“Туфлікамі” зацікавіліся ў Каннах?

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

На РУП “Беларускі відэацэнтр” скончыўся мантаж унікальнага кароткаметражнага фільма “Туфлікі”. Карціну маскоўскага рэжысёра Канстанціна Фама стваралі разам кінематаграфісты Францыі, Чэхіі, Польшчы, Беларусі і Расіі. Плануецца, што гэтая пятнаццаціхвілінная стужка стане першай часткай міжнароднага кінаальманаха, прысвечанага памяці ахвяр халакосту.

/i/content/pi/cult/368/7102/11_2.jpegГісторыя, распаведзеная ў фільме, адбываецца ў 30 — 40-я гады ХХ стагоддзя і апавядае пра лёс пары жаночых туфлікаў. Пачынаецца яна ў вітрыне моднай крамы, дзе прадаецца абутак, а заканчваецца трагедыяй у Асвенцыме... Стужка мае арыгінальнае рэжысёрскае рашэнне: у кадры прысутнічае толькі абутак. У фільме няма дыялогаў: дзея разгортваецца пад спецыяльна напісаную музыку, якую выконвае сімфанічны аркестр. Цягам дзевяці месяцаў над фільмам працавала інтэрнацыянальная каманда з пяці краін агульнай колькасцю звыш 200 чалавек, што ўнікальна для кароткаметражнага праекта. Асобныя эпізоды здымаліся ў Парыжы, Празе, Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам, Брэсцкім музеі чыгуначнай тэхнікі, а таксама ў музеі лагера смерці “Асвенцым”. На тэрыторыі нашай краіны актыўны ўдзел у здымках прымалі “Белвідэацэнтр” і Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”.

Як паведаміў карэспандэнту “К” рэжысёр Канстанцін Фам, “Туфлікі”  — /i/content/pi/cult/368/7102/11_3.jpegпершы ігравы праект, які супрацоўнікі музея “Асвенцым” дазволілі здымаць непасрэдна на тэрыторыі былога лагера смерці, бо канцэпцыя стужкі цалкам адпавядае задачам ушанавання памяці ахвяр Другой сусветнай вайны.

Па словах стваральнікаў карціны, “Туфлікамі” зацікавіліся адборшчыкі Канскага фестывалю, які пройдзе ў сярэдзіне мая.



На здымках: туфлікі з фільма; на здымачнай пляцоўцы.