Фотаэкспрэсам да Купалы

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

“Над Віллёй-ракой” — з такой назвай у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрылася фотавыстаўка, прымеркаваная да 130-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі.

/i/content/pi/cult/369/7138/1-4.jpg

Арганізаваная пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі, пры ўдзеле народнага фотаклуба "Мінск" і літоўскай Асацыяцыі фатографаў "Fotoexpress.lt", выстаўка стала ўдалым прыкладам міжнароднага культурнага супрацоўніцтва і стратэгіі папулярызацыі гістарычнай спадчыны дзвюх краін.

Ні для каго з беларусаў не сакрэт, як звязаны лёс Янкі Купалы з горадам "над Віллёй-ракой", але ці кожны з нас пабачыў на свае вочы той славуты дом па вуліцы Людаса Гіры, дзе жыў і працаваў Паэт?

Архіўныя фотаздымкі адкрыцця мемарыяльнай дошкі Янкі Купалу ў 1952 годзе (на адным з іх мы можам пазнаць удаву паэта Уладзіславу Луцэвіч) размешчаны на спецыяльнай вітрыне "ад імя" нашага музея, і тут жа побач  - сучасны фотаздымак літоўскага фатографа Р.Каралюса "Хто б мог падумаць?" - пра сённяшні дзень будынка па вуліцы Людаса Гіры. Купка дзяцей знята на фоне сцяны з мемарыяльнай дошкай у гонар Купалы...

Спалучэнне архіўных матэрыялаў і сучасных фотаздымкаў - чаму б і сапраўды не аб'яднаць розныя аўдыторыі (літаратуразнаўцаў і фатографаў, сталых даследчыкаў і цікаўнай моладзі) пад ініцыятывай добрай ідэі?

- Наступным крокам супрацоўніцтва музея з народным клубам "Мінск" і асацыяцыяй літоўскіх фотамайстроў мусіць стаць сумесны пленэр на базе філіялаў нашай установы, - распавядае яе дырэктар Алена Ляшковіч. - Як убачаць славутыя мясціны, дзе жыў і ствараў Пясняр - Вязынку, Ляўкі, Акопы, Яхімоўшчыну, - фатографы? Ці ж гэта не цікава? У нас ужо ёсць адпаведны матэрыял, зроблены беларускімі фатографамі ў 1996 годзе. Але калі злучыць архіўныя фотаздымкі, работы 1996-га і сучасныя, мы ўбачым гісторыю "паэтычных купалаўскіх мясцін". Так, дарэчы, і плануем назваць новую выстаўку.

Д.А.