Панарамаманія

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

З 26 кастрычніка па 10 лістапада сваё майстэрства на мінскіх пляцоўках прадэманструюць тэатральныя калектывы з Германіі, Літвы, Казахстана, Польшчы, Расіі, Украіны, Швецыі, Эстоніі і, натуральна, Беларусі.

 /i/content/pi/cult/133/711/Panaramamanija1.jpg
Адна з асноўных задач
фестывалю — прадставіць сталічным гледачам панараму больш яркіх спектакляў вядучых тэатраў краін блізкага і далёкага замежжа. А таму, адмаўляючыся ад фестывальнага журы, арганізатары робяць стаўку менавіта на тэатральныя ўражанні. За гэты час гледачы ўбачаць 18 спектакляў, для чаго ў Мінск прыедзе каля паўтысячы замежных дзеячаў тэатральнага мастацтва. Сярод самых яркіх з іх — МХТ імя Чэхава з “Апошняй ахвярай” і “Паляваннем на качак”, Студыя тэатральнага Мастацтва Сяргея Жэнавача з “Гульцамі” (Расія), Вільнюскі гарадскі тэатр і яго “Майстар і Маргарыта” (Літва), Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Івана Франка з “Саламіяй” (Украіна), Тэатр імя Вільяма Хажыцы і “Пляж” (Польшча), Эстонскі тэатр драмы і яго “Месяц на вёсцы” (Эстонія) і іншыя. Галоўнай фестывальнай пляцоўкай стане Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, але некаторыя са спектакляў-удзельнікаў будуць дэманстравацца і ў іншых сталічных тэатрах.
У межах фестывалю ажыццявіцца праект “Тэатр On-line”, у рамках якога на суд гледачоў будуць прадстаўлены адразу некалькі тэатральных прэм’ер-імправізацый, створаных міжнароднымі творчымі калектывамі на працягу самога фестывалю.
Акрамя ўласна спектакляў, у праграме “Панарамы” запланаваны шэраг творчых сустрэч і
майстар-класаў з вядучымі дзеячамі тэатральнага мастацтва, сярод якіх — народны
артыст Расіі, мастацкі кіраўнік МХТ імя А.Чэхава Алег Табакоў, намеснік старшыні Канфедэрацыі саюзаў тэатральных дзеячаў СНД, генеральны дырэктар Міжнароднага тэатральнага фестывалю імя А.Чэхава Валерый Шадрын, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Сяргей Жэнавач. Да таго ж, штовечар па заканчэнні спектакляў усіх ахвотных чакаюць “Сустрэчы ў тэатры”, падчас якіх можна будзе выказаць уражанні наконт убачанага, паразважаць на актуальныя “фестывальныя” тэмы.
Застаецца дадаць, што арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарвыканкам, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, і ажыццяўляецца сёлета “Панарама” пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Федэральнага агенцтва па культуры і кінематаграфіі Расійскай Федэрацыі, АНА “Міжнародны культурны цэнтр” (Расія). Генеральным партнёрам фестывалю выступае “Белгазпрамбанк”.

Таццяна КОМАНАВА