Кампазітар Яўген Крылатаў. |
Ідэя акцыі належыць вядомаму кампазітару, заслужанаму дзеячу мастацтваў Расіі Рыгору Гладкову (хто ж не ведае яго “Пластылінавую варону”?). Летась яму давялося пабываць на дзіцячым конкурсе “Славянскага базару ў Віцебску”, і моцныя ўражанні ад гэтай падзеі сталі натхненнем для новага праекта.
Ініцыятыву кампазітара падтрымалі яго знакамітыя калегі Яўген Крылатаў і Эдуард Ханок ды, што асабліва важна, — урад Масквы. Юрый Лужкоў не толькі перадаў беларускай дзятве свае вітанні, але і дапамог у вырашэнні немалаважных фінансавых пытанняў.“Творчы марафон” стартаваў 10 кастрычніка ля сцен маскоўскага Палаца дзіцячай і юнацкай творчасці на Вераб’ёвых гарах. Пасля ўрачыстай цырымоні і ўзняцця сцягоў дзвюх дзяржаў вядомыя дзіцячыя калектывы расійскай сталіцы выправіліся ў доўгі шлях, каб, спазнаўшы розныя прыгоды і дробныя нягоды, парадаваць яшчэ адным святам маленькіх жыхароў трох беларускіх гарадоў.
Па словах завадатараў акцыі, маскоўскіх ансамбляў, якія ахвотна пагадзіліся выступіць на Беларусі, было мноства, і таму даводзілася выбіраць найлепшыя. У выніку ў канцэртах тура, якія, апрача Мінска, прайшлі ў Магілёве і Барысаве, узялі ўдзел узорны харэаграфічны ансамбль “Бураціна”, вакальны (ці, зважаючы, на яркае шоу, хутчэй вакальна-харэаграфічны) калектыў “Талісман”, духавы аркестр Палаца дзіцячай творчасці — усяго каля 90 маленькіх артыстаў. Як і чакалася, акцыя мела эфект снежнага камяка — на кожным прыпынку да яе далучаліся мясцовыя таленты, і ў выніку агульны лік удзельнікаў перавысіў дзве сотні.
Некаторыя нумары праграмы ўвасаблялі сутнасць акцыі літаральна: беларускія і расійскія дзіцячыя калектывы спявалі разам, у тандэме. І такі ход мог падацца надта рызыкоўным — хаця б таму, што магчымасцей сабрацца разам у адным памяшканні ў артыстаў
Праграма канцэрта таксама была збольшага “мульцяшнай” — выключэннем стаў хіба небезвядомы Эдуард Ханок, які прапанаваў публіцы песню з будучага фільма на “вечную” для яго тэму расійскай эстрады. У выкананні сённяшніх дзетак хіты, якія напявалі ў сваім самым светлым узросце яшчэ іх бацькі, набывалі новае гучанне — і ў чарговы раз сведчылі пра сваю неўміручасць.
Што самае цікавае, некаторыя з гэтых песень спецыяльна для акцыі былі перакладзены на беларускую мову, даўшы юным масквічам магчымасць адчуць яе мілагучнасць ды
Фінальны акорд сяброўскага канцэрта. |
Як адзначыў на пачатку канцэрта намеснік старшыні Мінгарвыканкама Міхаіл Ціцянкоў, такія песенныя ўрокі павінны працягвацца. Мы ж атрымалі унікальную аказію паслухаць па-беларуску, скажам, тую самую “Пластылінавую варону” — прычым дзеці спявалі яе разам з аўтарам. А шматлікія агрэхі ў перакладзе цалкам можна і дараваць — з прычыны арыгінальнасці задумы.
Дарэчы, тая акалічнасць, што мастацкім кіраўніком канцэртнай праграмы стаў дзіцячы кампазітар з вялізным стажам, таксама давалася ў знакі: знаходзячыся ў глядзельнай зале, можна было выразна адчуць, што “працэсам кіруюць” сапраўдныя прафесіяналы, якія не па чутках ведаюць, што трэба дзіцяці. Таму заклік да сяброўства быў увасоблены не ў нудным дыдактызме, а ў яскравым і трохі гарэзлівым шоу. Паважная філарманічная зала рэдка калі чула столькі гучнага дзіцячага смеху. І гледачы ў ёй дакладна не гулялі ў мяч — што справакаваў, завітаўшы на канцэрт, паштальён Печкін з тэлеперадачы “АБВГдейка” (акцёр Аляксандр Удовін).
Магчыма, такія “нестандартныя” моманты былі ў пэўнай меры рызыкоўнымі, але… свой плён яны, неаспрэчна, прынеслі.
На прэс-канферэнцыі, якая папярэднічала канцэрту, Рыгор Гладкоў адзначыў, што якасны ўзровень канцэртнай праграмы — як, зрэшты, і энтузіязм публікі, — перавысіў чаканні завадатараў.І таму цалкам можна спадзявацца на тое, што акцыя не стане “разавай”, але запачатку новую традыцыю культурных стасункаў Беларусі і Расіі. Прынамсі, арганізатары ўжо плануюць налета выправіцца ў новы тур па Беларусі, абраўшы цяпер ужо іншы маршрут.
Ілля СВІРЫН
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА