Наша школа

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

Першая прэмія — з такім вынікам вярнулася з ІІІ Міжнароднага конкурсу “Premier” у Кіеве студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Людміла Карпук. Яе канцэртмайстар Ірына Баркун была адзначана дыпломам.

/i/content/pi/cult/368/7111/2-1.jpeg- Спяваць на Украіне, - кажа Людміла, - амаль тое ж самае, што ў Італіі: тамтэйшыя вакалісты, здаецца, толькі рот адкрываюць - і бэльканта само так і ліецца... Сапраўды, узровень быў вельмі высокі. І не толькі за кошт украінцаў. Але нашы спевакі заўсёды выйграюць сваёй школай, асабліва тыя, хто, як і я, вучацца ў Людмілы Колас. Мне ёсць з чым параўноўваць, бо я прыйшла ў Акадэмію музыкі ўжо "дарослай", пасля Брэсцкага музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы, некалькіх гадоў працы ў абласной філармоніі і лаўрэацтва на конкурсе Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі "Магутны Божа" ў Магілёве, што і стала штуршком прадоўжыць адукацыю. Людміла Якаўлеўна, за плячыма якой бліскучая оперная кар'ера, - педагог па пакліканні. Яна выпрацавала сваю ўласную методыку, сваю "тэхналогію" вакалу, заснаваную на лепшых сусветных здабытках і ўласных знаходках. Шмат дала мне і оперная студыя, дзе, сярод іншых партый, я спявала Сюзанну ў моцартаўскім "Вяселлі Фігара".

- Штосьці з гэтага паказвалі і ў Кіеве?

- Не, туды я рыхтавала іншую праграму: Канстанцыю з "Выкрадання з сераля" Моцарта, Людмілу з "Руслана..." Глінкі, раманс іспанскага кампазітара ХХ стагоддзя Хаакіна Ніна і беларускую народную песню "Цераз рэчаньку". Удзельнікаў было так шмат, што арганізатары ўвялі даволі цвёрдае абмежаванне па часе: не больш як дзесяць хвілін - першы тур і не больш за дванаццаць - другі, куды прайшла толькі палова ўдзельнікаў. На рэпетыцыю ў зале - увогуле ўсяго дзве хвіліны: толькі паспрабаваць акустыку. І без перапынку паміж турамі: увечары завяршыўся першы - зранку пачаўся другі. А паказаць сябе трэба як мага больш разнастайна! Вось дзе спатрэбілася мне ўсё тое, чаму вучылі.

- Ці паспелі нешта ўбачыць, акрамя конкурсных выступленняў?

- Уразіла, вядома, архітэктура тамтэйшага опернага тэатра. І тое, што іх оперная студыя мае асобны будынак - практычна другі Оперны - непадалёк ад першага...

На здымку: Людміла Карпук

з партнёрамі па "Вяселлі Фігара".