Жылічы: другая і трэцяя чэргі

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

Як паведамляе “К” начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, работы па аднаўленні Жыліцкага палаца ідуць сёння поўным ходам. Асвоена ўжо каля дзесяці мільярдаў рублёў.

Спачатку грошы выдаткоўваліся з Рэспубліканскага інвестыцыйнага фонду і абласнога бюджэту, а з бягучага года работы на гістарычным аб'екце аграгарадка "Жылічы" фінансуюцца па лініі Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі".

Нагадаем, з верасня, дзякуючы планавай рэканструкцыі першай чаргі, школа мастацтваў, што месціцца ў палацы, займела годныя класы для заняткаў інструментальнай народнай і класічнай музыкай. З'явілася харавое аддзяленне, а харэаграфічнае запрацуе з новага навучальнага года. Дарэчы, у палацавых сценах дзейнічае і музейная ўстанова. Так што з цягам часу Жылічы папоўняць спіс рэспубліканскіх гісторыка-культурных аб'ектаў, якія маюць, так бы мовіць, павышаную прывабнасць для турыстаў...

Па другой чарзе рэстаўрацыйна-ўзнаўленчых работ, зазначае начальнік аддзела культуры Кіраўскага райвыканкама Тамара Галубоўская, гэтымі днямі праводзіцца экспертыза. А на трэцяй палацавай чарзе, дзе праз час размесцяцца музейныя фонды і карцінная галерэя, актыўна шчыруюць будаўнікі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"