Камень — фрагмент гранітнай вымасткі трамвайнай лініі, што трапіла пад атамны выбух у Хірасіме. Ён — сведка знішчэння соцень тысяч жыццяў. Рэльеф з выявай Багіні Міру, якая моліцца за ўсіх людзей свету, выкананы ў традыцыях іканаграфіі будыйскага мастацтва. У ніжняй частцы — металічныя шыльды са зваротам Асацыяцыі на японскай і беларускай мовах. У ім ёсць і такія словы: “Мы жадаем падарыць гэтыя пліты людзям свету з надзеяй, што ўсё чалавецтва будзе падзяляць наша жаданне бачыць свет без вайны”. Сімвалічна, што дар Японіі размясціўся побач з помнікам ахвярам Чарнобыльскай бяды. Кветкі ля мемарыяльнага знака.
Перад урачыстым адкрыццём сімвала міру Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Генадзь Нявыглас зазначыў, што гэтая акцыя— рух добрай волі японскага народа. Нам вельмі блізкая трагедыя Хірасімы. Мы таксама супраць войн і знішчэння людзей. Менавіта Беларусь першай пасля развалу Саюза адмовілася ад ядзернай зброі. Зблізіла нашы народы і Чарнобыльская трагедыя, калі 23 працэнты тэрыторыі рэспублікі былі забруджаны радыенуклідамі, а 430 вёсак і пасёлкаў зніклі з карты рэспублікі. За гэты час ажыццёўлена тры дзяржпраграмы па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Японія першай з краін свету пачала дапамагаць Беларусі пазбавіцца ад Чарнобыльскай навалы. І гэта не толькі гуманітарная, але і навуковая падтрымка. Многія нашы медыкі стажыруюцца менавіта ў Японіі.
Старшыня Асацыяцыі “Камень міру Хірасімы” Мічыа Умямота выказаў удзячнасць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку за міралюбную палітыку нашай краіны.Адкрылі сімвалічны знак Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Генадзь Нявыглас, старшыня Асацыяцыі “Камень міру Хірасімы” Мічыа Умямота і Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт.
Ва ўрачыстасцях таксама прынялі ўдзел намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення, начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка, прадстаўнікі грамадскасці Японіі і Беларусі.
Андрэй СТАРЖЫНСКІ
Фота Юрыя ІВАНОВА