Без дабавак і забавак

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

"Абсалютны сольнік" для Веранікі і цымбалаў

/i/content/pi/cult/368/7118/1-2.jpeg

Здзейснілася! Адбыўся першы ў гісторыі беларускіх цымбалаў "абсалютны сольнік", калі цягам двух аддзяленняў на сцэне заставаўся ўсяго адзін выканаўца - сам-насам з інструментам, трымаючы публіку сваёй энергетыкай і адмыслова складзенай праграмай. "Першапраходцам" стала Вераніка Прадзед - лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, салістка сталічнай філармоніі, аспірантка і выкладчык Акадэміі музыкі.
Хто яшчэ, акрамя, бадай, піяністаў ды арганістаў, можа пахваліцца тым, што, маўляў, замяніў сабой увесь аркестр? Іншыя музыканты, уключаючы нават скрыпачоў, на гэта не адважваюцца. Дый рэпертуару такога не маюць! Пераважна - у суправаджэнні фартэпіяна. У ХІХ стагоддзі, у часы росквіту віртуознага салоннага музіцыравання, падобная практыка была пашырана больш. Але гралі, часцей за ўсё, варыяцыі ды фантазіі на папулярныя мелодыі з опер. І толькі зрэдку ў такія сольнікі ўключаліся цалкам аўтарскія творы, як гэта рабіў Паганіні.

У адрозненне ад славутага віртуоза, чыё імя стала назоўным для азначэння вышэйшай ступені тэхнічнасці, Вераніка не піша творы сама. І прынцыпова не звяртаецца да пералажэнняў, у арыгінале зробленых для іншых інструментаў. Сваёй ігрой яна натхняе кампазітараў на новыя опусы. А піша - дысертацыю, дзе даследуе ўсё, што было створана для яе любімага інструмента. Таму ейныя канцэрты становяцца вынікам навуковых пошукаў, а тыя, у сваю чаргу, непасрэдна выліваюцца з практычнага засваення нотных старонак. Так яна робіць заўсёды. Кожная новая дзвюхгадзінная праграма (а ладзіць Вераніка іх з зайздросным пастаянствам - кожны год) мае адметную канцэпцыю і складаецца не з таго, што "было пад рукой", а цягам беспамылковага мастацкага адбору. Пры гэтым яна не баіцца ўключаць у рэпертуар неапрабаваныя часам кампазіцыі маладых аўтараў, яшчэ студэнтаў. Галоўнае - каб была ў творы свая "разыначка".

Яе цымбалы (а яны невыпадкова маюць імянную "гравіроўку майстра") гучалі і ў незвычайных ансамблевых спалучэннях, і ў класічным фартэпіянным атачэнні, і з рознымі па складзе аркестрамі.

- Наспеў час, - кажа Вераніка, - паказаць іх без усялякіх дадаткаў. Таму і з'явілася цяперашняя праграма "Цымбалы як яны ёсць". Гэты інструмент усё яшчэ, здараецца, выклікае недавер з боку некаторых музыкантаў і слухачоў: ну да чаго прыдатная "дошка са струнамі"? Хацелася даказаць, што цымбалы здольныя на ўсё. Яны годныя таго, каб гучаць на лепшых сцэнах свету і здзіўляць не толькі фальклорнай "экзотыкай", але і вытанчаным каларыстычным багаццем, нечаканымі прыёмамі, недасягальнымі на іншых інструментах. Дзякуючы знакамітай беларускай цымбалістцы Аліне Ткачовай, якая ўжо колькі гадоў жыве і працуе ў Грэцыі, нашымі цымбаламі зацікавіліся і тамтэйшыя кампазітары. Два іхнія творы я таксама ўключыла ў праграму...

Вераніка абышлася без модных апошнім часам элементаў інструментальнага тэатра, калі да музычнай ігры ў той ці іншай ступені дадаецца тэатралізаваная дзея. Але выкананне было настолькі выразнае, што фантазія слухачоў дамалёўвала ўсё астатняе, пакідаючы за галоўную "карцінку" саму музыку. Цымбалістка, бы майстрыха ручных вырабаў, папраўдзе ткала свае "ўзоры": і мудрагеліста-летуценныя, празрыстыя карункі, і шматслойнае льняное палатно, расквечанае рознакаляровым арнаментам - то з бліскаўкамі асабістых празарэнняў, то з цьмяна-тумановымі ніткамі сусветных філасофій (тым больш, адзін са сцэнічных строяў выглядаў няўлоўным намёкам на кімано), то з пранізлівымі кроплямі слёз піцыката, калі струны не "лупцаваліся" палачкамі-малаточкамі, а балюча "шчыпаліся" пальцамі...

Цяперашні канцэрт, які Вераніка Прадзед прысвяціла юбілею свайго выкладчыка - народнага артыста краіны, прафесара Яўгена Гладкова, - стаўся, можа, і галоўнай, але толькі адной са шматлікіх творчых падзей гэтай выканаўцы за апошнія некалькі дзён. 6 сакавіка, нагадаем, яна саліравала з аркестрам пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава. Напярэдадні - вярнулася з Фінляндыі, дзе прадстаўляла Беларусь. І так - увесь час...

На здымку: Вераніка Прадзед і яе цымбалы.