“Я часта не ведаю пра лёс сваіх карцін…”

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

Бачанне "па Сезану" Вячаслава Руцая

/i/content/pi/cult/368/7088/15_1.jpegВячаслаў Мікалаевіч Руцай нарадзіўся ў Мінску ў 1905 годзе і пражыў тут амаль да 1923-га, да пераезду ў Маскву. А ў першай палове 30-х зноў вярнуўся на радзіму, праўда, у Віцебск, дзе некалькі гадоў выкладаў у мастацкім тэхнікуме (вучылішчы). Тут яго вучнямі былі такія вядомыя потым беларускія мастакі, як Я.Красоўскі, М.Тарасікаў, Г.Бржазоўскі, С.Андруховіч, М.Беляніцкі, К.Касмачоў, У.Сухаверхаў… Яўген Красоўскі, напрыклад, калісьці расказваў мне, што менавіта Руцай навучыў яго па-новаму, свежа, амаль “па Сезану”, бачыць прыроду. Яго асноўны пасыл: “Прырода настолькі багатая матывамі, настроямі, што і на адным невялічкім участку можна працаваць бясконца і знаходзіць увесь час новае і чароўнае для мастака”. У яго быў свой метад, свая сістэма работы. Спачатку ён хутка, на адным дыханні, прамалёўваў усю кампазіцыю акварэллю альбо тэмперай: так ён фіксаваў вастрыню і свежасць першага ўражання. А потым, ужо няспешна, старанна, пільна, прапрацоўваў алеем усё палатно, кавалак за кавалкам, разбіраючы форму, колеравыя і светлавыя адносіны, каб перадаць той стан прыроды, які яго прывабліваў. Той жа метад мастак імкнуўся скарыстоўваць і ў працы над партрэтам, але так здаралася, што лепш у яго атрымліваліся партрэтныя эцюды (асабліва — дзяцей), чым закончаныя, добра выбудаваныя кампазіцыйныя партрэты-вобразы. Затое гэтыя эцюды былі напоўнены такой свежасцю і непасрэднасцю, што міжволі па пластыцы нагадвалі творы яго любімага настаўніка па ВХУТЕМАСе Аляксандра Дрэвіна. Ну, можа, яшчэ — работы іншага бліскучага выкладчыка, Аляксандра Шаўчэнкі.

Пра таленавітага мастака звычайна кажуць, што ён пачынаў маляваць з маленства, і гэта стала яго лёсам. Альбо нешта падобнае. У Руцая лёс склаўся трохі па-іншаму. У юнацтве ў яго былі тры галоўныя захапленні. Першае — музыка: марыў стаць вялікім скрыпачом. Праўда, праз нейкі час заняткі ў музычнай школе кінуў, але са скрыпкай яшчэ доўга не расставаўся. І гэтая любоў да музыкі пакінула след на ўсё яго жыццё, бо дапамагала мастаку знаходзіць своеасаблівую “музычнасць” у жывапісе — у гармоніі каларыту, у пластычнасці форм і ліній, у рытмах кампазіцыі. На другім месцы (а можа, усё ж такі на першым?) было захапленне тэатрам. Як студэнт педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Вячаслаў Мікалаевіч адначасова працаваў у Мінскім гарадскім тэатры (з 1920 г. — Беларускі дзяржаўны тэатр — БДТ-1) акцёрам-статыстам і памочнікам дэкаратара. І ўсё так паспяхова складвалася, што яго ў 1923-м накіравалі ў Маскву — у Беларускую драматычную студыю для навучання акцёрскаму майстэрству. У архіве сям’і мастака захоўваецца невялічкая пажоўклая афіша — 1924 года — студыйнага спектакля “Цар Максімільян” па п’есе А.Рэмізава, дзе Руцай выконваў Аніку-воіна, які перамог гіганцкага рыцара — ворага цара Максімільяна. Тэатр, як і раней музыка, адыграў сваю ролю ў будучым станаўленні мастака-жывапісца: навучыў яго выбудоўваць кампазіцыю, знаходзіць характэрны тыпаж, “завязваць” персанажаў у карціне жывымі мізансцэнамі. Таму Руцай заўсёды ўспамінаў добрым словам сваіх настаўнікаў па тэатральнай студыі: акцёраў МХАТа-II В.Громава, В.Смышляева, Б.Афоніна і асабліва — А.Патоцкага. “Я вельмі многім удзячны Аркадзю Васільевічу Патоцкаму, — казаў мастак. — Гэта ён далучыў мяне да высокай культуры, запэўніў, што маё прызванне — менавіта жывапіс”. (Для даведкі: артыст 2-й студыі МХАТ А.Патоцкі, вучань Станіслаўскага, быў расстраляны ў 1937 годзе.)

Так, сур’ёзная цяга ў Вячаслава да выяўленчага мастацтва прыйшла пазней, хаця і ў юныя гады ён, як і большасць дзяцей, любіў рысаваць і нават нейкі час займаўся ў прыватнай мастацкай студыі Якава Кругера, што тады размяшчалася ў двухпавярховым мураваным будынку кандытара Венгржэцкага на рагу вуліц Захар’еўская і Петрапаўлаўская (цяпер там — дом № 23, па праспекце Незалежнасці, дзе два дзясяткі гадоў таму на гэтым месцы быў наш Саюз мастакоў БССР). Але тыя першыя ўрокі рысавання прайшлі як бы бокам, саступіўшы месца музыцы і тэатру.

І ўсё ж жывапіс у рэшце рэшт перамог: Руцай кінуў тэат/i/content/pi/cult/368/7088/15_2.jpegр і перайшоў у прыватную маскоўскую студыю мастака М.Шапшала, каб трошкі падвучыцца новай прафесіі і паспрабаваць паступіць ва ВХУТЕМАС (Вышэйшыя мастацка-тэхнічныя майстэрні, з 1926 г. — ВХУТЕИН, Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут, які таксама існаваў і ў Ленінградзе). Тая мара здзейснілася ў 1924-м. Гэта былі першыя паслярэвалюцыйныя часы “буры і націску”, калі ў мастацкім асяроддзі краіны яшчэ легальна існавалі самыя розныя кірункі і плыні, самыя розныя погляды на мэты і задачы новага савецкага мастацтва. “Я вучыўся ў некалькіх выкладчыкаў, — успамінаў В.Руцай, — у тым ліку ў Аляксандра Дрэвіна, Ільі Машкова, Аляксандра Шаўчэнкі, Дзмітрыя Кардоўскага. Вядома, нам, студэнтам, цяжка было разбірацца ў іх часам супярэчлівых указаннях і метадах. Бадай, больш за ўсё мне далі заняткі ў майстэрні Дрэвіна”. (Зноў жа, для даведкі: цудоўны жывапісец-авангардыст А.Дрэвін, таксама, як і наш Раман Семашкевіч, быў расстраляны як “вораг народа” ў 1938 годзе на падмаскоўным Бутаўскім палігоне.) У гэтым плане іншым настаўнікам Руцая пашанцавала: былы “бубнавалетчык”, іскрамётны жывапісец-нацюрмартыст Машкоў і цудоўны ілюстратар і сцэнограф Кардоўскі памёрлі ў гады Вялікай Айчыннай шырока вядомымі мастакамі. Шаўчэнка ж пайшоў з жыцця ў 1948-м. Цікава, што ўсе гэтыя настаўнікі Руцая да мастацтва і педагагічнай дзейнасці ставіліся па-рознаму, і бедным студэнтам было складана вызначыцца: да каго ісці? Каго слухаць? З каго браць прыклад? Напэўна, з прычыны такога “рознагалосся” настаўнікаў студэнты імкнуліся вучыцца і адно ў аднаго. Да таго ж, сярод аднакурснікаў Руцая было шмат таленавітай моладзі, якая потым заняла важнае месца ў савецкім мастацтве. Сярод іх — нашы землякі М.Аксельрод (з Маладзечна), Л.Зевін (з Віцебска), Г.Ніскі (з Гомеля), Я.Ромас (з Гродна), Р.Семашкевіч (з Маладзечаншчыны), а таксама К.Дорахаў, С.Чуйкоў, Т.Гапоненка, В.Пачыталаў, А.Канеўскі, М.Рамадзін, Г.Клуцыс, М.Хазанаў, П.Крылоў…

Але самым блізкім сябрам і аднадумцам Руцая быў Арон Ржэзнікаў, які ў 1943-м загінуў у баях на Украіне. Вельмі таленавіты жывапісец і рысавальшчык, фанатычна аддадзены мастацтву, ён быў энцыклапедычна адукаваным чалавекам, цікавіўся музыкай, філасофіяй, паэзіяй. Яго любілі ўсе студэнты-вхутэмасаўцы. Пазней Руцай скажа: “Ягоную раннюю гібель на фронце, куды ён пайшоў добраахвотнікам, многія з нас перажывалі вельмі цяжка...” У летнія месяцы Руцай разам з Ржэзнікавым заўсёды ездзіў альбо на яго радзіму — у Чарнігаў, — альбо на Каўказ і ва Узбекістан, адзін раз завіталі і ў Беларусь, каб маляваць эцюды.

У 1930-м Руцай разам з жонкай Лізаветай Анісімавай і земляком-беларусам Георгіем Ніскім скончыў ВХУТЕИН і адразу ж быў прызваны на гадавую службу ў армію. Служыў у Ленінградзе. Увесь вольны час праводзіў у залах Эрмітажа і Рускага музея. Пасля арміі вярнуўся ў Мінск, дзе ўзначаліў вячэрнюю рабочую студыю выяўленчага мастацтва пры Доме мастака па вуліцы Інтэрнацыянальнай. У гэтай студыі ўпершыню з’явілася маладая выхаванка прырода-гістарычнага аддзялення педагагічнага факультэта Беларускага ўніверсітэта Алена Аладава. Такім чынам, Вячаслаў Руцай аказаўся першым настаўнікам Алены Васільеўны ў галіне рысавання, пасля чаго Аладава змагла некаторы час працаваць нават у якасці ілюстратара ў Беларускім дзяржаўным музеі. Не памылюся, калі скажу, што менавіта з гэтых заняткаў у Руцая для Аладавай (тады яшчэ — Алены Пук) пачалося сур’ёзнае захапленне мастацтвам, тым больш, што яна тады жыла на кватэры вядомага беларускага пейзажыста-імпрэсіяніста Уладзіміра Кудрэвіча, сябра Руцая. Дзякуючы актыўнаму “ўкараненню” ў мастацтва Аладава хутка стала членам творчай групоўкі “Прамень”, якая была заснавана прафесійным Саюзам работнікаў мастацтва, адукацыі і друку. Сюды ўваходзілі А.Ахола-Вало, М.Філіповіч. А.Марыкс, А.Тычына, В.Ціхановіч, Я.Тарас, П.Гуткоўскі ды іншыя, а сам Руцай з’яўляўся членам Рэвалюцыйнай асацыяцыі мастакоў Беларусі (РАМБ), што складалася з творцаў, якія займаліся ў мастацкіх установах Масквы і Ленінграда: І.Ахрэмчык, Г.Шульц, А.Грубэ, З.Гарбавец, У.Кудрэвіч, В.Дваракоўскі, Л.Лейтман, С.Юдовін, Акім Шаўчэнка (не блытаць з Аляксандрам Шаўчэнкам).

У 1929 г. выйшла кніга М.Шчакаціхіна і В.Ластоўскага пра беларускае мастацтва, дзе аўтары далі характарыстыку 19 творцам, якія тады, на думку аўтараў, уяўлялі цікавасць. Мастакоў яны разбілі на тры групы: “акадэмічныя натуралісты” (В.Волкаў, Я.Кругер, Ю.Пэн, М.Сляпян, М.Эндэ), імпрэсіяністы (У.Кудрэвіч, С.Каўроўскі, М.Станюта) і “неарэалісты”. Вось у апошнія трапілі В.Руцай, І.Ахрэмчык, М.Філіповіч, Л.Зевін і некаторыя іншыя каларысты. “Схема”, канешне ж, вельмі спрэчная, аднак, што да Руцая, дык тут, так бы мовіць, “саматканая праўда” ў чымсьці прасочваецца. А.Касцялянскі, напрыклад, у сваім артыкуле “Шляхі развіцця выяўленчага мастацтва ў БССР” яшчэ ў 1929 годзе (“Узвышша”, № 3) адзначыў працу Руцая, “…які ўпарта вывучаў праблемы колеру і жывапіснай формы”. Гэты яго “неарэалізм” можна пабачыць хаця б у натурным эцюдзе “Хлопчык з чарапахай” (1928 г.), дзе паветра здаецца насычаным выпарэннямі вады, і фарбы ў ім становяцца асабліва мяккімі. Эцюд прыцягвае ўвагу сваёй дакладнай пластыкай ды багаццем каларыту і дэманструе вялікую жывапісную культуру мастака. Пазней гэта яшчэ больш праглядваецца ў “Сямейным партрэце”, вельмі арыгінальным і смелым паводле кампазіцыі, вобразнай характарыстыкі і дакладнага сілуэта. У вольным ракурсе аўтар адлюстраваў сябе з палітрай у пакоі з шырокім светлым акном, скрозь якое бачыцца раздольны пейзаж. Мастак малюе на палатне сваю сям’ю (са спіны): жонку Лізавету на ложку з маленькай дачкой на руках. Побач — цудоўны нацюрморт на стале: кветкі, фрукты на талерцы і гранёная шклянка.

Цудоўны і пагрудны “Аўтапартрэт” у світары  — таксама на фоне стала з фруктамі. Такой жа ўнутранай актыўнасцю і кампазіцыйнай выразнасцю вызначаецца “Партрэт дзяўчыны ў белым” (Траццякоўская галерэя), дзе маладая жанчына ў белым світары і ў цёмнай спадніцы пададзена ў складаным руху. Яшчэ тут добра чытаецца прастора, паветранае асяроддзе. А якімі энергічнымі сродкамі перададзена пластыка рук і як выразна вырашаны колерам аб’ём фігуры! А вось яшчэ некаторыя назвы даваенных работ Руцая, якія, у прынцыпе, і вызначалі асноўную, так бы мовіць, “неарэалістычную” канцэпцыю творчасці жывапісца: “Вакзальная плошча ў Мінску”, “Ля лесапільні”, “Нацюрморт з люстэркам. Аўтапартрэт”, “Партрэт акцёра А.В. Патоцкага”, “Дрэвы”, “Пейзаж з мостам”, “Пасля дажджу”, “Армянскі пейзаж”, “Возера Севан”, “Партрэт мастака В.Буланкіна”, “Пчаляр”, “Склад лесасплаву”, “Нацюрморт з самаварам. Чакаем сяброў”, “Вербы над ракой”, “Арарат”, “Маслаўка. Зімовая раніца”, “Хлопчык”, “Лета” (Траццякоўская галерэя).

Ну а потым, пасля Мінска і Віцебска, — зноў Масква, дзе Руцай уладкаваўся на працу ў тэхнікум ОГИЗа ў якасці загадчыка вучэбнай часткі. Шмат маляваў. А ўпершыню прадставіў некалькі сваіх твораў на суд гледача на выстаўцы ў 1926-м. Першы буйны дзяржаўны заказ Руцай атрымаў праз сем гадоў, калі напісаў карціну “Выезд зенітнай батарэі ў поле” для выстаўкі “15 лет РККА”. А ў 1939-м адбылася і яго першая персанальная выстаўка ў Маскве, якая атрымала шмат добрых водгукаў у СМІ. Быў надрукаваны і сціплы каталог выстаўкі, выдадзены Маскоўскім саюзам савецкіх мастакоў (МОССХ) — накладам 300 экзэмпляраў, з уступным артыкулам вядомага тады крытыка Мікалая Машкоўцава, які заўсёды рэзка выступаў супраць усялякіх праяў авангардызму ў мастацтве. Цяпер такі каталог практычна не знайсці, таму я хачу прывесці некаторыя фрагменты, што яскрава характарызуюць і самога мастака, і той час...

(Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"