца на тое, што акцыя не стане “разавай”, але запачатку новую традыцыю культурных стасункаў Беларусі і Расіі. Прынамсі, арганізатары ўжо плануюць налета выправіцца ў новы тур па Беларусі, абраўшы цяпер ужо іншы маршрут.

Ілля СВІРЫН
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА