На мове… веера

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

Бабруйск: музейныя інавацыі

Пры набліжэнні чарговага свята заўсёды ўзнікае жаданне адзначыць яго неяк асабліва — не так, як раней, не так, як іншыя. На дапамогу могуць прыйсці Інтэрнэт або навамоднае святочнае агенцтва. А цяпер можна звярнуцца… у музей.

Да прыкладу, у Бабруйскім краязнаўчым музеі да 200-годдзя Бабруйскай крэпасці і падзей вайны 1812-га былі распрацаваны заняткі "Солдатушки, бравы ребятушки!" і "Ах, гэты бальны свет!", якія адразу ж займелі вялікую папулярнасць. Бабруйскія хлопчыкі сталі прыходзіць на "службу", дзяўчынкі — на баль, але часам жадаюць пабыць і салдатамі.

У музеі можна пазнаёміцца з родамі войскаў і запісацца ў роты тых палкоў, якія размяшчаліся ў 1812-м на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці: пяхотныя, егерскія, артылерыйскія ды іншыя. Юныя "рэкруты" маршыруюць на "пляцы", удзельнічаюць у вайсковых вучэннях, будуюць частакол, наводзяць пераправу цераз раку, дастаўляюць фураж для коней і правіянт для гарнізона крэпасці. Крыху стаміўшыся ад цяжару службы, усе падсілкоўваюцца салдацкім хлебам і трапляюць на баль. На ім вывучаюцца асновы дваранскага этыкету, вучаць "мову веера", "мову кветак"...

Тыя, хто любіць разгадваць таямніцы, наведваюць музейныя анімацыі. Ёсць чым задаволіцца і аматарам народнага побыту. Гэта — фальклорна-анімацыйныя праграмы "Ехала Каляда на белым кані" і "Блаславі, Божа, вясну прыгукаці", відэапрэзентацыя і майстар-клас "Беларуская лялька", тэматычнае мерапрыемства "Тканыя ўзоры — кніга народнай мудрасці" ды іншыя. Яны адаптаваны і для дарослай, і для дзіцячай аўдыторыі.

Іна АЎСЕЙЧЫК, Ларыса ЦІМАШЭНКА, навуковыя супрацоўнікі Бабруйскага краязнаўчага музея