Што адкрые "закрыты паказ"?

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

Ці знойдзеш душу ў экране ноўтбука?

/i/content/pi/cult/368/7101/11_1.jpegСвет кінамастацтва даўно перастаў падзяляць прафесіі на “жаночыя” і “мужчынскія”. Светапогляд любога чалавека, які адважваецца стаць аўтарам стужкі і прапанаваць гледачу сваё бачанне сюжэта або сітуацыі, залежыць, хутчэй, ад узроўню яго культурнага развіцця, арыгінальнага погляду ды адоранасці, чым ад гендернай прыналежнасці. І, тым не менш, пэўная “жаноцкасць” у стужках гераіні нашага сённяшняга інтэрв’ю прысутнічае. Стужкі Кацярыны МАХАВАЙ заўсёды кранаюць душу сваёй эмацыйнасцю, пэўным іррацыяналізмам, што даступны толькі сапраўднаму мастацтву. Неігравыя карціны гэтага маладога рэжысёра, якая працуе на студыі “Летапіс” толькі некалькі гадоў, у поўнай меры прэтэндуюць на тое, каб называцца мастацкімі — найвялікшы паказчык у свеце дакументальнага кіно. “К” неаднойчы пісала пра фільмы Кацярыны Махавай: карціны “Коліш”, “Давеку” і — апошняя па часе — “Званар” прыцягнулі ўвагу знаўцаў кіно не толькі ў нашай краіне.

— Дакументалістыкай я займаюся ўжо некалькі гадоў, пасля заканчэння навучання на кафедры тэлевізійнай рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, — кажа Кацярына МАХАВА. — Але ігравое кіно вабіць мяне вельмі моцна, увесь час прысутнічае жаданне паставіць нешта ігравое. Таму паралельна з працай над дакументальнымі стужкамі займаюся напісаннем сваіх сцэнарыяў...

— Кацярына, чаму сучасных маладых рэжысёраў хвалюе вясковая тэматыка? Зразумела, што галоўная задача кіналетапісу — захоўваць адыходзячыя імгненні, у тым ліку ўнікальныя культурныя з’явы, але гарадскія рэаліі часам выглядаюць на экране куды больш выігрышна і ярка…

— Любы рэжысёр-дакументаліст скажа, што ў вясковай мясцовасці здымаць лягчэй чыста ў арганізацыйным плане: жыццё там нетаропкае, героі нікуды не спяшаюцца і могуць удзяліць табе куды больш часу. Але мяне прыцягвае не толькі гэта: людзі на вёсцы — вельмі цікавыя, больш разважлівыя, “глыбокія”, калі так можна казаць. Яны з большай павагай ставяцца адно да аднаго і да тых, хто прыязджае іх здымаць. А яшчэ ў іх, асабліва — у старых, хто шмат пабачыў на сваім веку, ёсць нейкае пачуццё асабістага гонару, што не сустрэнеш у жыхара мегаполіса. Жыць у вялікім горадзе і быць абсалютна незалежнай асобай вельмі цяжка: дастаткова праехацца з раніцы ў перапоўненым аўтобусе ці вагоне метро і страціць адчуванне асабістай прасторы, вельмі натуральнай для вяскоўца. Вось гэту псіхалагічную ўнікальнасць, лічу, дакументалісты і шукаюць у вёсцы.

— Прафесія дакументаліста адрозніваецца яшчэ і непрадказальнасцю. Распачынаючы здымкі, вам вельмі цяжка адразу зразумець, якой будзе будучая стужка…

— Так, бо я стараюся здымаць не навукова-папулярнае кіно, а нешта больш-менш набліжанае да мастацкага. Звычайна, рыхтуючы заяўку на фільм, я здагадваюся, што ён будзе адрознівацца ад першапачатковай задумы. Заўсёды хочацца зрабіць нешта большае!

Напрыклад, што да “Званара”, то яго сцэнарый ствараўся мною разам з Аленай Шадзько — спецыялістам па царкоўным звоне. Яна шмат ездзіла па Беларусі, запісвала гукі розных царкоўных званоў. Планавалася зняць чатыры кароткія стужкі пра царкоўны звон ва ўсе сезоны года, але потым вырашылі зрабіць толькі адну, але — больш працяглую. Паступова ідэя аповеду аб царкоўным звоне трансфармавалася ў гісторыю пра канкрэтнага званара і яго сям’ю, што, на мой погляд, значна цікавей за дакументальнае даследаванне традыцыі званарства.

Дарэчы, мая новая стужка, якую, спадзяюся, у хуткім часе атрымаецца запусціць на “Летапісе”, будзе распавядаць ужо пра горад: яе героямі стануць акцёры з тэатра для дзяцей-інвалідаў у Мінску.

— Фільмы Кацярыны Махавай створаны ў рэчышчы традыцыі, што існуе на студыі “Летапіс”. Ты, відавочна, працягваеш лінію, якую вядуць нашы старэйшыя творцы Міхаіл Жданоўскі, Віктар Аслюк, Галіна Адамовіч. Ці пачуваеш сябе менавіта нацыянальным творцам? Што для цябе, наогул, значыць паняцце нацыянальнага?

— Ніколі не задумвалася над такім пытаннем. Стваральнікі кінастужак, у тым ліку дакументалісты, з лёгкасцю лятаюць з кантынента на кантынент, з краіны ў краіну і знаходзяць там сваіх асабістых герояў. Пэўна, нацыянальнае ў рэжысёры — гэта менталітэт, той спецыфічны погляд, які ён кідае на з’явы рэчаіснасці. Да прыкладу, для мяне самым цікавым з’яўляюцца псіхалагічныя асаблівасці ўзаемаадносін паміж людзьмі, тое, як абмежаваны ў нечым чалавек пераадольвае жыццёвыя перашкоды. Ці можна такі напрамак бачання лічыць “нацыянальным”? Не ўпэўнена. Але, мяркую, тое, як мы, беларускія кінематаграфісты, глядзім навокал, адрозніваецца ад погляду іншых, і тым мы ўнікальныя.

Што да традыцый і рэчышча, то не магу сказаць: маўляў, натхняюся выключна стужкамі сваіх калег. Тым больш, адкрыю сакрэт, мы, кінематаграфісты, не заўсёды глядзім чужыя фільмы. Мяне натхняюць, хутчэй, творы замежных аўтараў, прычым не толькі кінематаграфічныя.

— У цябе ёсць у мастацтве нейкі “метраном”, з якім ты звяраеш свае адчуванні?

— Так. Для мяне заўсёды вельмі важны быў класічны жывапіс, асабліва — творы Пітэра Брэйгеля-старэйшага, Вінсэнта Ван Гога. З літаратурай у мяне звязана яшчэ больш: у паэзіі маімі “маякамі” служаць Сяргей Ясенін і Арсеній Таркоўскі, у прозе — Рюноскэ Акутагава і Антон Чэхаў. Але найлепшай крыніцай для творчасці заўсёды з’яўляюцца асабістыя назіранні за жыццём.

— Ты сказала, што глядзіш далёка не ўсе стужкі тваіх калег. Ды і ўбачыць беларускія неігравыя карціны на вялікім экране, да прыкладу, можна толькі ў Клубе дакументальнага кіно, што аднавіў сваю працу ў сталічным кінатэатры “Цэнтральны”, і пад час Мінскага Міжнароднага фестывалю “Лістапад”. Ці верыш ты, што новыя тэхналогіі дастаўкі кантэнту дапамогуць нашай дакументалістыцы пашырыць сваю аўдыторыю?

— Насамрэч, на гэтыя тэхналогіі ўскладаюцца асноўныя спадзяванні. Атрымаць найлепшыя сусветныя дакументальныя стужкі нейкім іншым чынам апрача Інтэрнэта цяпер амаль немагчыма. Я ведаю, што з мінулага лета беларускія дакументальныя карціны можна афіцыйна купляць і спампоўваць праз Сусветнае павуцінне ў любой краіне свету. Гэта вельмі добра, але жывой размовы з гледачом Сеціва і малы экран ноўтбука ніколі не заменяць. Часам вельмі цяжка даведацца аб непасрэднай рэакцыі гледача сваіх стужак, бо ў той жа Клуб дакументальнага кіно ходзяць, у асноўным, людзі спрактыкаваныя, прафесіяналы або знаёмыя саміх стваральнікаў фільмаў.

Аўдыторыю нашага дакументальнага кіно трэба абавязкова пашыраць. Можа, за кошт тэлевізійных паказаў. Зразумела, што асобнага канала неігравога кіно, кшталту такіх, якія дзейнічаюць у некаторых краінах, мы пакуль сабе дазволіць не можам. Але звычайныя паказы асаблівага плёну не прыносяць. Мне здаецца, што выйсцем можа стаць з’яўленне на нашым тэлебачанні асобнай перадачы, кшталту вядомага “Закрытага паказу”, дзе аўдыторыя ў студыі будзе глядзець ды абмяркоўваць стужкі разам з іх стваральнікамі. Дарэчы, я ўдзельнічала ў падобнай перадачы ў прамым тэлеэфіры аднаго з нашых папулярных інтэрнэт-парталаў, і, нягледзячы на хібы, той эфір меў пэўны плён. Спадзяюся, падобныя эксперыменты ў нашай краіне будуць працягвацца.

Што ж да тэхнічнага прагрэсу наогул, то з’яўленне лічбавай тэхнікі значна спрасціла працэс стварэння дакументальнага фільма. Цяпер кожны можа стаць кінематаграфістам і зняць сваю стужку літаральна “на каленцы”, а потым выкласці яе ў Інтэрнэт і знайсці ўдзячнага гледача. Але галоўныя складанасці ў кіно хаваюцца не ва ўзроўні тэхнічнага забеспячэння, а ў душы чалавека, які здымае. Працаваць у кіно трэба з адкрытым сэрцам, а часам гэта вельмі складана...

На здымку: Кацярына Махава (справа) з удзельнікамі здымачнай групы "Званара".