Ад юбілею да турнэ

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

6 сакавіка Беларуская дзяржаўная філармонія адкрыла цыкл сумесных праектаў з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі. Распачаў яго наш Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, з якім выступілі лепшыя студэнцкія калектывы і маладыя салісты.

/i/content/pi/cult/368/7117/1-1.jpeg

Так склалася, што ўсе ўдзельнікі гэтага творчага пачынання - сёлетнія юбіляры. Філармоніі спаўняецца 75. Вышэйшай навучальнай установе, першы выпуск якой і даў магчымасць адкрыць канцэртную арганізацыю, - 80. Аркестру - 85, бо ён утварыўся ў свой час яшчэ на базе музычнага тэхнікума.

- Дзейнасць філармоніі, - запэўніў яе мастацкі кіраўнік, прафесар БДАМ, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Юрый Гільдзюк, - немагчыма ўявіць без той таленавітай творчай моладзі, што прыходзіць да нас з Акадэміі музыкі. Яе выпускнікі працуюць ва ўсіх нашых калектывах, многія становяцца салістамі...

- Летась, - узгадаў народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў, які ўзначальвае наш філарманічны сімфанічны аркестр, - я быў так уражаны гала-канцэртам Акадэміі музыкі на вялікай філарманічнай сцэне, што накіраваў рэктару адпаведны ліст з падзякай. І - атрымаў запрашэнне наведаць гэтую навучальную ўстанову...

- Мы прапанавалі маэстра, - паведаміла рэктар БДАМ, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Кацярына Дулава, - папрацаваць з нашымі аркестравымі калектывамі: "Маладой Беларуссю" і "Фанфарамі Беларусі". Тым больш, што ў яго быў такі вопыт: колькі гадоў таму ён узначальваў Маладзёжны аркестр, складзены з лепшых студэнтаў і навучэнцаў з усіх рэгіёнаў краіны. Супрацоўнічаў ён і з Маладзёжным аркестрам краін СНД. А ўжо дадзены цыкл узнік па ініцыятыве Аляксандра Міхайлавіча. Дарэчы, рух творчых маладзёжных калектываў вельмі распаўсюджаны ў Еўропе і ўвогуле ў свеце. На нядаўнім Савеце рэктараў кансерваторый краін СНД было прынята рашэнне арганізаваць турнэ маладзёжных аркестраў, што існуюць на постсавецкай прасторы, і - далучыцца да яшчэ больш шырокага міжнароднага праекта. А ў 2016-м усе аркестры сыдуцца ў Маскве, на 150-годдзі Маскоўскай кансерваторыі імя Чайкоўскага...

80-годдзе Беларускай акадэміі музыкі будзе больш сціплым. Да цяперашняга канцэрта далучацца яшчэ два. Але і без гэтага - выпускнікі БДАМ выступаюць на філарманічнай сцэне ледзь не штовечар. Спрэс - лаўрэаты прэстыжных міжнародных конкурсаў. Вось і сакавіцкі вечар сабраў разам творы трох беларускіх кампазітараў - прафесараў Акадэміі Дзмітрыя Смольскага, Галіны Гарэлавай, Вячаслава Кузняцова. А саліравалі трое зорных выхаванцаў: Вераніка Прадзед, Дзмітрый Касцюшка і Антон Мацвееў.

На здымку: аркестр "Маладая Беларусь" таксама прыняў удзел ва ўрачыстасці.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"