Франкафонія і 100 х фота

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

Гісторыя фатаграфіі, якой ужо больш за 150 гадоў, паводле адной з версій, пачалася ў Парыжы. І 5 сакавіка, у рамках Дзён франкафоніі, у Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску распачала сваю работу выстаўка “100хФранцыя — французская фатаграфія ад вытокаў да нашых дзён”.

У экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага прадстаўлена сто работ сотні розных аўтараў — ад піянераў фатаграфіі да сучасных творцаў.

Гэтая, па сутнасці, хранікальная выстаўка дэманструе, як змянялася Францыя і якія змены разам з ёй зведала фатаграфія. Галоўная мэта экспазіцыі — паказаць развіццё фатаграфіі з розных бакоў: развіццё тэхнікі і тэхналогіі, тэматыку, класіфікацыю фатаграфіі на “мастацкую”, “журналісцкую”, “гуманістычную” і г. д.

Творы, якія ўбачаць наведвальнікі выстаўкі, былі прадстаўлены такімі знакамітымі ўстановамі, як Нацыянальная бібліятэка Францыі, музей Д’Орсэ, Цэнтр Пампіду, а таксама самімі фатографамі і іх правапераемнікамі. Сярод аўтараў будуць прысутнічаць як сусветна прызнаныя творцы — Нісефор Н’епс, Гюстаў Ле Грэй, Эжэн Кувелье, Фелікс Надар, браты Бісон ды іншыя, — так і малавядомыя. Прэзентуюцца нават ананімныя работы.

Дарэчы, кожны са здымкаў суправаджаецца невялікім інфармацыйным тэкстам, што распавядае пра аўтара ды Францыю.

 У Мінску выстаўка працуе да 25 сакавіка, адкуль адразу пераедзе ў Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, дзе будзе экспанавацца з 27 сакавіка па 29 красавіка.

Ф.А.