“Сальфеджыа” для менеджара-пачаткоўца

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства. Клічаўшчына: дрэс-код формы і рэзерв ініцыятыўнага зместу

/i/content/pi/cult/368/7092/12_4.jpegНачальнік аддзела культуры Клічаўскага райвыканкама Уладзімір Ваакс яшчэ паўтара года таму кіраваў ДШМ у аграгарадку “Арэхаўка”. Старая любоў не забываецца (а арэхаўскім Заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь “Ансамбль народнай музыкі і песні “Жытніца” Ваакс кіруе з поспехам і па сёння), таму і акцэнт у дадзенага артыкула будзе, так бы мовіць, музычны, але — з абавязковай сацыяльна-эканамічнай поліфаніяй. У раёне ўжо распачалі актывізацыю сацыяльнага партнёрства. Апякунскія саветы створаны ва ўсіх пяці ДШМ. Адна з іх, дарэчы, — незвычайная: Дзмітрыеўская дзіцячая традыцыйнай народнай творчасці школа мастацтваў. Адкуль такая, не надта стандартная, шчыра скажам, спецыялізацыя? Ад жадання мясцовага кіраўніцтва захаваць спецыфіку традыцыйнага мастацтва кожнага паселішча Клічаўшчыны. Так у Дзмітрыеўцы з’явілася першая ластаўка гэтага руху. Школа, дзе кожны занятак заснаваны на засваенні менавіта мясцовага этнафальклорнага матэрыялу, шукае магчымасць перабрацца ў новы будынак. І тут, па словах Уладзіміра Ваакса, будуць выкарыстаны, у тым ліку, і інвестыцыі прыватнага бізнесу. Без дзейснага сацыяльнага партнёрства немагчыма будзе зладзіць у раёне і першы — магчыма, міжнародны — Фестываль традыцыйнай народнай творчасці малых гарадоў (праект, які аналагаў на Беларусі пакуль не мае). Ёсць у Клічаве і гэткі правобраз усеагульнага культурнага штаба (самага нефармальнага!) па каардынацыі ўсіх апякунскіх дзеянняў. Раз на месяц раённая інтэлігенцыя, неабыякавая да лёсу мясцовай культуры, збіраецца ў Клічаўскім краязнаўчым музеі на... салонныя вечары камернай музыкі. Урачысты вячэрні дрэс-код пакрысе стаў негалосным правілам такіх сустрэч, у выніку якіх нараджаюцца цікавыя ідэі, а таксама шукаюцца шляхі іх сумеснай рэалізацыі.

Калі акорд — фальшывы

Галоўная праблема рэгіянальнай культуры звязана на Клічаўшчыне не столькі з рамонтам клубных ды бібліятэчных сцен, колькі з пэўным дэфіцытам праяў творчай ініцыятывы на ўзроўні асобных спецыялістаў сельскіх устаноў. Не, пытанні сістэмнага аднаўлення матэрыяльнай базы з парадку дня цалкам не зняты, і лакальны ход іх эфектыўнага вырашэння я паспрабую адсачыць крыху ніжэй. А цяпер самы час паразважаць пра прэстыж прафесіі. І пачаць дазвольце з... грошай.

Сярэднямесячны заробак у такім мясцовым магутным сельгаспрадпрыемстве, як УКСП саўгас “Добраахвотнік”, складае 900 тысяч рублёў, а па аддзеле культуры, па словах Уладзіміра Ваакса, дасягае ўжо паказчыка ў 1 мільён 350 тысяч. Хтосьці запярэчыць: лепшыя даяркі ва УКСП зарабляюць ледзь не па тры мільёны ў месяц. Але ж і лепшыя выкладчыкі ДШМ і работнікі ЦКС ад іх на сёння не адстаюць. Значыць, ёсць усе падставы для гаворкі пра тое, што росту прэстыжнасці прафесіі культработніка велічыня ягонага заробку ўжо ніяк не замінае. У чым жа тады той прэстыж? У прафесійнай годнасці саміх работнікаў культуры. А годнасць найперш — у ініцыятыўнасці. Няма яе — на вялікую прэмію і разлічваць не выпадае.

Дарэчы, працэс прэміравання ў мясцовым аддзеле культуры — галосны і празрысты. Тым не менш, ёсць і незадаволеныя. Натуральна, грошы трэба адпрацоўваць. Натуральна, іншым разам не хапае для гэтага, шчыра кажучы, элементарнага прафесійнага жадання. Чаму? Адказ цудоўна ведае любы начальнік аддзела культуры. Мала спецыялістаў і кіраўнікоў з вышэйшай адукацыяй. На Клічаўшчыне такіх — 22 з агульнай колькасці ў 169 чалавек. Безумоўна, працуюць і пенсіянеры, і тыя, хто мае толькі сярэднюю неспецыяльную адукацыю. Маладых спецыялістаў — 12. Палова — мясцовыя. 26 — завочнікі ВНУ.

Так, сітуацыя выпраўляецца за кошт павелічэння колькасці завочнікаў і мэтавікаў, але такі працэс падрыхтоўкі кадраў — няхуткі, і той, хто спазніўся з прафарыентацыяй учора, ніякіх шанцаў на сённяшні поспех ужо не мае. Вось такі сумны акорд, які безнадзейна псуе мажорнае гучанне культурнага хору. І з песні яго выкінуць не выпадае. Тым больш, на сённяшні імклівы інфармацыйна-камунікацыйны час брак творчай ініцыятывы — гэта якраз няўменне ці нежаданне бібліятэкара ды клубніка наладзіць менавіта сацыяльнае партнёрства, давесці на справе, і літаральна кожнаму, што твая ўстанова — самая лепшая і дзейсная ў раёне. Але хопіць “хормайстарскіх” тэорый...

“Нясята”: усё як па нотах/i/content/pi/cult/368/7092/12_2.jpeg

Нясяцкі СДК — адзін з лепшых у Клічаўскай цэнтралізаванай клубнай сістэме. Кіраўнік установы Таццяна Барысёнак нядаўна скончыла завочна БДУКіМ, па спецыяльнасці яна — менеджар сацыякультурнай дзейнасці.

— Дык з кім, Таццяна, супрацоўнічаеце ў штодзённай дзейнасці?

— З кіраўніцтвам мясцовай школы, сельсавета, дзіцячага садка, ДШМ, СВК “Калгас “Нясята”, з участковым міліцыянерам. Нас гэтым стасункам вельмі добра вучылі ва ўніверсітэце...

Колькі слоў пра сам СДК. “Нясята” — апошні аграгарадок Клічаўшчыны. І пазалетась раённыя ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб фінансаванне названага аб’екта засталося годным. У выніку СДК займеў самую лепшую ў раёне канцэртную залу (з поспехам выкарыстоўваецца як філарманічная пляцоўка), шыкоўнае электрапіяніна, самую сучасную музычную і светлавую апаратуру, якой і ў РДК пакуль няма…

Вядома, такім матэрыяльным багаццем кіраваць трэба з розумам, і без сапраўды эфектыўнага сацыяльнага партнёрства тут не абысціся. Методыка дзяржаўна-прыватнага партёрства для Нясяцкага СДК распрацоўвалася на ўзроўні раённага метадычнага цэнтра. І калі надалей выкарыстоўваць музычную тэрміналогію, дык “хору” клубных супрацоўнікаў “ставілі голас”. Так, спатрэбіліся Таццяне Барысёнак і тэарэтычныя веды, атрыманыя ў БДУКіМ. Але, адна справа — уяўляць, як складаць і рэалізоўваць аўтарскія праекты, як наладжваць фандрайзінг ды займацца піярам будучых заказчыкаў тэматычных карпаратываў… Іншая ж — займацца ўсім гэтым практычна. Маладой Барысёнак у пэўнай ступені дапамагае дасведчаны мастацкі кіраўнік СДК Тамара Дзятлава. Дарэчы, абедзве з камп’ютарам — “на ты”, таму навучанне не спыняецца ні на дзень: Інтэрнэт — багаты на самы разнастайны творчы крэатыў.

Карацей, усенавуч па наладжванні сацыяльнага партнёрства працягваецца. “Сальфеджыа” для менеджара-пачаткоўца ад культуры наступнае: рэпутацыю для ўстановы неабходна напрацоўваць паступова і карпатліва. Для гэтага ў планах — устаноўка сістэмы відэаназірання на дыскатэках, якія штораз наведвае па 180 юнакоў і дзяўчат. З’явіцца такая сістэма — паменее клопату для ўчастковага дый бацькі за лёс дзяцей не так будуць хвалявацца… Далей. У мясцовай агульнаадукацыйнай школе — без малога сто вучняў, ледзь не кожны — клубны ды бібліятэчны гуртковец. Значыць, іхнія бацькі з культасветнікамі — аднадумцы і патэнцыйныя інвестары творчых праектаў. Яшчэ. Стаўка робіцца і на мясцовую інтэлігенцыю, рабочых СВК: клубныя падвальныя памяшканні плануецца праз час пераабсталяваць пад боўлінг. І тут павінна дапамагчы талака: і мясцовыя прыватныя прадпрымальнікі, і кіраўніцтва ўсіх арганізацый, размешчаных на сельсаветаўскай зямлі.

Сёлетні план па аказанні платных паслуг для СДК — 25 мільёнаў рублёў. План, па словах кіраўніка Дома культуры, цалкам выканальны. Але для гэтага без стомы трэба крэатывіць: і на карпаратывах, і на дыскатэках з канцэртамі… Таму рабочы план як песня складаецца. Толькі не сфальшывіць бы пры выкананні…

Партытура інавацый

А цяпер — адзін прыклад вырашэння праблемы паляпшэння матэрыяльнай базы, заснаваны на партнёрстве мясцовых улад і аддзела культуры. Ініцыятар пераўтварэння будынка колішняй паліклінікі ў новую ДШМ — старшыня Клічаўскага райвыканкама Францішак Вашчыла. Праектна-каштарысная дакументацыя будучай рэканструкцыі коштам у сто мільёнаў рублёў ужо зроблена. Сёння галоўная школа мастацтваў раёна месціцца ў састарэлым будынку, узведзеным яшчэ ў 1950-я. Уладзімір Ваакс плануе праз час размясціць у новай ДШМ не толькі навучальныя класы, але і салон-краму Дома рамёстваў. Цяпер у ДШМ — 223 вучні. Пасля рэканструкцыі, натуральна, колькасць юных прыхільнікаў мастацтваў значна павялічыцца. Хацелася б, каб кіраўніцтва Магілёўшчыны падтрымала фінансава рэалізацыю праекта. Са свайго боку, раённыя інвестары абяцаюць не спаць у шапку. Між тым, у фае новай ДШМ запланаваны вялізны… акварыум — як дзейсны складнік шматграннага працэсу эстэтычнага выхавання. Чым не інавацыя? А стары будынак ДШМ стане інтэрнатам для работнікаў культуры.

Чарговы інавацыйны праект — “ажыўленне” мемарыяльнага комплексу ў вёсцы Усакіна, дзе рэканструяваны партызанскія зямлянкі часу Вялікай Айчыннай вайны. Для таго, каб ажыццявіць тэатралізацыю прарыву народных мсціўцаў праз фашысцкую блакаду, аддзел культуры звярнуўся да творчай моладзі раёна. У тэатралізацыі задзейнічаны цяпер дзясяткі маладых людзей… Дадамо, праект гэты інавацыйны хіба што для Клічаўскага раёна: аналагічныя музеі пад адкрытым небам з платнай анімацыйнай рэканструкцыяй дзейнічаюць на Расоншчыне і Гродзеншчыне. Але хто сказаў, што ў межах рэгіёна нельга выкарыстоўваць міжабласны досвед? Тым больш, для такой дзеі на Клічаўшчыне — самыя спрыяльныя ўмовы.

Пра інавацыі ў вёсцы Дзмітраўка і пра намер зладзіць у раёне першы на Беларусі этнічны фестываль малых гарадоў я ўжо казаў на пачатку артыкула..

Так, цікавых праектаў у перспектыўнай творчай “скарбонцы” клічаўскіх культработнікаў не так і шмат. І збольшага іх аўтарамі з’яўляюцца кіраўнікі раённых структур (да прыкладу, “Этнічны фестываль малых гарадоў” — тэма дыпломнага праекта Уладзіміра Ваакса, які нядаўна скончыў завочнае аддзяленне Смаленскага інстытута мастацтваў). Усё так, ініцыятывы “знізу” яшчэ недастаткова. Але, будзем лічыць, партытура агульнага гучання ўжо створана. А ў харавым сугуччы і салісты павінны праявіцца. Прынамсі, той, хто без песні жыцця не ўяўляе, заўжды шукае індывідуальны выканальніцкі стыль. І, напэўна, толькі тады творчы праект мае права называцца “аўтарскім”.

Галерэя спонсараў ад “К”

/i/content/pi/cult/368/7092/12_1.jpegЛогіка "прафесійнай" публікі

Адна з неадкладных і досыць амбіцыйных задач кіраўніка УКСП “Саўгас “Добраахвотнік” Алега Портніка — прыраўнаваць культуру вёскі Арэхаўка да гарадскіх стандартаў. Таму канцэрты ў мясцовым СДК — лепшыя ў раёне.

За апошні час тут пабывалі Нацыянальны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, Гюнэш, Іскуі Абалян... Выступленні зорак аплачвае з прыбытку “Добраахвотнік”, а раённы аддзел культуры выступае ў ролі прадзюсара.

Колькі гадоў таму я пісаў пра Алега Портніка, пра яго сцвярджэнне, што клопат аб культуры — найпершы абавязак любога сумленнага гаспадарніка. Зыходзячы з гэтага прынцыпу, кіраўнік УКСП і дзейнічае: укладвае грашовыя сродкі ў набыццё музычных інструментаў для ДШМ, прызначае стыпендыі для маладых спецыялістаў, выдаткоўвае работнікам культуры камфортнае жытло, нястомна займаецца добраўпарадкаваннем сельскіх вуліц...

— Алег Пятровіч, вы, як вядома, — не аматар піяру, але адкажыце: чым найперш выклікана ваша жаданне насыціць духоўнасцю вясковае жыццё?

— Я — чалавек гарадскі, але ў Арэхаўцы працую шаснаццаць гадоў. Натуральна, у селяніна — больш клопату: і на рабочым месцы патрэбна выкласціся, і ўласная падсобная гаспадарка вымагае немалога клопату, і немалыя сем’і ледзь не ў кожнага... Таму проста неабходна, каб вясковыя жыхары, найперш — дзеці, не пачувалі сябе адарванымі ад тых культурных выгод, што прапаноўвае сёння горад. Разам з работнікамі СДК, ДШМ складаем рэпертуарны план. У ідэале, хачу, каб увечары для дарослых ставілася адно мерапрыемства, а для дзяцей раніцай ці ўдзень — іншае...

— Логіка тут — зразумелая: “прафесійную” публіку канцэртных і тэатральных залаў варта рыхтаваць з дзяцінства, а культуры вытворчай не дасягнуць без культуры духоўнай. Словам, дбаеце пра якасна новае пакаленне сельскай інтэлігенцыі, якой наканавана працаваць на фермах ды палетках? З якімі праблемамі сутыкаецеся?

— Пэўны час таму на першых канцэртах ці спектаклях абласнога драмтэатра былі ледзь не пустыя залы. Цяпер — спрэс аншлагі. Уваход — бясплатны, але кожнаму выдаецца білет. І калі хтосьці дазваляў сабе знаходзіцца на мерапрыемстве не “ў форме”, дык трапіць сюды зноў яму будзе ўжо праблематычна. Карацей, мы прывучылі людзей і да добрага стаўлення да артыстаў, і да якаснай сцэнічнай дзеі. Нейкага халтурнага гастралёра яны ўжо проста не ўспрымуць. Мы і аўтобус набылі, у тым ліку, для таго, каб ахвотныя маглі наведаць Мінск, Магілёў.

— Мы сёння ўсё часцей кажам пра неабходнасць сацыяльнага партнёрства. Якім яно вам бачыцца ў асобна ўзятай вёсцы?

— Прывяду канкрэтны прыклад. Калісьці прапанаваў выкладчыкам і агульнаадукацыйнай школы, і школы мастацтваў ладзіць у нашай кавярні вечары для дзяцей з запрашэннем цікавых асоб — да прыкладу, мадэльераў, мастакоў ці артыстаў. Справа пайшла, але на сёння спынілся. Я — чалавек, прыхільны да вельмі адміністратыўных метадаваў кіравання, але цудоўна разумею, што ў прасторы, дзе рэй вядзе творчасць, катэгарычнымі загадамі нічога не зробіш. Тым не менш, застаюся пры сваім цвёрдым меркаванні: без саюза работнікаў ДШМ, сярэдняй школы і дзіцячага садка пра ўсебаковае выхаванне падрастаючага пакалення казаць даволі складана. З рахункаў я не скідваў бы і супрацоўніцтва з вясковым духавенствам. У нас з айцом Сергіем, да прыкладу, вельмі шчыльныя кантакты...

— Вы кажаце, аплата любога мерапрыемства, арганізаванага аддзелам культуры, пад сілу любому сумленнаму гаспадарніку. Але чаму яшчэ так мала вашых паслядоўнікаў?

— Не мне судзіць маіх калег. Але справа тут не ў колькасці грошай, што выдаткоўваюцца на культуру (выкарыстоўваем іх для гэтага ні многа, ні мала, а ў меру), а ў тым, падаецца, каб кожны кіраўнік адчуваў пры гэтым адказнасць за тое, што робіцца наўкола.

— Як ставіцеся да таго, што ўстановы культуры абавязаны развіваць пазабюджэтную дзейнасць?

— Вельмі станоўча. Але прафесійны спорт нельга параўноўваць з фізічнай культурай. Грошы тут, натуральна, — не самамэта, а паказчык запатрабаванасці тых або іншых паслуг. А што яны павінны быць сучаснымі, яркімі і запатрабаванымі — неаспрэчна.

— Апякунскія саветы ў сферы раённай культуры…

— ...Патрэбны тады, калі ствараюцца не з дапамогай “адміністратыўных рэсурсаў”. Я ўжо казаў, што фармалізм у культуры — вельмі небяспечны. І такія саветы не павінны стаць бяздоннай “грашовай кішэняй”, іх мэта — каардынацыя дзеянняў і заахвочванне сапраўды адметных ініцыятыў. Капейчыну трэба старанна лічыць, і неабходна дакладна ведаць, што атрымаецца на выхадзе любога праекта... Міхаіл Фінберг пры апошняй сустрэчы прапанаваў наступным разам прыехаць з цэлай серыяй дзённых канцэртаў: аркестранты, разбіўшыся па групах, выступяць у школах, дзіцячым садку, у арганізацыях, а ўвечары адбудзецца агульнае выступленне. Прапанова — вельмі карысная, але трэба падлічыць, у якую суму яна нам абыдзецца...

Алег Портнік — не адзіны спонсар рэгіянальнай культуры. З поспехам шчыруюць на гэтай дзялянцы старшыня СВК “Калгас Радзіма” Васіль Белы, старшыня СВК “Калгас імя Тэльмана” Юрый Зямскоў.

/i/content/pi/cult/368/7092/12_5.jpegЗамест Коды

У аддзеле культуры не пярэчаць: мерапрыемствам іншым разам не хапае рэкламы, у тым ліку і камп’ютарнай. А вуліцам і завулкам райцэнтра ды вёсак — яркіх і падсветленых увечары банераў з абавязковай пазнакай культурных адметнасцей, якія ўстановы прапаноўваюць ахвотным. Урэшце, з такім інфармацыйным забеспячэннем і інвестараў шукаць будзе непараўнальна лягчэй. Дарэчы, менавіта з дапамогай Сеціва Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Ансамбль народнай музыкі і песні “Жытніца” знайшоў сяброў у Расіі, Прыбалтыцы, Аўстрыі, Малдове (кожная з гэтых краін — патэнцыйны ўдзельнік будучага Фестывалю малых гарадоў).

Але галоўнае бачыцца ў іншым. У горада і раёна ёсць памкненне стаць гэткім цэнтрам самабытнага мясцовага мастацтва. Сапраўды, кожнае наша мястэчка проста абавязана стаць заканадаўцам моды на адмысловае стаўленне да ўласнай гісторыі, традыцыйных абрадаў, спрадвечных звычак. І тут, як падаецца, немалаважна не толькі шанаваць сваю мінуўшчыну, але і дбаць пра шляхецкі, так бы мовіць, этыкет, якім і вызначаліся ў Еўропе нашы продкі. А тагачасныя выбітныя асобы, як вядома, жылі збольшага не ў сталіцах, але ж і ў правінцыі шанавалі жывапіс, балет ды класічную музыку… А тым часам у Клічаве аддзел культуры рыхтуе чарговы салонны вечар у мясцовым краязнаўчым музеі. І на запрашальніках, як і заўжды, пазначана: “Наведанне ў вячэрніх строях — вітаецца”. Як тут не згадаць чалавекалюбныя высновы кіраўніка “Добраахвотніка” Алега Портніка: кожны самадастатковы заўжды павінен быць “у форме”. І гаворка пры гэтым збольшага не пра смокінгі і вячэрнія сукенкі, а — пра адпаведнасць добрых слоў-памкненняў і не менш высакародных учынкаў.

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"