Пра Бянігну-пявунню, маці Песняра

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

16 кастрычніка ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылася вечарына “Калыхала маці сына…”, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння маці паэта, Бянігны Іванаўны Луцэвіч. Дакладная дата яе нараджэння невядомая, таму, як адзначыла ва ўступным слове дырэктар музея Алена Мацевасян, было вырашана прымеркаваць вечарыну да Дня Маці, які адзначаўся па ўсёй нашай краіне ў суботу, 14 кастрычніка.

На гэтае мерапрыемства былі запрошаны сваякі паэта, акцёры Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, вядомыя пісьменнікі, навукоўцы, музыкі. Сярод ганаровых гасцей прысутнічаў таксама Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Украіна ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Ліхавы. Узяўшы слова, ён распавёў, як наш Пясняр ездзіў у Кіеў на святкаванне 125-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі, якога лічыў сваім настаўнікам у паэзіі. І.Ліхавы перадаў у дар музею Янкі Купалы зборнік вершаў Т.Шаўчэнкі “Кабзар”, перавыдадзены музеем у Каневе паводле унікальнага пражскага выдання 1940 г.
Вядома, што аднавяскоўцы празвалі Купалаву маці Бянігнай-пявунняй — так любіла яна спяваць, апавядаць казкі і паданні, якія ўвабраў у душу самы таленавіты яе сын. І на вечарыне гучалі ўзнёслыя спевы ў выкананні літургічнага хору “Голас душы” касцёла святых Сымона і Алены пад кіраўніцтвам Таццяны Гажэўскай. А ксёндз-біскуп Антоній Дзям’янка казаў пра ролю Хрысціянства ў сямейным выхаванні часоў Купалава дзяцінства.
Найстарэйшая супрацоўніца музея, галоўны захавальнік фондаў Марыя Чабатарэвіч прачытала верш К.Камейшы пра хутар пад назвай Няшота, дзе нарадзіўся будучы Пясняр. А пасля на сцэну была запрошана настаўніца Рубяжэвіцкай школы Рамуальда Сабалеўская. Яна даследуе род Валасевічаў, з якога паходзіла Бянігна Луцэвіч. У прыватнасці, ёй удалося сабраць старыя фотаздымкі, дакументы, рэчы, датычныя сваякоў Купалавай маці ў пазнейшых пакаленнях. Настаўніца з вучнямі даглядае могілкі, дзе пахаваны прадстаўнікі роду Валасевічаў; да 120-годдзя з дня нараджэння Песняра тут былі ўсталяваны 2 памятныя камяні з надпісамі. Р.Сабалеўская выказала спадзяванне, што з часам у Рубяжэвічах з’явіцца музей маці Янкі Купалы.
Як успамінаюць аднавяскоўцы, усе Валасевічы былі людзьмі добра выхаванымі, спагадлівымі, гасціннымі і, галоўнае, дружнымі. Па іх прыкладзе спадарыня Рамуальда аб’яднала і свой род Сабалеўскіх, ды так, што атрымаўся сямейны ансамбль, які і выканаў на вечарыне некалькі песень пад апладысменты залы.У гэты вечар выступаў таксама рэжысёр Уладзімір Савіцкі, чый спектакль “Сны аб Беларусі”, прысвечаны юбілею Купалы, ужо двойчы быў з поспехам паказаны ў новым тэатральным сезоне. Народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, выканальніца роляў маці ў спектаклях паводле Купалавых п’ес “Паўлінка” і “Тутэйшыя”, падзялілася сваім перажываннем гэтых вобразаў. Прагучаў таксама ўрывак з паэмы Янкі Купалы “Адвечная песня” ў выкананні навуковых супрацоўнікаў музея Наталлі Настасіч і Дзмітрыя Бубнова. І завяршылася вечарына словамі дырэктара музея Алены Мацевасян: “Шчыры дзякуй нашым маці, якія прывялі нас у гэты свет”.

Святлана ІШЧАНКА