Калі пракурор выносіць вердыкт...

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

А ёсць раёны, дзе няма ніводнай ахоўнай дошкі на помніках спадчыны...

/i/content/pi/cult/368/7104/5_1.jpegЛетась, як вядома, паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Генеральнай пракуратурай краіны было падпісана сумеснае пагадненне аб супрацоўніцтве ў пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны. У межах дасягнутай дамоўленасці ва ўсіх рэгіёнах праводзіліся праверкі выканання заканадаўства ў названай сферы, ініцыяваныя Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь. Таксама наладжаны абмен інфармацыяй з мэтай прымаць захады арганізацыйнага і прававога характару для належнага выкарыстання і ўтрымання помнікаў гісторыі. Пра іх вынікі карэспандэнт “К” пагутарыў з пракурорам аддзела па наглядзе за выкананнем прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства Генпракуратуры Віктарам ЛЕЎШАМ.

Дарэчы, тэма прадухілення парушэнняў заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, згодна з Планам асноўных мерапрыемстваў Міністэрства культуры краіны, мае быць абмеркавана на пасяджэнні калегіі Міністэрства.

— Адразу адзначу, што праверкі выканання заканадаўства ў сферы аховы спадчыны, праведзеныя летась, выявілі шэраг разнастайных правапарушэнняў. Напрыклад, у рэгіёнах не ў поўным аб’ёме выконваюцца патрабаванні афармлення на кожную гісторыка-культурную каштоўнасць пашпартоў і ўліковых картак. Скажам, па ўсіх аб’ектах, якія адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасцей, не запоўнены пашпарты. Калі казаць, да прыкладу, пра Віцебшчыну, то ў Шумілінскім раёне — у 33, у Расонскім — у 43, у Чашніцкім — у 14 выпадках... Яшчэ адна праблема: цягам 2011 года былі адзначаны факты, калі без дазволу Міністэрства культуры Беларусі на помніках гісторыі праводзіліся рамонтныя работы. Напрыклад, у Браслаўскім раёне сёлета без адпаведнага дазволу Мінкультуры выконваліся работы па добраўпарадкаванні Браслаўскага гарадзішча…

— І пра той жа Браслаў у гэтым кантэксце “К” узнімала пытанне неайдночы. А якія найбольш распаўсюджаныя парушэнні заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны можна канстатаваць на сёння?

— Па-ранейшаму праблемным з’яўляецца пытанне распрацоўкі праектнай дакументацыі зон аховы на аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны з рэжымамі іх утрымання і выкарыстання. Таксама шмат у якіх рэгіёнах — напрыклад, у Пінску, Быхаўскім раёне Магілёўскай, Гомельскім раёне Гомельскай, Чашніцкім раёне Віцебскай абласцей — улік помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны належным чынам не арганізаваны. Нашымі супрацоўнікамі былі ўстаноўлены шматлікія выпадкі размяшчэння рэкламы на фасадах будынкаў, што маюць стасус гісторыка-культурнай каштоўнасці, без узгаднення з райвыканкамамі і Мінкультуры.

— Нядаўна, на выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, міністр культуры Павел Латушка засяроджваў увагу прысутных на выкананні патрабаванняў заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. У прыватнасці, кіраўнік Міністэрства запатрабаваў устанавіць ахоўныя дошкі на ўсіх аб’ектах спадчыны Беларусі...

— Так, і агучаная праблема — адна з найбольш вострых. Напрыклад, у Лагойскім раёне Мінскай вобласці з 69 аб’ектаў толькі на 9 усталяваны ахоўныя дошкі. У Бярэзінскім раёне ахоўных дошак наогул няма ні на адным з 30 аб’ектаў. У Віцебску яны адсутнічаюць на 99 з 236 аб’ектаў, ва Ушацкім раёне — на 22 з 34 аб’ектаў, у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці — на 38 са 106… Гэты спіс можна доўжыць… Адзначу, што названыя праблемы былі актуальныя таксама і два гады таму, калі Генпракуратура ладзіла праверку выканання заканадаўства ў гэтай сферы. Актуальныя яны, як бачыце, і цяпер.

— А чым можа абярнуцца адсутнасць ахоўнай дошкі на тым або іншым гістарычным будынку?

— У выніку гэта можа перашкодзіць прыцягненню вінаватых да крымінальнай адказнасці. Прывяду толькі адзін прыклад. Свята-Мікалаеўская царква ў гарадскім пасёлку Карма Магілёўскай вобласці.
У 2009-м мясцовыя жыхары паспрабавалі разабраць гэты помнік гісторыі і культуры на цэглу. Неабыякавыя грамадзяне звязаліся з праваахоўнымі органамі, і разбурэнне помніка ўдалося спыніць. Але… Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па гэтым факце было адмоўлена, паколькі следства ўстанавіла, што на будынку архітэктуры не ўсталявана ахоўная дошка. А гэта значыць, што вінаватыя маглі і не ведаць пра статус гэтага аб’екта. У выніку гэтых людзей прыцягнулі да адказнасці толькі за незаконны крадзеж цэглы.

— Як змяняецца сітуацыя, калі пракурор выносіць вердыкт?

— Як вядома, на мясцовым узроўні выканкамамі распрацоўваюцца рэгіянальныя праграмы па ахове спадчыны. Яны хоць і зацвярджаюцца, але нярэдка — толькі фармальна, сродкаў на фінансаванне падобных праграм часта зусім не прадугледжваецца. Таксама не заўсёды адбываецца належны нагляд за помнікамі гісторыка-культурнай спадчыны, прычым у гэтым выпадку вінаваты не толькі мясцовыя райвыканкамы, але і самі ўласнікі дадзеных аб’ектаў. Да прыкладу, колькі гадоў таму ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці ў будынках колішняй сядзібы Барысаўшчына, узведзенай напрыканцы ХІХ — на пачатку ХХ стагоддзя, мясцовая гаспадарка ўтрымлівала… свіней. Па патрабаванні пракуратуры раёна свінаферму там ліквідавалі. Яшчэ прыклад. У Сенненскім раёне Віцебскай вобласці пад пагрозай поўнага разбурэння знаходзіцца Сядзібна-паркавы комплекс “Беліца”. Большасць яго аб’ектаў (рэшткі сядзібнага дома, вытворчыя і гаспадарчыя пабудовы) стаяць напаўразбураныя… Як вядома, мясцовыя органы ўлады маюць права паставіць пытанне аб канфіскацыі падобных аб’ектаў у судовым парадку. Але такіх выпадкаў у краіне пакуль зафіксавана не было. Таму, на нашу думку, ахова гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі патрабуе большай увагі менавіта з боку мясцовых органаў улады.

Пры даследаванні рэшткаў Сядзібна-паркавага комплексу “Пукава” (помнік сярэдзіны XIX стагоддзя) у вёсцы Сунаі Капыльскага раёна Мінскай вобласці было ўстаноўлена, што ўласнікам не выкананы меры па захаванні аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны: будынкі знаходзяцца ў нездавальняючым стане, іх рамонт увогуле не праводзіўся, унутраныя памяшканні поўныя смецця, а ўваход у іх — бесперашкодны. Па выніках праверкі вынесены прадпісанні аб ліквідаванні выяўленых парушэнняў.

У Верхнядзвінскім раёне ў аварыйным, напаўразбураным, стане знаходзіцца сядзібна-паркавы комплекс у вёсцы Вопытная, у дачыненні да якога з 2004 года не падпісана ахоўнае абавязацельства з яго ўласнікам. У гэтым жа раёне ў нездавальняючым стане знаходзіцца былы манастырскі шпіталь у гарадскім пасёлку Асвея, уласнікам якога з’яўляецца каталіцкая абшчына, якая займае толькі невялікую частку будынка. Астатняя ж яго частка пустуе і паступова руйнуецца...

— Цяпер актыўна прасоўваецца ідэя аб тым, што некаторыя старадаўнія сядзібы можна і трэба аддаваць ва ўласнасць прыватным арганізацыям і асобам. Шэраг дадатных прыкладаў у гэтым накірунку ўжо ёсць: будынкі ў Красках Ваўкавыскага, Лінове Пружанскага раёнаў ужо займелі сваіх гаспадароў…

— Так, і гэтую тэндэнцыю варта толькі вітаць. Магу адзначыць і той факт, што мы падтрымліваем прапанову Міністэрства культуры пра тое, каб у некаторых выпадках перадаваць падобныя аб’екты ўласніку нават за адну базавую велічыню. Натуральна, пры ўмове, што новы гаспадар адрамантуе і будзе ўтрымліваць помнік гісторыка-культурнай спадчыны ў належным стане.

У сувязі з гэтым зноў звярну ўвагу на неабходнасць актыўнага ўдзелу мясцовых органаў улады ў справе перадачы падобных аб’ектаў прыватнікам. Бо часта бывае так, што ахвотны набыць тую або іншую старадаўнюю сядзібу знаходзіцца, а вось мясцовае кіраўніцтва не заўсёды гатова да падобных прапаноў. Напрыклад, сядзібу Умястоўскіх у вёсцы Жамыслаўль — Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці — не так даўно хацеў набыць інвестар за 1 мільярд рублёў. Але мясцовы райвыканкам упусціў гэтую магчымасць: здзелка не адбылася менавіта з-за бюракратычнай цяганіны. Калі ж раённыя ўлады спахапіліся, было ўжо позна: інвестар перадумаў набываць сядзібу…

 — Што, на погляд Генпракуратуры, трэба зрабіць, каб парушэнняў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны было менш?

— Кантроль за аховай помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны ажыццяўляе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Але, як вядома, у рэгіёнах кантроль за падобнымі аб’ектамі ўскладзены на супрацоўнікаў устаноў аддзелаў культуры. А яны часта сумяшчаюць пры гэтым абавязкі музейных работнікаў, дырэктараў ЦБС і гэтак далей. Таму, на жаль, іхняя праца ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны часам бывае не надта эфектыўнай. Таму цяпер галоўная задача — праца па стварэнні міжведамаснай Дзяржаўнай інспекцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, якая была б незалежнай ад мясцовых органаў улады. Гэты кантралюючы орган плануецца стварыць пры Міністэрстве культуры. Дзяржінспекцыя займее статус юрыдычнай асобы і свае структурныя падраздзяленні ва ўсіх абласцях нашай краіны.

— Плануецца, што дзяржаўныя інспектары па ахове гісторыка-культурнай спадчыны з’явяцца ў кожным раёне Беларусі…

— І тут адразу ўзнікне пытанне па колькасці тых штатных адзінак, якія будуць працаваць у дадзенай структуры. Дарэчы, пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 мая 2010 года быў зацверджаны распрацаваны Міністэрствам культуры краіны План мерапрыемстваў па забеспячэнні кантролю і нагляду ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Згодна з гэтым дакументам, таксама планавалася стварэнне міжведамаснай інспекцыі па ахове гісторыка-культурай спадчыны ды ўнясенне неабходных змяненняў у дзеючае заканадаўства. На жаль, і гэты план мерапрыемстваў пакуль не выкананы. Спадзяёмся, што Дзяржаўная інспекцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўсё ж такі з’явіцца пры Міністэрстве культуры.

— Што яшчэ прапануецца Генеральнай пракуратурай у справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны?

— Нас вельмі непакоіць той факт, што матэрыяльны стан помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны пры перадачы таму або іншаму ўласніку ніяк не фіксуецца. З гэтай прычыны пасля цяжка ацаніць урон, які наносяць падобным аб’ектам іх уладальнікі, і адпаведна — досыць складана прыцягнуць гэтых асоб да адказнасці, даць абгрунтаваную прававую ацэнку іхнім дзеянням. Таму мы прапанавалі Міністэрству культуры распрацаваць методыку ацэнкі матэрыяльнага стану помнікаў. Упэўнены, гэта дазволіць у пэўнай ступені вырашыць названую праблему.

І апошняе. Думаецца, няблага было б прыкласці больш намаганняў па папулярызацыі помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны. На жаль, і тут пытанняў больш, чым адказаў. Бо яшчэ ў 2006-м было прынята рашэнне аб стварэнні банка даных аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны. Але і да сённяшняга дня работы па яго стварэнні знаходзяцца ў пачатковай стадыі. Гэтую сітуацыю, безумоўна, абавязкова трэба выпраўляць. Паводле Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады сродкі на гэтыя мэты прадугледжаны. Таму, спадзяюся, у хуткім часе падобны банк даных з’явіцца, і да яго будуць мець доступ жыхары нашай краіны.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"