Па версіі інкогніта

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

Прыватныя калекцыі — у Нацыянальным мастацкім

/i/content/pi/cult/368/7121/2-1.jpg

Пад такой інтрыгуючай назвай 6 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася цудоўная выстаўка прыватных калекцый твораў беларускага жывапісу 2-й паловы ХХ ст. Гэтая першая экспазіцыя такога роду ў дзяржаўным мастацкім музеі - ініцыятыва яго дырэктара Уладзіміра Пракапцова, які вырашыў, што глядач павінен убачыць і тыя цікавыя творы нацыянальнага выяўленчага мастацтва, што доўгія гады былі "схаваны" прыватнымі калекцыянерамі ад шырокай культурнай грамадскасці.

Як распавяла куратар Наталля Сяліцкая, такую назву выстаўка атрымала не выпадкова. Сапраўды, прыватная калекцыя шмат у чым адрозніваецца ад класічных музейных збораў, якія, як правіла, фарміруюцца з пункта гледжання высокай мастацкай каштоўнасці. Гэтую каштоўнасць вызначаюць спецыяльныя экспертныя камісіі і прафесіяналы-музейшчыкі, зыходзячы з адпаведнай патрэбы ўстановы. Калекцыянер жа фарміруе свой збор згодна з уласным густам і, па вялікім рахунку, незалежна ад прафесійнай якасці твора. Часам тут адыгрываюць ролю і прыватныя кантакты з аўтарам карціны або проста "раскручанае" імя мастака.

Дык вось, сённяшняя экспазіцыя жывапісных палотнаў з'яўляецца своеасаблівым адлюстраваннем густу іх уладальнікаў, і, павінен сказаць, гэты густ аказаўся даволі якасным і прафесійным. Праўда, у плане імёнаў творцаў для мяне тут адкрыццяў не было: практычна ўсіх аўтараў я ведаю, з некаторымі, хто ўжо пайшоў з жыцця, блізка сябраваў, з іншымі і сёння сябрую.

Адкрыццём для мяне было толькі адно імя - Улада Пятручыка, як аказалася, студэнта БДАМ і, мяркуючы па яго прадстаўленых натурных эцюдах, хлопца таленавітага.

Усяго ж выстаўлена ў галерэі і ў вестыбюлі музея каля ста палотнаў, многія з якіх маглі б упрыгожыць і пастаянную экспазіцыю. А якія імёны! В.Цвірка, Л.Шчамялёў, А.Кішчанка, М.Сеўрук, П.Масленікаў, І.Карасёў, В.Жоўтак, П.Данэлія, А.Бараноўскі, У.Савіч, С.Каткоў, Б.Аракчэеў, В.Шкаруба, Б.Казакоў, І.Рэй, Марыя і Мікалай Ісаёнкі, У.Зінкевіч... Прызнаюся, я думаў, што некаторыя творы, да прыкладу, карціна Б.Казакова "Партызанская карміцелька", пейзажы В.Цвіркі, А.Кішчанкі, П.Данэліі, І.Рэя ды І.Карасёва ўжо даўно знаходзяцца ў дзяржаўных музеях, але...

Што яшчэ хачу сказаць? Канешне ж, "тэма" прыватных калекцый - вечная, яна існавала ва ўсе часы, ва ўсіх краінах і будзе існаваць, пакуль існуе мастацтва. І наконт гэтага будуць паўставаць дыскусіі ды спрэчкі ў шырокіх колах грамадскасці, асабліва калі гаворка ідзе пра выдатныя творы, "схаваныя" ад чалавечага вока ў нетрах прыватных кватэр. Я, напрыклад, нават не магу назваць імёны тых калекцыянераў, хто сёння прадставіў гэтыя творы на выстаўку. Яны - інкогніта, што зразумела. Але ўсё ж і яны ўнутрана жадаюць, каб штосьці з іхніх "астравоў скарбаў" пабачыў глядач.

І яшчэ. Ноу-хау выстаўкі стане конкурс сярод гледачоў, які праводзяць самі калекцыянеры. На сцэне галерэі будуць прадстаўлены чатыры непадпісаныя карціны тых мастакоў, творы якіх упрыгожваюць сённяшнюю экспазіцыю. Да 9 красавіка наведвальнікі змогуць рабіць здагадкі наконт аўтарства гэтых палотнаў. Яны павінны кідаць запіскі з імёнамі аўтараў і свой кантактны тэлефон. Хто дасць правільны адказ, той атрымае ў падарунак адну з карцін. Калі ж такіх шчасліўцаў выявіцца некалькі, то твор разыграюць між імі па жэрабю.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"