Прадстаўнічыя паясы

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

Славутыя ўзоры слуцкіх паясоў у хуткім часе можна будзе ўбачыць не толькі ў музеях ці на старонках кніжных фаліянтаў, але і на мастацкіх вырабах ды сувенірах беларускай вытворчасці. Тэма адраджэння брэнда нашай краіны — унікальных слуцкіх паясоў — разглядалася днямі на рабочай нарадзе Кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалая Корбута.

/i/content/pi/cult/369/7139/1-5.jpeg

Як стала вядома карэспандэнту «К», па даручэнні Кіраўніка дзяржавы ўжо распачалася вялікая комплексная работа гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, дызайнераў, ткачоў-практыкаў сумесна з прадпрыемствамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па вывучэнні ў многім страчаных тэхналогій вырабу слуцкага пояса.

Гаворка ідзе не пра ўзнаўленне, а пра рэканструкцыю і вытворчасць іх якасных копій. Для гэтага ў бліжэйшай перспектыве плануецца даследаваць мастацкія асаблівасці захаваных арыгінальных асобнікаў, стварыць зводны каталог паясоў, якія знаходзяцца ў айчынных і замежных фондах. Мяркуецца таксама даследаваць аўтэнтычныя матэрыялы, унесці прапановы па іх замене ў сучасных умовах прамысловай вытворчасці і, што немалаважна, распрацаваць кірункі выкарыстання копій слуцкіх паясоў у сучасным жыцці краіны.

Па словах дырэктара РУП «Слуцкія паясы» Ларысы Тарасавай, сёння прадпрыемства вырабляе на ручных кроснах вялікую колькасць сувенірнай прадукцыі, запатрабаванай не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. На яе думку, і шыкоўныя слуцкія паясы, якія плануецца выпускаць на прадпрыемстве, знойдуць сваю аўдыторыю. У прыватнасці, выраб паясоў з выкарыстаннем залатых і сярэбраных нітак плануецца наладзіць пад заказ для прадстаўнічых падарункаў. Разам з тым, сучаснае абсталяванне, неабходнае для стварэння паясоў, будзе загружана напоўніцу, у тым ліку для выпуску значна большага, чым ёсць сёння, асартыменту сувеніраў.

Не застануцца ўбаку ад справы і іншыя прадпрыемствы. Дырэктар Барысаўскага камбіната дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя А.М. Кішчанкі Рыгор Шэміт адзначыў, што камбінат таксама будзе ўдзельнічаць у гэтым знакавым для краіны праекце.

К.А.

На здымку: узор слуцкага пояса.