Танцуем і вучымся

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

Заўтра завяршаецца прыём заявак на ўдзел у Першым Адкрытым фестывалі харэаграфічнага мастацтва “Фэст эстраднага танца”, які пройдзе 18 сакавіка ў Маладзёжным тэатры эстрады.

Фестывалі эстраднага танца для нас быццам бы не навіна. Калісьці канцэртныя праграмы пад такой назвай ладзіў Аляксандр Яфрэмаў - адзін з заснавальнікаў нашай эстраднай харэаграфічнай школы. Пасля яго смерці ў іх правядзенні наступіў перапынак, а тры гады таму фэсты аднавіліся, ладзіліся ажно два разы на год. Але ў падобным разгорнутым фармаце мерапрыемства пройдзе ўпершыню, бо акрамя ўласна канцэртнай праграмы, сёлета запланаваны майстар-клас "Вобразная выразнасць руху", лекцыя-семінар "Базавыя прынцыпы пастаноўкі сцэнічнага харэаграфічнага нумара" і заключны "круглы стол" з абмеркаваннем перспектыў развіцця эстраднай харэаграфіі ў Беларусі.

Акрамя таго, выступленне ўдзельнікаў будзе ацэньваць прафесійнае журы на чале з дацэнтам кафедры харэаграфіі БДУКіМ, балетмайстрам-пастаноўшчыкам творчай майстэрні эстраднага танца Людмілай Яфрэмавай. Журы, у складзе якога будуць не толькі дзеячы харэаграфічнага мастацтва, але і прадстаўнікі радыё і тэлебачання, вылучыць пераможцаў ажно па васьмі намінацыях, дзе вызначацца як лепшыя выканаўцы, так і харэаграфічныя знаходкі, стыльнасць, арыгінальнасць, рэжысура, ступень рэалізацыі ідэй... А вось уладальнік Гран-пры будзе вызначаны глядацкім галасаваннем.

- Спадзяёмся, - кажа адзін з арганізатараў фестывалю, балетмайстар-пастаноўшчык Маладзёжнага тэатра эстрады Віталь Молчан, - што ў будучым такія фестывалі стануць адкрытымі не толькі для беларускіх, але і для замежных удзельнікаў. Пакуль жа ўпершыню на гэтае свята збяруцца не толькі сталічныя калектывы, але і, паводле папярэдніх заявак, з Віцебска, Гродна, Гомеля, Мазыра ды іншых мясцін. Упершыню будзе працаваць і журы, бо для далейшага павышэння прафесіяналізму калектывам патрэбны стымул - не толькі канцэртныя выступленні, але і іх прафесійная ацэнка.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"