Так таму і быць!

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

8 сакавіка ў Вільнюсе адбылася дзелавая сустрэча кіраўнікоў трох найбуйнейшых музеяў Беларусі, Расіі і Літвы: дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Пракапцова, генеральнага дырэктара Дзяржаўнага Эрмітажа — Міхаіла Піятроўскага і дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Літвы Рамуальдаса Будрыса. Наш карэспандэнт даведаўся пра падрабязнасці сустрэчы.

- Уладзімір Іванавіч, у гэты дзень вы падпісалі з Піятроўскім дамову аб супрацоўніцтве паміж нашым музеем і Эрмітажам на пяць гадоў. Чаму раптам у Вільнюсе, а не, скажам, у Санкт-Пецярбургу ці Мінску?

- У нас не было магчымасці, з прычыны занятасці маёй і Міхаіла Барысавіча, сустрэцца, напрыклад, у Санкт-Пецярбургу. А літаральна 3 сакавіка я сустрэўся на Казюках з Будрысам і даведаўся, што 8 сакавіка ў Вільні прыязджае Піятроўскі, каб адкрыць экспазіцыю эрмітажнай графікі ў Мастацкім музеі Літвы. Вось і скарыстаўся выпадкам: патэлефанаваў яму ў Санкт-Пецярбург, і мы разам вырашылі: так таму і быць. А праект такой дамовы быў ужо ўзгоднены.

- Аналагічная дамова з Літоўскім мастацкім музеем, як я ведаю, была падпісана яшчэ два гады таму...

- Так, у яе рамках, да прыкладу, цяпер у нас працуюць выстаўкі слуцкіх паясоў, дэманструецца партрэт шляхціча Пуслоўскага. У 2010 годзе ў Вільнюсе прайшла сумесная выстаўка жывапісу Івана Хруцкага з калекцыі нашага музея і некалькіх работ мастака з літоўскіх музеяў. А ў
2013-м плануецца арганізаваць у сталіцы Літвы выстаўку твораў Бялыніцкага-Бірулі.

- А на трохбаковай сустрэчы дырэктараў, відаць, былі абмеркаваны пытанні супрацоўніцтва ў розных сферах музейнай дзейнасці...

- Менавіта так. Але хачу сказаць асобна пра дамову з Эрмітажам. Яна прадугледжвае вельмі шырокі спектр нашай міжмузейнай дзейнасці, у тым ліку пытанні выставачнага абмену, навуковых сувязей, абмену вопытам у сферы рэстаўрацыі, укараненне новых рэстаўрацыйных тэхналогій (у Эрмітажы існуе знакамітая Лабараторыя аддзела навуковай рэстаўрацыі), кнігаабмену музейных выданняў, правядзенне кансультатыўных паслуг па атрыбуцыі і экспертызы твораў мастацтва, ажыццяўленне сумесных выдавецкіх праектаў на папяровых ды электронных носьбітах...

- Можна прывесці некалькі канкрэтных прыкладаў рэалізацыі гэтай дамовы?

- У 2014-м будуць адзначацца дзве юбілейныя даты: 75 гадоў нашаму музею і 250 - Эрмітажу. Мы плануем арганізаваць вялікую выстаўку твораў з Эрмітажа. Сёлета да нас прыязджаюць яго супрацоўнікі - разам вызначым структуру, канцэпцыю будучай экспазіцыі: магчыма, гэта будзе жывапіс ці дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Узамен, да прыкладу, пакажам творы Івана Хруцкага альбо беларускую ікону.

- А чаму б не прадставіць з нашай калекцыі жывапіс тых мастакоў-беларусаў, якія ў ХІХ ст. навучаліся ў Імператарскай Акадэміі мастацтваў?

- Ідэя - вельмі цікавая, мы яе таксама паспрабуем разгледзець. Хачу яшчэ сказаць вось пра што. Чатыры гады таму мы з Эрмітажам пачалі сумесна рыхтаваць да выдання кнігу Мікалая Шчакаціхіна "Літоўскія манеты", рукапіс якой гэты беларускі мастацтвазнаўца яшчэ да вайны, да свайго арышту, перадаў у Эрмітаж. Увесь гэты час ішла праца над рукапісам, яго расшыфроўка. І сёлета мы плануем выдаць яго ў Мінску пад "таварным знакам" Дзяржаўнага Эрмітажа і Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Вось, у некалькіх словах, сутнасць падпісанай мной і Міхаілам Піятроўскім дамовы. Таксама хачу выказаць удзячнасць Рамуальдасу Будрысу, які прыняў нас і, так бы мовіць, "асісціраваў" падпісанне гэтага важнага пагаднення...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"