Дзесяць тузінаў танцаў і вобразаў

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

З фонду, створанага Хворастам

/i/content/pi/cult/368/7089/14_1.jpegСярод яскравага сузор’я дзеячаў беларускага танцавальнага мастацтва пачэснае месца займае таленавіты беларускі танцоўшчык, балетмайстар, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, руплівы збіральнік беларускага харэаграфічнага фальклору Янка Хвораст, 110 гадоў з дня нараджэння якога споўнілася напрыканцы лютага.

Што ў ягонай спадчыне?

У сярэдзіне мінулага стагоддзя імя гэтага чалавека было шырока вядомае ў краіне і за яе межамі. Менавіта Янка Хвораст разам з Рыгорам Шырмам стаяў ля вытокаў беларускага ансамбля песні і танца, якому прысвяціў шмат гадоў самаадданай працы і як саліст танцавальнай групы, і як яе балетмайстар. За час творчай дзейнасці Янка Хвораст падрыхтаваў і паставіў звыш 120 разнапланавых танцаў, танцавальных мініяцюр, кампазіцый, стварыў запамінальныя вобразы, што ўвайшлі ў скарбніцу беларускага танцавальнага мастацтва.

Пасля сябе Янка Хвораст пакінуў не толькі ўвасобленыя на фотаздымках сцэнічныя вобразы, але і каштоўную спадчыну ў выглядзе шматлікіх, скрупулезна зробленых пад час вандровак па вёсках запісаў народных танцаў, у якіх былі адлюстраваны, па-майстэрску выпісаны з дапамогай умоўных абазначэнняў, схем, кожная пазіцыя, кожны рух выканаўцы.

А напрыканцы 1920-х — на пачатку 1930-х гадоў Янка Хвораст вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, на філалагічным факультэце Універсітэта імя Стэфана Баторыя, стварыў там танцавальныя гурткі, прыватна наведваў харэаграфічныя заняткі ў адной з балетных школ.

Кар'ера пачалася поруч з Шырмам

Прафесійная танцавальная кар’ера Янкі Хвораста распачалася ў 1940 годзе, калі яго запрасілі на пасаду саліста і балетмайстра танцавальнай групы, арганізаванага ў Беластоку Беларускага ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы. Беластоцкі перыяд быў адным з самых яркіх у жыцці і творчасці артыста. Менавіта там па-сапраўднаму праявіўся яго прыродны дар танцоўшчыка, майстэрства пастаноўшчыка і талент педагога.

Дзейнасць Хвораста ў Беларускім дзяржаўным ансамблі песні і танца працягвалася больш за дзесяць гадоў, пакуль у 1951-м, у сувязі з рэарганізацыяй, танцавальная група не спыніла сваё існаванне. За перыяд працы ў калектыве Хворастам было распрацавана і пастаўлена звыш 60-і танцаў, дуэтаў, кампазіцый. Пасля, з 1953-га па 1960-ы, Янка Хвораст як саліст балета Беларускай дзяржаўнай філармоніі шмат гастраляваў разам з эстрадным ансамблем па гарадах СССР.

Другая "Маладосць"

Пасля заканчэння сцэнічнай кар’еры Хвораст сканцэнтраваўся на педагагічнай дзейнасці. Працуючы выкладчыкам у Мінскім харэаграфічным вучылішчы, маючы вялікі педагагічны вопыт і валодаючы высокім майстэрствам выканаўцы, Хвораст з радасцю дзяліўся сваімі набыткамі з маладымі талентамі. Дзякуючы яму набылі папулярнасць такія танцавальныя калектывы, як смаргонскі імя М.Агінскага, “Свіцязь” у Навагрудку, “Маладосць” у Ваўкавыску, дзятлаўскі “Лянок”.

Яшчэ пры жыцці Хвораста ў 1974 і 1977 гадах выйшлі з друку два выданні яго кнігі “Беларускія танцы”, а пасля смерці ў 1991-м — зборнік “Танцы Янкі Хвораста”, якія рэпрэзентавалі толькі невялікую частку танцавальнага матэрыялу, сабранага і пастаўленага гэтым таленавітым чалавекам. У сваю чаргу, вялікая калекцыя запісаў танцаў, сцэнарыяў танцавальных кампазіцый захоўваюцца ў рукапісах і чакаюць сваіх даследчыкаў.

Як даніна памяці Янку Хворасту ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі арганізавана выстаўка, прысвечаная 110-й гадавіне з дня яго нараджэння. Экспазіцыя складаецца з матэрыялаў асабістага архіва Янкі Хвораста, што быў перададзены ў бібліятэку ў 1982-м самім фондаўтваральнікам.

Сярод нашых фондаў — дакументы біяграфічнага характару, творчыя рукапісы, запісы танцаў, фрагменты эпісталярыя, рэдкія цікавыя фатаграфіі, а таксама шматлікія афішы канцэртаў, удзельнікам якіх быў Я.Хвораст. Варта адзначыць, што ўсе экспанаты выстаўкі дэманструюцца ўпершыню.

Марына ЛІС, Таццяна ЖУК, навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі