Праекты Пятра Ялфімава

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

16 кастрычніка ў прэс-цэнтры Палаца Рэспублікі прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная маючаму адбыцца 30 кастрычніка ў Палацы Рэспублікі вялікаму канцэрту папулярнага спевака Пятра Ялфімава.

У размове прынялі ўдзел піяніст музычнага калектыву Я.Невярковіч і ўдарнік А.Маўрын, якія выступяць разам з вакалістам.
Канцэрт на галоўнай сцэне Беларусі, паводле меркавання П.Ялфімава, — своеасаблівае падвядзенне вынікаў працы. І таму музычны калектыў вельмі адказна ставіцца да падзеі і сур’ёзна рыхтуецца да канцэрта. Плануецца, што на ім будзе гучаць “жывая” музыка. Канцэртная праграма пабудавана так, кааб слухачу любога ўзросту было цікава, каб музычныя творы краналі душы і сэрцы ўсіх. На канцэрце прагучаць ужо вядомыя, а таксама новыя песні Пятра Ялфімава, рамансы з аднаго з новых альбомаў. Спявак зазначыў, што на яго канцэрты, якія прайшлі па ўсёй Беларусі, на вечар раманса ў Віцебскай філармоніі падчас “Славянскага базару” прыходзіла моладзь і сталыя людзі. Публіка падпявала і кожную песню праводзіла бурнымі апладысментамі.
— Я ўсё гэта вельмі цаню,— прызнаецца спявак. — Мне прыемна такая ўвага, прыемна, што мае песні падабаюцца і маладым, і сталым, і старэйшаму пакаленню. Я разлічваю, што на канцэрт у Палац Рэспублікі завітаюць прадстаўнікі розных пакаленняў. Таксама чакаю сяброў з Масквы — удзельнікаў каманды КВЗ Універсітэта дружбы народаў. Абяцалі прыехаць на канцэрт і члены майго фан-клуба, які дзейнічае ў Растове.
Канцэрт, які пройдзе 30 кастрычніка ў сталічнай вялікай канцэртнай зале, — пэўны экзамен. Жыццё музычнага калектыву распісана па гадзінах, хвілінах: рэпетыцыі, ажыццяўленне новых праектаў, запіс музычных альбомаў, выступленні ў Беларусі і па-за яе межамі, перапіска на старонках сайта Пятра Ялфімава са шматлікімі прыхільнікамі.— Пішуць да нас розныя людзі, розных узростаў,— зазначае Пётр Ялфімаў. — На сайце — не толькі эмоцыі, словы ўдзячнасці: вельмі шмат прыходзіць прапаноў, дасылаюць шмат вершаў. Але ж нельга ўзяцца за ўсё і адразу. І не ўсё таксама можа падысці. Нечаканым для многіх стаўся мой альбом рамансаў: я больш вядомы як выканаўца сучаснай папулярнай музыкі, а тут такі нечаканы ход — спроба выказаць сябе ў класічным накірунку. Па водгуках слухачоў я зразумеў, што людзям падабаюцца рамансы ў маім выкананні.
Спрабую сябе ў розных накірунках. Нядаўна нарадзіўся праект: я выконваю музыку ў стылі “metal”. Трэба зазначыць, што гэта адзін з маіх любімых стыляў. Твор уключаны ў апошні зборнік беларускамоўнай песні. Мае прыхільнікі даслалі на сайт паведамленні, што яны з прыхільнасцю ўспрынялі маю працу і з задавальненнем слухалі маю новую музыку. Зараз удзельнічаю ў новай праграме. “Пітбуль” — так будзе называцца беларускамоўны, а потым і англамоўны праект. У ім я напісаў вершы да кампазіцыі “Маю надзею” сам. Музыку сачыніў А.Вусік. Я імкнуся ствараць такія творы, каб музыка і тэкст супадалі, каб яны краналі душу слухача. У мяне плённыя стасункі з нашым вядомым камапазітарам А.Елісеенкавым. Увогуле імкнуся супрацоўнічаць больш шырока з прафесійнымі беларускімі кампазітарамі і паэтамі.
Галоўныя ўдзельнікі сустрэчы адзначалі, што аўдыторыя слухачоў песень Пятра Ялфімава пашыраецца. Творы ў яго выкананні папулярныя не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, яго песні слухаюць у Сербіі, Грэцыі, Турцыі. На пытанне: ці не жадае спявак паўдзельнічаць у чарговым конкурсе на “Еўрабачанні”, Ялфімаў адказаў, што не ставіць перад сабой такой мэты, бо на дадзеным этапе, на яго думку, гэта не конкурс песні, а больш конкурс шоу.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА