Алімпійскі медаль у… балеце

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

Маладая салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Паліна Русецкая атрымала залаты медаль на Міжнародным конкурсе "Танцавальны Алімп" у Берліне.

/i/content/pi/cult/368/7120/1-3.jpeg

Упершыню наша краіна ўдзельнічала ў гэтым прэстыжным спаборніцтве летась - гэтак жа паспяхова. Пераможцамі тады сталі Кацярына Алейнік і Канстанцін Геронік. Так што цяперашні медаль, можна сказаць, прадоўжыў і замацаваў дасягненні беларускай нацыянальнай харэаграфічнай школы, даказаўшы, што леташні поспех не быў выпадковым.

- Хвалявалася, канешне, - прызналася Паліна. - Вельмі моцнымі (і гэта ўжо стала традыцыяй) былі карэйцы. Яны атрымалі найвышэйшыя балы ва ўсіх узроставых групах, акрамя той, дзе ўдзельнічала я. А пасля конкурсу, калі пераможцам было дадзена права танцаваць у заключным канцэрце разам з прызнанымі майстрамі, я атрымала столькі цудоўных водгукаў, у тым ліку ад членаў журы, што ажно дух заняло!

- Ці не будзе, як сказалі калісьці, "галавакружэння ад поспехаў"?

- Ну што вы! У мяне ўсё яшчэ толькі пачынае "раскручвацца". Не хачу спыняцца на дасягнутым, думаю рыхтавацца і да іншых конкурсаў. Кожнае такое творчае спаборніцтва - крок наперад для артыста, незалежна ад выніку. Ёсць магчымасць павучыцца на прыкладзе іншых, параўнаць з сабой. А ў Берліне, што мяне асабліва прывабіла, былі яшчэ і майстар-класы! Я схадзіла і да Уладзіміра Малахава, і на заняткі па сучасным танцы, якія вяла Жызэла Роха. Усё хочацца паспрабаваць - не толькі класіку, але і мадэрн, якім сёння жыве ўвесь свет.

- У тэатры вы - усяго другі сезон. Танцуеце пераважна ў так званых класічных тройках. З уласна сольных выхадаў - педантычна-жорсткая, няўмольная валадарка Віліс Мірта ў "Жызэлі", якую звычайна аддаюць сталым артысткам, і вясёлая, гарэзліва-хуліганістая вулічная дзяўчынка Ману ў "Баядэрцы"...

- Ману, зразумела, бліжэй - і па ўзросце, і па характары. Але ў сваёй кожнай партыі, нават класічна безназоўнай, я абавязкова намагаюся выявіць нейкі вобраз. Увогуле, столькі ўсяго хочацца станцаваць!

- Такая прага - з маленства? Ці ў балет "мама за ручку прывяла"?

- З чатырох гадоў я займалася мастацкай гімнастыкай, была нават кандыдатам у майстры спорту. Але потым штосьці не заладзілася з трэнерам, і мама прапанавала альтэрнатыву - балет. Я так марыла паступіць! А потым... ажно да 9-га класа атрымлівала па класіцы "тройкі". І толькі Ірына Мікалаеўна Савельева (ёй летась споўнілася 80, калісьці яна рыхтавала Людмілу Бржазоўскую) паверыла ў мяне, раскрыла мае магчымасці. Таму мой медаль - гэта, найперш, і яе перамога.

На здымку:

Паліна Русецкая.