І “Горад жанчын"

№ 9 (1032) 03.03.2012 - 10.03.2012 г

Бярэзіншчына: “магніт” аўтарскіх праектаў

/i/content/pi/cult/367/7086/2-3.jpeg

Мне хацелася б распавесці пра загадчыка аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамару Круталевіч і яе дзейнасць.

Яна ініцыявала ў ЦРБ рэалізацыю асабістага праекта "Святло знаёмай зоркі". Усё зрабіла для таго, каб паказаць каштоўнасць чалавека на зямлі, яго ўнутраны свет, нязломнасць духу. І ў цэнтры кожнага мерапрыемства, падрыхтаванага на высокім мастацкім узроўні, - асоба з адметным лёсам: гэта людзі, добра вядомыя на Бярэзіншчыне, тыя, хто часам пакутуе ад адзіноты. І ўсіх іх Тамара Круталевіч аб'яднала ў адзіную сям'ю - творчую і дружную...

Неабыякавасць ды ініцыятыўнасць з'яўляюцца арганічнай сутнасцю жыцця гэтай жанчыны. І ейны талент, нібы магніт, прыцягвае да сябе людзей. Да таго ж, Круталевіч - не толькі арганізатар і вядучая бібліятэчных мерапрыемстваў: яна яшчэ і старшыня раённага савета жанчын. І ў гэтай іпастасі таксама заўжды акцэнтуе ўвагу на самых каштоўных чалавечых якасцях: дабро, спагадлівасць, міласэрнасць. Вобразна кажучы, шчодра засявае ўласны палетак жыцця зернем творчых спраў на агульную карысць.

І "ўраджай" - заўсёды важкі: Тамара Круталевіч на сёння рэалізуе ажно восем аўтарскіх праектаў! Сярод іх - "Сонца майго дня - людзі", "Горад жанчын", "Дзеці адной вуліцы", "Горад помніць нас маладымі"... І ў такім працоўным рытме жанчына жыве ўжо трыццаць гадоў.

А прывёз яе ў наш край ураджэнец вёскі Каранец, малады інжынер Анатоль Круталевіч. На радзіме Тамары, у вёсцы Янкі Докшыцкага раёна, засталася толькі бабуля. Гэта яна падтрымлівала дзяўчынку, калі тая асвойвала ў музычнай школе баян і пачынала пісаць вершы... У Бярэзінскай райбібліятэцы Тамара Круталевіч прынялі на пасаду метадыста. Вопыт калег натхніў яе на творчы поспех...

Сёння Тамару цудоўна ведаюць у самых розных аўдыторыях: у клубах, школах, на фермах і ў аддаленых вёсках. Паўсюль яе цэняць і паважаюць. Дзейнасць творцы неаднаразова была адзначана дыпломамі абласных конкурсаў, падзякамі старшыні Мінскага аблвыканкама, а ў 2009-м Беларускі саюз жанчын прызнаў Тамару Мікалаеўну "Жанчынай года".

Ніна БУРКО

Беразіно

На здымку: загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі Тамара Круталевіч.