Нацыянальны эксклюзіў

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

Начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі паведамляе “К”, што Гродна сёння рыхтуецца не толькі да Першага Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”, але і да IX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

Па словах мастацкага кіраўніка Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Ірыны Лемцюговай, сёлета ў Гродне збяруцца прадстаўнікі 33 нацыянальнасцей.

Фестываль, як вядома, праводзіцца ў горадзе над Нёманам раз на два гады. Сёлета, распавядае Аляксандр Вярсоцкі, мерапрыемства "аздобіцца" шэрагам адметных творчых акцый.

 Мяркуецца, што адной з навінак стане выстаўка лялек. Кожная з нацыянальных суполак прадставіць сваю, самабытную, менавіта нацыянальную ляльку. Упершыню ў Гродне збяруцца і аматарскія цыркавыя калектывы. Таксама пройдуць канцэрты творчых калектываў, што прадставяць краіны Мытнага саюза: Беларусь, Расія, Казахстан.

Кожны фестываль нацыянальных культур адметны феерверкам разнастайных творчых праяў на нацыянальных падворках. Усім запомніліся абрады вяселляў і радзін, якія кожная нацыянальная суполка прэзентавала на мінулых фэстах. Сёлетні, па словах Ірыны Лемцюговай, мае не менш яркую этнаграфічную тэматыку: на кожным з творчых падворкаў у гэтым годзе будуць гучаць паданні і быліны, найбольш характэрныя для кожнай з нацыянальных суполак, прадстаўленых у Гродне.

І яшчэ адзін фестывальны эксклюзіў.Упершыню ў нацыянальным фэсце будуць удзельнічаць творчыя дэлегацыі з Нігерыі, Іспаніі і Венесуэлы.