У экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага прадстаўлена сто работ сотні розных аўтараў — ад піянераў фатаграфіі да сучасных творцаў.
Гэтая, па сутнасці, хранікальная выстаўка дэманструе, як змянялася Францыя і якія змены разам з ёй зведала фатаграфія. Галоўная мэта экспазіцыі — паказаць развіццё фатаграфіі з розных бакоў: развіццё тэхнікі і тэхналогіі, тэматыку, класіфікацыю фатаграфіі на “мастацкую”, “журналісцкую”, “гуманістычную” і г. д.
Творы, якія ўбачаць наведвальнікі выстаўкі, былі прадстаўлены такімі знакамітымі ўстановамі, як Нацыянальная бібліятэка Францыі, музей Д’Орсэ, Цэнтр Пампіду, а таксама самімі фатографамі і іх правапераемнікамі. Сярод аўтараў будуць прысутнічаць як сусветна прызнаныя творцы — Нісефор Н’епс, Гюстаў Ле Грэй, Эжэн Кувелье, Фелікс Надар, браты Бісон ды іншыя, — так і малавядомыя. Прэзентуюцца нават ананімныя работы.
Дарэчы, кожны са здымкаў суправаджаецца невялікім інфармацыйным тэкстам, што распавядае пра аўтара ды Францыю.
У Мінску выстаўка працуе да 25 сакавіка, адкуль адразу пераедзе ў Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, дзе будзе экспанавацца з 27 сакавіка па 29 красавіка.
Ф.А.