“Жывы кровазварот” па класе эталонаў

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

Уладзімір ПЕРЛІН: “Галоўная форма — прафесія”

/i/content/pi/cult/368/7098/10_1.jpegІмя знанага музыканта і педагога Уладзіміра Перліна добра вядомае не толькі ў нашай краіне. Заслужаны артыст Беларусі, колькі гадоў таму ён стаў уладальнікам французскага ордэна “Акадэмічныя пальмы” — за тое, што “з’яўляецца непераўзыдзеным эталонам не толькі ў тэхніцы і мастацтве ігры на віяланчэлі, але і дзякуючы педагагічным талентам”. Плён яго працы — імклівае развіццё віяланчэльнай выканальніцкай школы: у нас і, шырэй, у Еўропе, дзе таксама цяпер працуюць яго выхаванцы, услаўляючы музычныя дасягненні Беларусі як высокакультурнай еўрапейскай краіны. Яшчэ адна “залацінка”, здабытая юбілярам, — утвораны ім Канцэртны аркестр Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, якім ён кіруе больш за 20 гадоў. Гэта яшчэ адзін брэнд нашай краіны, вядомы шмат дзе ў свеце. Выканальніцкі ўзровень аркестра — нярэдка недасяжны нават для найлепшых прафесійных калектываў. Таму не дзіва, што 70-годдзе такога майстра, пры жыцці авеянага легендамі, сталася падзеяй міжнароднага маштабу.

Дзе вы такое бачылі, каб на юбілей беларускага акадэмічнага музыканта з’язджаліся сусветныя зоркі і нават самі вялі вечар у яго гонар! А менавіта так было ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Канцэрт вёў Жэром Перно (Францыя), распавядаючы (вядома, з перакладам) пра маэстра і яго выхаванцаў. Не забыўся госць і на сваю віяланчэль, часам замяняючы яе раялем. У гонар юбіляра гралі і яго французскія калегі, і вучні класа Перліна — колішнія і цяперашнія. Сур’ёзныя творы змяняліся імправізацыямі і жартамі, фіналам жа стала мелодыя “Happy birthday”, праспяваная і сыграная ўсім ансамблем удзельнікаў. Ужо па адных гэтых дэталях можна было зразумець: такія музычныя віншаванні, што ідуць ад сэрца, адрасуюцца самым блізкім і дарагім людзям. Але… Як жа тады байкі-легенды — “поўныя жахаў” — пра навучанне ў класе Перліна? Можа, сам пакой, дзе праходзяць заняткі, нейкі “зачараваны”?

Так яно і ёсць. Кожны, хто хаця б аднойчы пабываў у праславутым класе № 56 (а ён месціцца адасоблена ад астатніх, літаральна на лесвічным пралёце), адразу адчуў гэта на сабе. І ніякія рамонты будынка, блуканні навучэнцаў па горадзе з віяланчэлямі “пад пахай” не могуць перашкодзіць той асаблівай аўры, якая, насамрэч, зыходзіць не ад “зачараванага месца”, а ад самога гаспадара. Побач з Уладзімірам Паўлавічам адразу ўтвараецца сапраўдная касмічная “чорная дзірка”, дзе, паводле тэорыі адноснасці Эйнштэйна, адбываюцца самыя неверагодныя змяненні часу і прасторы. Заходзіш туды “на хвілінку”, а атрымліваецца — на ўвесь дзень. Перлін, дарэчы, лічыць гэта за норму, не стамляючыся даводзіць сваім выхаванцам, што калі яны ідуць на ўрок па спецыяльнасці, гэтаму павінен быць прысвечаны — акурат увесь дзень.

І ўвогуле, ці ж гэта звыклы школьны клас? Хутчэй, хатні кабінет прафесара. Не проста раяль ды голыя сцены, а мора… ды не, цэлы акіян нот, кніг, альбомаў, касет, кампакт-дыскаў з аўдыя-, відэазапісамі. Адпаведна, відэамагнітафон, тэлевізар. Гарачая кава, гарбата. Але ўяўленне, што тут можна ўтульна ўладкавацца на канапе ды адпачываць, — памылковае. Выкарыстаныя мной словы “мора” і “акіян” зусім не выпадковыя: яны — той асацыятыўны ланцужок, што вядзе да слова “слёзы”. Іх тут ліецца — нямерана…


— Уладзімір Паўлавіч, гэта ваша крэда: навучанне павінна быць складаным, заснаваным на пераадоленні перашкод? Вы наўмысна прывучаеце сваіх выхаванцаў да цяжкасцей?

— Хто вам такое сказаў? Планку стаўлю — высокую. Бо вучу прафесіі. І гэта сапраўды складана. А наўмысна перашкод не чыню.

— Ды я ж сама бачу, як вы над адной нотай можаце прасядзець колькі гадзін запар. Якое дзіця гэта вытрымае? А тыя слёзы! Самі кажаце: маўляў, вось той вучань выплакаў столькі вёдраў, яго маці — яшчэ больш. Нішто сабе “задачка па матэматыцы”!

— Слёзы — гэта іншае. Гэта не цяжкасці. А тыя “вёдры слёз”… Хто калі бачыў, колькі іх выплакаў я? Да кожнага вучня патрэбны індывідуальны падыход. Бывае, не заўсёды адшукаеш яго адразу. Кожны — непаўторная асоба, са сваім характарам, запасам трываласці, са сваім жыццёвым багажом, магчымасцямі, жаданнямі і марамі. Адно ўсведамленне таго, што ад цябе залежыць будучы лёс маленькага чалавека і музыканта, — вялікі цяжар. Але я вучу так, як хацеў бы, каб вучылі мяне. На жаль, у мяне такога не было…

— Кажуць, вы ў дзяцінстве не любілі віяланчэль. І нават выкідалі яе ў акно — з чацвёртага паверха…

— Выкідаў. І шмат чаго рабіў, каб толькі не граць на ёй. Рэзаў сабе пальцы, наўмысна падаў, каб зламаць руку — і не займацца… А канчаткова адчуў смак толькі тады, як трапіў да Аляксандра Стагорскага (яго сапраўднае прозвішча — Пяцігорскі).

— Вы вучыліся ў яго ў кансерваторыі — нашай, беларускай. Прытым, што вас запрашалі ў Амерыку — вучыцца ў яго знакамітага брата Рыгора Пяцігорскага…

— Той нават дамовіўся з Фурцавай і Хрушчовым, але я застаўся.

— Любоў да радзімы? Любімы выкладчык? Каханая дзяўчына?

— Усё разам. Калі б паехаў, гэта было б іншае жыццё. Можа, не маё. Я быў закаханы, адразу ажаніўся, ад заняткаў у Стагорскага ў мяне крылы раслі… Цудоўны час! Але колькі яго было згублена ў дзяцінстве… Вы маеце рацыю: мы з вучнямі сядзім і над гамай, і над дзвюма нотамі, і, бывае, над адной. На пачатковых этапах гэта неабходна. Вядома, цяжка адразу дасягнуць неабходнага выніку — таго эталоннага гучання, да якога і трэба імкнуцца. Але, лічу, толькі так — праз імкненне да ідэалу і адчуванне яго (вось, нарэшце, атрымалася штосьці падобнае!) — можна навучыцца прафесіі. Я вучу, каб умелі працаваць самастойна, каб ставіліся да заняткаў прадуктыўна, асэнсавана, а не проста “ганялі” твор туды-сюды…

Слухаю Уладзіміра Паўлавіча — і ўзгадваю расказаны мне выпадак пра тое, як адзін з ягоных найбольш адораных вучняў атрымаў па сальфеджыа нават не двойку, а… кол. Акурат за тое, чаму яго Перлін навучыў. У класе віяланчэлі яны папраўдзе да бясконцасці паўтаралі спачатку адну ноту, потым — другую, затым — усю фразу: каб тая “заспявала”, “загаварыла”, каб у ёй з’явілася выразнасць, а значыць — сэнс. Кемлівы вучань вырашыў перанесці тую ж методыку ў клас сальфеджыа, дзе галоўнае — спяваць чыста. І ў звыклае практыкаванне, абсалютна не цікавае з мастацкага боку, унёс тую ж выразнасць, ды яшчэ і падкрэсленую. Гэта сталася такім кантрастам да традыцыйнага сальфеджыравання, што настаўніца падумала: хлопец здзекуецца…

— Дзяцінства — самы плённы час для заняткаў. Калі на гэтым узроўні закласці эталон выразнасці і прыгажосці, ён застанецца на ўсё жыццё. І надалей будзе дасягацца ўжо быццам сам па сабе. Калі я з’язджаю — і з аркестрам на гастролі, і на майстар-класы ў замежжа, — яны працягваюць займацца самі. Працэс не перапыняецца! І гэта — галоўнае. Старэйшыя штосьці падказваюць малодшым, бывае і наадварот. Усе мае вучні ведаюць адно аднаго, сябруюць, дапамагаюць — не толькі пад час вучобы, але і ў далейшай творчасці. Шмат залежыць і ад канцэртмайстра. Я вельмі ўдзячны Любові Пятровай, што яна становіцца маім вучням “другой маці” і працягвае з імі тую ж лінію: навучыць займацца самастойна. Таму мой клас — нешта накшталт “вытворчага камбіната”, але — са штучнымі “вырабамі”. У ім ёсць жывы кровазварот — ад пакалення да пакалення. Я гэтым ганаруся. Так што, можна сказаць, я папросту вучу ўвасабляць сваю мару. Часам гэта атрымліваецца…

— А як жа тады аркестр? Сольны музыкант і аркестравы — супрацьлегласці: ад першага патрабуецца непаўторнасць, ад другога — калектывісцкі дух, уменне не рассыпацца на асобныя тэмбры. Іншымі словамі, там — я, тут — мы. Здараецца, педагогі па спецыяльнасці канфліктуюць з тымі выкладчыкамі, хто вядзе студэнцкія аркестры: маўляў, навошта столькі часу марнаваць?

— Зноў-такі, я проста даю магчымасць пайграць у “аркестры мары”. І пераканацца, што граць у класным аркестры — класна! Распаўсюджаная ў нас сістэма навучання скіравана на падрыхтоўку сольных музыкантаў. Але большасць з іх становіцца аркестрантамі. Потым хтосьці пакутуе: вось, вучыўся-вучыўся… Але добры аркестр не можа быць складзены з дрэнных музыкантаў. І патрабуе такой жа самааддачы, як і сольнае выкананне. А вы яшчэ ўлічыце, што кожны год у ім змяняецца склад: адны заканчваюць каледж, іншыя прыходзяць ім на змену. Без адладжанага “кровазвароту” штогод даводзілася б усё пачынаць наноў — з самага пачатку…

“Аркестр мары” аб’ездзіў увесь свет. Сёлетняе свята 8 Сакавіка сустрэў у Катары. Па вяртанні ж калектыў выступіць на юбілейных урачыстасцях Уладзіміра Перліна: 21 сакавіка ў Белдзяржфілармоніі. А вось лаўрэат міжнародных конкурсаў (і, галоўнае, конкурсу імя П.Чайкоўскага) Іван Карызна, які цяпер вучыцца ў Парыжскай вышэйшай нацыянальнай кансерваторыі ў згаданага Жэрома Перно, вітаў свайго настаўніка разам з французскай дэлегацыяй. І, праз дзень, — бліскучым сольным канцэртам з піяністкай Дашай Мароз. Выступленне пацвердзіла: перад намі — майстра, сталы не па гадах.

— Я не баюся канкурэнтаў. І адпускаю сваіх вучняў працягваць навучанне там, дзе яны хочуць, куды іх запрашаюць.

— Бывае, “адпускаеце” і на іншыя інструменты? Нават самі на гэта натхняеце: той жа Гарык Анішчанка з вашай падачы стаў кантрабасістам, хаця пачынаў з віяланчэлі…

— Не проста кантрабасістам — адным з лепшых у свеце. І гэта — галоўнае, а не тое, дзе чые амбіцыі. Дарэчы, ён таксама прыедзе выступіць на маім юбілеі — 21-га.

— Гэтыя святкаванні — папраўдзе падарунак для публікі: сапраўдны “фестываль Перліна”! Прыязджае і Аляксей Кісялёў, які цяпер працягвае вашы педагагічныя традыцыі ў Шатландскай каралеўскай школе мастацтваў у Глазга, і многія іншыя зоркі… Але ж і ад вас падрыхтоўка такіх канцэртаў патрабуе энергіі і часу. Знешне вы — гэткі паніч: рухі — запаволеныя, быццам ніколі нікуды не спяшаецеся…

— А вы бачылі мяне з аркестрам?

— О, гэта зусім іншая карціна! Але ж у побыце…

— Ды куды мне спяшацца? У прафесіі нельга мітусіцца. Тым больш, улічвайце: мне “крыху” больш за пяцьдзясят.

— Гэтага не трэба! І дваццаць, і трыццаць гадоў таму вы былі такі ж. Разгадка — не мітусіцца?

— Я — жаўранак, намагаюся класціся спаць не позна. Праўда, з-за канцэртаў не заўсёды атрымліваецца. Але сплю мала: не больш за пяць-шэсць гадзін. Можа, таму і ўсё паспяваю. І са спортам сябрую: калісьці было і плаванне, і штанга, і нават бокс... А яшчэ канькі, веласіпед — я ж не збіраўся быць музыкантам! Сёння — проста гімнастыка, свой апрабаваны комплекс практыкаванняў, які дапамагае заўсёды быць у форме. Ды ўсё ж галоўная “форма” — прафесія…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"