Праграма Песняроў

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

Класікі ў юбілейным кантэксце

Сотні мерапрыемстваў у розных кутках Беларусі сёлета адбудуцца ў рамках святкавання 130-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пасяджэнне Рэспублiканскага арганiзацыйнага камiтэта па правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных юбілеям класікаў беларускай літаратуры, пад старшынствам намесніка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоля Тозіка адбылося днямі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.
Як паведаміў намеснік міністра культуры нашай краіны Тадэуш Стружэцкі, найбольш знакавыя і маштабныя мерапрыемствы ў гонар 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа будуць арганізаваны на іх малой радзіме - на Маладзечаншчыне і Стаўбцоўшчыне пры падтрымцы мясцовых улад. У святкаванні знамянальных дат прымуць удзел беларускія пісьменнікі, паэты, творчыя калектывы, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Сярод надзвычай цікавых мерапрыемстваў можна адзначыць рэспубліканскую выстаўку кніг нашых Песняроў, што пройдзе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Акрамя таго, вядзецца праца над стварэннем тэматычных літаратурна-мастацкіх і дакументальна-публіцыстычных праграм, прысвечаных жыццю і творчасці народных паэтаў Беларусі. Гэтай жа тэме ў верасні будзе прысвечана рэспубліканская мастацкая выстаўка, чарговы, дванаццаты па ліку, Нацыянальны фестываль песні і паэзіі "Маладзечна-2012", а таксама абласны злёт маладых паэтаў Міншчыны "Слова Купалы да творчасцi клiча".

Варта адзначыць, што, пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, за мяжой будуць арганізаваны перасоўныя выстаўкі, зладжаны тэматычныя літаратурна-мастацкія вечары з удзелам беларускай дыяспары. Плануецца таксама правядзенне гастролей Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў Латвіі і Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Літве.

Да прыкладу, па словах Тадэуша Стружэцкага, 1 сакавіка ў Варшаве адкрылася выстаўка, прысвечаная родным мясцінам Якуба Коласа, з выкарыстаннем матэрыялаў з фондаў Літаратурна-мемарыяльнага музея класіка. Акрамя таго, ужо праводзяцца выставачныя праекты ў некалькіх гарадах Арменіі.

Пасля завяршэння пасяджэння Рэспублiканскага арганiзацыйнага камiтэта па правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных юбілеям класікаў беларускай літаратуры, Анатоль Тозік адказаў на некалькі пытанняў карэспандэнта "К".

- Анатоль Афанасьевіч, найперш хочацца пацікавіцца Вашым бачаннем шырокага святкавання юбілеяў нашых класікаў. Наколькі грунтоўна была распрацавана праграма ўрачыстасцей?

- Я вельмі задаволены пасяджэннем і вынікамі працы аргкамітэта. Бачна, што даволі шмат разнастайных мерапрыемстваў у рамках святкавання юбілеяў нашых класікаў ужо прайшло на вельмі высокім узроўні. Але самае галоўнае - не менш цікавыя вечары, выстаўкі, урачыстасці нас чакаюць наперадзе. Міністэрствы культуры і адукацыі, літаратурныя музеі Янкі Купалы і Якуба Коласа прадставілі надзвычай цікавыя і разгорнутыя планы. Відавочна, што і кіраўнікі гэтых ведамстваў ды ўстаноў культуры і іх супрацоўнікі паставіліся да правядзення святкавання надзвычай адказна і - самае галоўнае - з душою...

Упэўнены, падрыхтоўка і святкаванне юбілеяў нашых класікаў пройдуць годна. Дарэчы, што немалаважна, будучыя мерапрыемствы не патрабуюць нейкіх дадатковых фінансавых укладанняў.

- Якое месца, на Вашу думку, займаюць юбілеі Купалы і Коласа ў грамадскай прасторы?

- Думаю, са мной пагодзяцца многія, калі скажу, што імёны Янкі Купалы і Якуба Коласа - гэта сімвалы нашай нацыі, беларускай літаратуры. Як увогуле без гэтых пісьменнікаў можна ўявіць айчынную культуру? Гэта тыя з'явы, што, нароўні з іншымі, з насельніцтва фарміруюць народ, нацыю. Больш за тое: выклікаюць гонар за сваю краіну, за прыналежнасць да гэтага краю. А таму значэнне юбілеяў нашых класікаў для беларускага народа нельга пераацаніць.
"Па родных мясцінах ..."
Культурны цэнтр Беларусі ў Варшаве днямі ў сваіх сценах адкрыў выстаўку графічных работ беларускага мастака Лазара Рана "Па родных мясцінах Якуба Коласа" з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

К.А.