Музей (не) адной сенсацыі

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

“Бярэсце” ў вусці Заходняга Буга і Мухаўца

/i/content/pi/cult/368/7090/14_2.jpegЦі не ў кожным беларускім горадзе ёсць музеі сапраўды непаўторныя, якія захоўваюць унікальныя экспанаты. Археалагічны музей “Бярэсце”, які сёлета адзначае сваё 30-годдзе, займае ў гэтым спісе асаблівае месца, з’яўляючыся адзіным у Еўропе музеем сярэднявечнага горада ўсходніх славян.

Без малога тысячу гадоў таму нашы продкі, як сведчаць старажытныя летапісы, заснавалі ў вусці Заходняга Буга і яго прытока Мухаўца паселішча. Месца аказалася вельмі зручным і для абароны ад шматлікіх нападаў з боку ворагаў, і для развіцця промыслаў, і для гандлю. Аднак з-за шэрагу абставін сляды дзяцінца згубіліся на многія стагоддзі. І толькі пачынаючы з 1968 года гарадзішча старажытнага Бярэсця стала патроху раскрываць свае таямніцы, у першую чаргу дзякуючы актыўным даследаванням археолагаў. Варта адзначыць, што раскопкі праводзіў Тураўскі атрад аддзела археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР пад кіраўніцтвам Пятра Лысенкі — у будучым доктара гістарычных навук, прафесара. Раскопкі гарадзішча працягваліся да 1981-га, і за гэты час археолагамі была даследавана плошча больш за 1800 квадратных метраў.

Да слова, у раскопках гарадзішча Бярэсця ў розныя гады, акрамя археолагаў, удзельнічалі і аматары. Брэсцкія школьнікі (за час правядзення археалагічных пошукаў у горадзе ў іх прынялі ўдзел больш за дзве тысячы падлеткаў!) праводзілі на раскопках усе летнія канікулы. Невыпадкова менавіта мясцоваму школьніку Віцю Пятручыку ў 1971 г. неверагодна пашанцавала: расчышчаючы адну з пабудоў старажытнага Бярэсця, ён знайшоў самшытавы грэбень, на якім з двух бакоў былі нанесены 13 літар кірылічным шрыфтам. Гэтая знаходка і да сённяшняга дня лічыцца самым старажытным букваром, выяўленым на тэрыторыі Беларусі.

Але не толькі самшытавы грэбень захавала брэсцкая зямля. Шчыльны культурны пласт горада стагоддзямі захоўваў тое, што ў іншых месцах бясследна знікае: дрэва, скуру, тканіну, метал... Што і казаць, сёння калекцыя музея налічвае звыш 43 тысяч археалагічных знаходак.

Да ліку ўнікальных знаходак археолагаў адносяцца касцяная /i/content/pi/cult/368/7090/14_3.gifфігурка шахматнага караля, дубовае рало XIII ст. для ўзворвання зямлі, лязо для галення, пісала, навошчаная дошчачка для пісьма, бронзавы крыж-энкалпіён, ювелірныя вырабы. Але самае галоўнае — даследчыкамі былі выяўлены больш за 220 драўляных пабудоў ХІ — ХІV стст., тры вулічныя маставыя, частаколы. Многія пабудовы Бярэсця захаваліся на пяць — дзевяць вянцоў, а некаторыя нават і на дванаццаць, што з’яўляецца вялікай рэдкасцю ў славянскай археалогіі.

Дзякуючы навукоўцам Беларускага тэхналагічнага інстытута неацэнныя для гісторыі знаходкі археолагаў прайшлі кансервацыю шляхам павярхоўнага і глыбіннага насычэння водным растворам фенолавых спіртоў з наступнай тэрмаапрацоўкай. Гэты метад быў распрацаваны рэктарам колішняга Беларускага тэхналагічнага інстытута імя Кірава — прафесарам В.Віхравым. Гэта быў першы ў гісторыі ўдалы эксперымент кансервацыі вялікага па плошчы археалагічнага помніка драўлянага дойлідства ў палявых умовах. У ходзе кансервацыі археалагічнай драўніны не змяніліся яе форма, памеры і натуральны колер.

Захаваныя драўляныя будынкі старажытнага Бярэсця далі магчымасць стварыць унікальны музей усходнеславянскага горада, у якім можна ўбачыць сапраўдныя гарадскія будынкі XIII ст. 18 студзеня 1972-га Савет Міністраў БССР прыняў рашэнне аб стварэнні музея “Бярэсце” і будаўніцтве музейнага павільёна. Адкрыццё ж археалагічнага музея “Бярэсце” адбылося 2 сакавіка 1982 г. — як філіяла Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Пабудаваны павільён абрысамі нагадвае старажытнае жытло і адначасова пласты зямлі, якія раскрываюць старажытны горад. У цэнтры музейнага павільёна — раскоп, што займае плошчу ў 1118 квадратных метраў. У ім на глыбіні чатырох метраў знаходзіцца частка рамеснага квартала Бярэсця: 28 драўляных жылых і гаспадарчых пабудоў, 2 вулічныя маставыя, частакол, рэшткі глінабітных печаў.

Створаная ў археалагічным музеі “Бярэсце” экспазіцыя адлюстроўвае забудову ўсходнеславянскага горада і яго матэрыяльную культуру. Сабраны археолагамі гістарычны матэрыял стаў асновай экспазіцыі 14 залаў, размешчаных па абодвух баках археалагічнага раскопу. У экспазіцыі прадстаўлена каля 1200 музейных прадметаў, што раскрываюць паўсядзённае жыццё горада, распавядаюць пра заняткі гараджан, развіццё рамеснай і сельскагаспадарчай вытворчасці.

Сёння гарадзішча мае I катэгорыю гісторыка-культурнай каштоўнасці, да якой адносяць найбольш унікальныя гісторыка-культурныя прадметы, мастацкія, эстэтычныя і дакументальныя вартасці якіх уяўляюць міжнародны інтарэс.

Музей неаднойчы параўноўвалі з машынай часу. На двары — XXI стагоддзе, а паглядзеўшы ў археалагічны раскоп, мы нібыта пераносімся ў XIII-е. У музеі наведвальнікі адчуваюць як бы два вымярэнні: сённяшні, рэальны дзень з яго падзеямі ды жыццёвымі клопатамі і мінулы, у якім час даўно спыніўся, і ўсё, што павінна было адбыцца, адбылося.

Аднак гарадзішча старажытнага Бярэсця толькі часткова прыадкрыла свае таямніцы. Верагодна, што шмат цікавага чакае нас наперадзе. Стала відавочнай неабходнасць працягу археалагічных раскопак, бо пакуль не ўстаноўлены дакладныя памеры гарадзішча, не знойдзены княжацкія палацы, падмуркі абарончай вежы і царквы. Далейшае вывучэнне гарадзішча Бярэсця археолагамі дазволіць зрабіць яшчэ не адно адкрыццё, звязанае з гісторыяй горада і яго жыхароў, якія ў далейшым змаглі б знайсці сваё адлюстраванне ў новай музейнай экспазіцыі.

А сёлета “Бярэсце” ўрачыста сустрэне свайго 3 000 000-га наведвальніка!

Святлана ШЧЭРБА, загадчык філіяла "Археалагічны музей “Бярэсце”
На здымках: археалагічны раскоп — галоўны экспанат музея; грэбень з алфавітам кірыліцы (самшыт) ХІІІ ст.