Карпаратыўнае мецэнацтва ў солевым патоку

№ 9 (1032) 03.03.2012 - 10.03.2012 г

Грошы з-пад зямлі на зямныя патрэбы, або Калі партнёр аддзела культуры — вытворчы гігант…

/i/content/pi/cult/367/7084/1-2.jpeg

Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства

Пяцьдзясят чатыры гады таму, калі Салігорск толькі ўзнік на карце раёна, яго былі назвалі Нова-Старобінскам (ад Старобінскага радовішча калійнай солі). Назва, згадзіцеся, дзіўнаватая: старое новым быць не можа па вызначэнні. Таму і не прыжылася. Ужо праз год горад (на той час - пасёлак) перайменавалі. Калі прыняць на веру сцвярджэнне, што імя вызначае лёс, дык назва "Салігорск" аказалася шчаслівай. Пад гэтым імем горад прыдбаў славу. Але не стаў фанабэрыстым. Салігорцы ж, як мне падаецца, захавалі, у пэўнай ступені страчанае ўрбанізаваным грамадствам, пачуццё сваяцтва, адкрытасці і ўзаемадаверу, уласцівае вяскоўцам, што жывуць на адной вуліцы і працуюць на адным полі...

Горад нарадзіўся і жыве, дзякуючы шахце ("рУдніку" - як тут кажуць). Але высокатэхналагічная вытворчасць патрабуе людзей адукаваных, так што культурны складнік - далёка не апошні ў фарміраванні шахцёрскага менталітэту. Салігорск шчасліва ўнікнуў лёсу некаторых прамысловых цэнтраў, пабудаваных за савецкім часам, так бы мовіць, у чыстым полі. Згодна з той завядзёнкай, спачатку ўзводзілі прамысловыя аб'екты, потым жытло. Напрыканцы ж, калі заставаліся грошы (а нярэдка іх не заставалася), пачыналі стратэгаваць наконт кінатэатраў і бібліятэк. Насельніцтва ж тым часам звыкла бавіла вольны ад працы час за пляшкаю, з усімі адпаведнымі наступствамі... У Салігорску - інакш.

Найперш дысцыплінуе людзей і настройвае на здаровы лад жыцця сама экстрэмальная праца. Па-другое - наяўнасць матэрыяльнага стымулу. Заробкі на "Беларуськаліі" - добрыя, за працу трымаюцца. На любую пасаду, любую працу (хоць прыбіральшчыцай, хоць вахцёрам) стаіць чарга ахвотных. Так што з лайдакамі ды іншымі асацыяльнымі тыпамі ніхто цацкацца не будзе. І, нарэшце, кіраўніцтва "Беларуськалія" ў супрацы з мясцовымі ўладамі дбае пра культурныя патрэбы салігорцаў.

Паводле інфармацыі, што я атрымаў ад начальніка аддзела культуры Салігорскага райвыканкама Наталлі Гапановіч, на культурнай карце раёна - 85 аб'ектаў. Зразумела, нікога не здзівіш тым, што сярод іх - бібліятэкі, дзіцячыя школы мастацтваў, дзіцячая музычная школа, краязнаўчы музей, клубныя ўстановы. Каля трыццаці калектываў маюць званні "народны" і "ўзорны".

Аднак адметнасць, скажам, Салігорскай ДШМ у тым, што яна - адна з лепшых ва ўсёй краіне. Толькі летась дзевятнаццаць яе выхаванцаў сталі студэнтамі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных творчых устаноў. Прагучала яна і ў замежным кантэксце: мноства ўзнагарод атрымалі навучэнцы ды выкладчыкі за ўдзел у розных выстаўках, конкурсах і пленэрах не толькі ў Беларусі, але і ў Чэхіі, Польшчы, Літве, Македоніі. На базе школы прайшла абласная "АРТ-сесія" юных мастакоў...

Моладзі - пра правы

і абавязкі: праект

у кантэксце закону


- Наталля Іванаўна, - пытаюся ў начальніка аддзела культуры Салігоршчыны, - сёння камп'ютар ды Інтэрнэт не зменшылі цікавасці да друкаванага слова?

- Не, але яны прымусілі бібліятэчных работнікаў шукаць новыя формы працы з людзьмі. Сёння пры бібліятэках працуюць гурткі па інтарэсах для дзяцей і дарослых, а ў Зале мастацтваў Цэнтральнай раённай бібліятэкі ладзяцца выстаўкі і прэзентацыі. Большасць бібліятэк Салігоршчыны мае доступ да Інтэрнэта. А для тых паселішчаў, дзе стацыянарных бібліятэк няма, ужо пяты год працуе перасоўная - так званы бібліобус. Але не Інтэрнэт, і не гурткі па інтарэсах далі нашым бібліятэкам новае жыццё. У бібліятэку ўсё больш людзей прыходзіць за прававымі ведамі. У грамадства ёсць пэўныя праблемы, а мы праз асветніцтва спрыяем, у пэўнай ступені, іх вырашэнню.

- Удакладніце, калі ласка.

- Існуе праблема правапарушэнняў сярод моладзі. У нас, у Салігорскім раёне, - 136 тысяч чалавек, працэнт моладзі сярод іх - даволі высокі: 55 тысяч ва ўзросце ад 14 да 30 гадоў. Гэта ўзрост, калі чалавек звычайна яшчэ недастаткова адаптаваны да сацыяльнай рэчаіснасці, не заўжды здольны асэнсаваць грамадскія з'явы і ўласныя паводзіны. А адсюль недалёка і да канфліктаў з законам... На жаль, нам даводзіцца канстатаваць рост колькасці правапарушэнняў сярод моладзі ў Салігорскім раёне. А лепей жа папярэдзіць хваробу, чым яе лячыць. Так і лепш не парушаць закон, чым потым адказваць перад ім. Адпаведна, мы імкнёмся даць моладзі пачатковыя прававыя веды, паспрыяць выхаванню грамадзянскасці і фарміра-ванню актыўнай жыццёвай пазіцыі.

- Якім чынам?

- Цягам мінулага года бібліятэкі Салігоршчыны працавалі над доўгатэрміновым праектам "Права і моладзь: стагоддзе XXI". Дарэчы, у структуры Салігорскай цэнтральнай бібліятэкі публічны цэнтр прававой інфармацыі існуе цягам ужо дзесяці гадоў. З 2006-га ён вылучаны ў самастойны аддзел.

Бібліятэчны фонд ПЦПІ дазваляе задаволіць цікавасць чытачоў па ўсіх аспектах права і юрыспрудэнцыі. А знайсці патрэбную інфармацыю можна з дапамогай электроннай базы даных. Колькасць яе карыстальнікаў штогод складае больш за тысячу чалавек - для Салігоршчыны гэта немалая лічба.

  - У дадзенай справе аддзел культуры мае памочнікаў?

 - Так. Да рэалізацыі праекта "Права і моладзь: стагоддзе XXI" далучыўся шэраг дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый. Адвакаты юрыдычнай кансультацыі Салігорскага раёна на працягу шэрагу гадоў падтрымліваюць добрую традыцыю прававога асветніцтва. Яны штоквартальна праводзяць бясплатныя кансультацыі для наведвальнікаў Цэнтральнай бібліятэкі: кожны яе карыстальнік можа задаць юрысту пытанне. Прыемна, што сярод цікаўных - усё больш моладзі.

- Можна канстатаваць: праект ужо мае плён...

- Вы маеце на ўвазе, ці зменшылася колькасць правапарушэнняў? Такімі данымі валодаюць найперш праваахоўныя органы. Але ўжо сам рост цікавасці моладзі да прававой інфармацыі і ёсць плён ад нашай працы.

Грошы на музыку,

і не толькі


Летась адзначыла сваё 50-годдзе Салігорская дзіцячая школа мастацтваў. Тут таксама багата дыпламантаў і лаўрэатаў конкурсаў самага рознага кшталту, чыё мастацтва запатрабавана паўсюдна. Прынамсі, узорны духавы аркестр школы ў складзе зводнага духавога аркестра Мінскай вобласці сёлета прымаў удзел у марш-парадзе на леташніх маладзечанскіх "Дажынках". Часта вучняў і выкладчыкаў школы просяць выступіць з дабрачыннымі канцэртамі. Такія выступленні яны ладзілі для дзяцей-сірот у памяшканні мясцовай Спаса-Пакроўскай царквы, а таксама ў Цэнтры карэкцыі, развіцця і адаптацыі. Не выпадкова на працягу шэрагу гадоў пры Салігорскай дзяцячай школе мастацтваў працуе своеасаблівы абанемент Камернай залы Белдзяржфілармоніі...

Казаць пра з'явы і пералічваць падзеі культурнага жыцця Салігоршчыны можна доўга, але і так зразумела: на зямлі, дзе стаіць "Беларуськалій", дбаюць не толькі пра вытворчасць, але і пра духоўнасць.

Між тым, паўсюль і заўжды культура - галіна не прыбытковая, і ніводны маштабны культурны праект не можа быць рэалізаваны без удзелу мецэнатаў ці спонсараў. Наталля Гапановіч паказала мне спіс паступленняў спонсарскай дапамогі за 2010 - 2011 гады. Агульная сума за 2010-ы - больш за 200 мільёнаў рублёў, за мінулы год - 190 мільёнаў. У спісе пазначаны 52 дабрадзеі. Сумы вагаюцца ад 500 тысяч да 100 мільёнаў рублёў. Так, 100 мільёнаў у 2010-м падарыў аддзелу культуры гарвыканкама "Беларуськалій", летась сума дапамогі была меншай, але ўсё адно - найвялікшай у агульным аб'ёме. Прадпрыемства гэтае было і застаецца самым шчодрым спонсарам культурных праграм на Салігоршчыне. Зрэшты, чаго варты хаця б такі факт: Гарадскі палац культуры - галоўны творчы асяродак Салігорска - калісьці належыў "Беларуськалію" і быў перададзены, фактычна, падораны гораду. Аднак, калі сёння ў Палаца ўзнікаюць фінансавыя патрэбы або якія іншыя матэрыяльныя праблемы, па дапамогу звяртаюцца, зноў жа, да былога гаспадара.

Не Калізей, але...

Наталля Гапановіч распавядае мне пра, так бы мовіць, творчыя планы аддзела культуры райвыканкама. Сёння найбольш значныя мерапрыемствы ладзяцца ў Гарадскім палацы культуры. Але ёсць спадзяванні на тое, што Салігорск займее новую залу, здольную прыняць больш гледачоў і з лепшым абсталяваннем сцэны. Цяпер прапрацоўваецца ідэя пабудовы ў горадзе амфітэатра. Патрэба ў падобным аб'екце наспела даўно. Дзеючая адкрытая пляцоўка ў прыазёрным раёне для свайго часу выглядала вельмі прыстойна. Зрэшты, яна і сёння на ўсіх святах застаецца для жыхароў месцам прыцягнення, хоць састарэла і фізічна, і маральна, як, дарэчы, і іншыя спартыўна-забаўляльныя аб'екты ў згаданай зоне. Нядаўна з прычыны небяспекі давялося дэманціраваць аглядавае кола, вядомае ў народзе як "чортавае". Запланаваная рэканструкцыя набярэжнай мае на мэце ўпрыгожыць горад і стварыць паўнавартасны аздараўляльна-культурны асяродак. А яго цэнтрам стане амфітэатр.

Больш падрабязную інфармацыю пра гэта атрымаў у старшыні Салігорскага раённага савета дэпутатаў Лідзіі Клішэвіч, а таксама ў галоўнага архітэктара раёна Наталлі Кіцун. Паводле іх слоў, напачатку рэканструкцыя закране зону, прылеглую да шахцёрскага прафілакторыя "Бярозка". З'явяцца аквапарк, поле для міні-футбола... Тут будуць задзейнічаны грошы "Беларуськалія". Потым дойдуць рукі і да амфітэатра. Мясцовых сродкаў можа не хапіць, а значыць, трэба прыцягнуць іх звонку.

Праектаванне амфітэатра будзе залежыць ад інвестыцыйнай сітуацыі. Пакуль што гэта - толькі ідэя. На маё пытанне галоўнаму архітэктару раёна, як сёння ёй хаця б у агульных рысах бачыцца будучы амфітэатр, Наталля Віктараўна адказала, што аб'ект будзе яшчэ лепшы па сваіх параметрах і тэхнічным начынні, чым некаторыя з шырока разрэкламаваных. "Чаму?" - "Таму, што мы больш любім свой горад", - усміхаецца Наталля Кіцун. Так што будзе ў Салігорска амфітэатр.

Цалкам верагодна, што ён стане архітэктурнай візітоўкай горада. А пакуль яго сімвал - офісны гмах "Беларуськалія". Ён стаіць на галоўнай плошчы якраз насупраць будынка райвыканкама. У гэтым таксама ёсць пэўная сімволіка: "Беларуськалій" і мясцовая адміністрацыя - сацыяльныя партнёры.

На раён, да Прасвятой

Багародзіцы...


Пасля размовы з намеснікам генеральнага дырэктара я меў магчымасць сустрэцца і з супрацоўнікамі аддзела інфармацыйна-ідэалагічнай работы. Начальнік аддзела Наталля Навіцкая паказала мне ліст настаяцеля згаданага вышэй храма Пакрову Прасвятой Багародзіцы, што ў Чыжэвічах. У лісце той выказвае падзяку кіраўніцтву "Беларуськалія" за аказаную дапамогу, у выніку якой адбудавана трапезная (яе першы паверх), якая цяпер працуе як грамадска-культурніцкі аб'ект. У трапезнай дзейнічае нядзельная школа (памяшканне можа змясціць 120 чалавек), ладзяцца культурніцкія імпрэзы. Калі ж будзе даведзены да ладу ўвесь будынак, тут размесціцца музей, распачнуць дзейнасць духоўна-асветніцкі цэнтр, майстэрні царкоўна-дэкаратыўнага мастацтва і адроджаных народных рамёстваў. Айцец Міхаіл просіць і надалей не спыняць плённае супрацоўніцтва. Наталля Канстанцінаўна раіць мне на свае вочы пабачыць тую царкву, бо гэта помнік архітэктуры, якому за 200 гадоў. Для маладога Салігорска гэта, лічы, сівая даўніна.

Перад выездам за межы горада распытваю дырэктара Раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры райвыканкама Марыну Храловіч наконт спонсарскай дапамогі прадпрыемстваў установам культуры на раёне. Марына Уладзіміраўна згадвае такі выпадак. Арганізацыйна-метадычны цэнтр звярнуўся да кіраўніцтва "Беларуськалія" з просьбай дапамагчы клубу на раёне набыць музычныя інструменты. Грошы былі выдаткаваны, але з умовай абавязковай падтрымкі айчыннага вытворцы. Паколькі тыя інструменты, што хацеў мець клуб, у нашай краіне пакуль не вырабляюць, фінансавая дапамога была скарыстана на тое, каб набыць для клуба мэблю. Беларускую.

...І вось я ў вёсцы Чыжэвічы. Падвозіць мяне да храма дырэктар Гарадскога палаца культуры Вадзім Казлоў. Па дарозе разгаварыліся. Сам ён не мясцовы, але да Салігорска душой прыкіпеў. З сям'і вайскоўца. Калі ягоны бацька служыў у Чэлябінску, Вадзім Валер'евіч уладкаваўся на абаронны завод, які працаваў, у тым ліку, і на касмічную сферу. Засвоіў прафесію фрэзероўшчыка. Тых, хто працаваў на абарону, у войска не бралі: лічылася, што яны і так працуюць на армію. Так бы, мабыць, і застаўся б спадар Казлоў за Уралам, каб не з'ездзіў у адпачынак у Літву, куды на той час перавялі на службу ягонага бацьку. Пасля "рэжымнага" Чэлябінска (калючы дрот вакол прамзоны, завода, вакол цэха) быў уражаны прыгажосцю і ўтульнасцю Вільнюса. Страшэнна захацелася "прыгожага жыцця". У Літве ў бацькі і застаўся. Потым вучыўся ў нашым Інстытуце культуры, паспеў палюбіць Мінск. Па размеркаванні трапіў у Салігорск... Жыццём задаволены... Зрэшты, Салігорск падабаецца ўсім.

А вось айца Міхаіла на месцы не заспеў: ён з'ехаў па справах у Мінск. Так што яго "музей", славуты на ўвесь Салігорск (збор артэфактаў, якія маюць эстэтычную і гістарычную каштоўнасць), так і не пабачыў. Толькі звонку агледзеў царкву і трапезную. Што ж, будзе нагода прыехаць яшчэ...

"Беларуськалій" -

не адзіны дабрадзей


 Падсумоўваючы свае нататкі, мушу зноў згадаць, што "Беларуськалій" не адзіны дабрадзей на Салігоршчыне. Свой унёсак у культурны патэнцыял горада і раёна робяць УПП "Салігорская аўтабаза", Старобінскі лясгас, ААТ "Салігорская птушкафабрыка" ды шмат іншых. Відаць, талака, гатоўнасць дапамагчы хто чым можа - у самім характары салігорцаў.

Калі наступным днём я вяртаўся ў Мінск, недзе кіламетраў за дзесяць ад Салігорска на будынку Другога рудаўпраўлення пабачыў афіцыйны дэвіз "Беларуськалія": "Мы з упэўненасцю глядзім у будучыню". Варты дэвіз для шахцёрскага горада, ды і для ўсёй нашай краіны.


Галерэя спонсараў ад "К"

/i/content/pi/cult/367/7084/1-1.jpegУ Салігорску ўсё блізка. Палац культуры, гандлёвы цэнтр, Лядовы палац, гасцініца, новабудоўля праваслаўнага храма - усё кампактна сабрана на галоўнай плошчы і побач з ёю. А дамінуе над плошчай - "Беларуськалій", мясцовы хмарачос. Хоць пра сустрэчу з Анатолем
МАХЛАЕМ, намеснікам генеральнага дырэктара "Беларуськалія" па ідэалагічнай рабоце і кадрах, дамоўлена загадзя, даводзіцца пачакаць: ля ягонага кабінета - чарга. Яно і не дзіва: аднаму з кіраўнікоў прадпрыемства знайсці "акно" ў шчыльным рабочым раскладзе, нават для сустрэчы з журналістам, даволі складана.

- Анатоль Уладзіміравіч, у мяне склалася ўражанне, што ў Салігорску вельмі цяжка вызначыць, дзе заканчваецца "Беларуськалій", а дзе пачынаецца ўласна горад. Прынамсі, у справах культурных...

- Скажу больш, "Беларуськалій" дапамагае не толькі гораду і раёну, але і бярэ чынны ўдзел у культурных акцыях нацыянальнага маштабу. Мы, напрыклад, выступалі генеральным спонсарам Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад". Што ж да нашага супрацоўніцтва з аддзелам культуры райвыканкама, дык яно найбольш шчыльнае, калі Салігоршчына адзначае прафесійныя святы: Дзень шахцёра і Дзень хіміка. Гэта - традыцыя. Другі прыклад - адрасная дапамога, якую аказваем навучальным установам мастацтва. Часта свае мерапрыемствы ладзім у гарадскім Палацы культуры...

- Калісьці гэта быў палац культуры "Беларуськалія". Не шкада было аддаваць?

- Шкада. Толькі-толькі адрамантавалі... Але гэта не абмяркоўваецца. Вы ж самі бачыце: правесці мяжу паміж "Беларуськаліем" і горадам амаль немагчыма. Мы - горадаўтваральнае прадпрыемства. Гэтым сказана ўсё. Культурную ж працу ладзім і ў сваіх цэхах, на ўласных вытворчых пляцоўках. У нас добрая мастацкая самадзейнасць на ўсіх рудаўпраўленнях. Ды хоць гэта і самадзейнасць, але ў ёй бяруць удзел сапраўдныя прафесіяналы.

- Гэта як?

- У розных падраздзяленнях "Беларуськалія" працуюць людзі, якія маюць прафесійную падрыхтоўку як танцоры, музыканты і гэтак далей. А на вытворчасць яны прыйшлі і новыя прафесіі засвоілі, бо на вытворчасці заробкі большыя. Сітуацыя - звычайная, побытавая. А вось у мастацкай самадзейнасці яны маюць магчымасць рэалізаваць свой творчы патэнцыял. А чаму не? Мы забяспечваем самадзейнасць інструментамі, апаратурай, касцюмамі. Яны ж сваімі выступленнямі "закрываюць" нам усе святы. Калі артысты - свае, мы замаўляем і аплачваем толькі сцэнарыі мерапрыемстваў і іх рэжысуру.

- Пра высокі ўзровень самадзейнасці я чуў і ад іншых. Але ж, наколькі мне вядома, Салігорск не абмінаюць увагай і зоркі прафесійнай сцэны...

- Так. Білеты на такія канцэрты могуць каштаваць 200 - 250 тысяч беларускіх рублёў. А шахцёры - людзі не сквапныя, але ашчадныя, бо грошы цяжкай працай здабываюць. "Беларуськалій" набывае тыя білеты па прадажным кошце, а сваім супрацоўнікам прадае за цану значна меншую ці ўвогуле задарма. Гэта, дарэчы, - таксама дапамога аддзелу культуры райвыканкама, які тыя гастролі ладзіць.

- Вам непасрэдна падпарадкаваны аддзел інфармацыйна-ідэалагічнай работы....

- Так, гэта каардынацыя дзейнасці грамадскіх фарміраванняў, што ёсць на прадпрыемстве, а таксама арганізацыя культурна-масавых мерапрыемстваў, прафесійных святаў. Да таго ж, пад апекаю аддзела - наш музей, які наведваюць госці горада. Мэта нашай працы - выхаванне ў супрацоўнікаў пачуцця карпаратыўнасці, каб людзі ганарыліся не толькі высокімі заробкамі, але і прыналежнасцю да прадпрыемства, дачыненнем да яго гісторыі і перспектыў.

"Беларуськалій" - частка канцэрна "Белнафтахім". Кіраўніцтва апошняга вельмі ўхваляе абмен вопытам і культурны абмен паміж прадпрыемствамі, што ўваходзяць у яго сферу: гэта "Нафтан", "Азот" ды іншыя. Такія кантакты таксама спрыяюць умацаванню, паўтаруся, карпаратыўнага духу.

- А як да спонсарскай дзейнасці прадпрыемства ставяцца самі працаўнікі? Гэта ж іхнія грошы...

- Вы, напэўна, бачылі будоўлю праваслаўнага сабора. "Беларуськалій" выдаткоўвае на яе немалыя грошы: яны складаюцца з прыватных ахвяраванняў нашых працаўнікоў. Кожны ахвяруе, колькі можа. У сувязі з гэтым згадаю такі выпадак. Брыгада Першага рудаўпраўлення за добрую працу была ўзнагароджана спецыяльнай грашовай прэміяй. І - вырашыла перадаць яе цалкам на будаўніцтва сабора...

- Анатоль Уладзіміравіч, Салігорск - горад малады. Ён не мае старажытных забудоў, славутых на ўсю краіну помнікаў ды іншых цікавых для гасцей аб'ектаў... Чым прывабіць турыста? Тым жа калегам па "Белнафтахіме" што паказваеце?

- Няпростае пытанне. У Польшчы я бачыў шахту-музей. Уражвае. Мо калі-небудзь і мы штосьці падобнае маглі б зрабіць. Пакуль жа не атрымліваецца: усе нашы шахты - дзеючыя, закансерваваных няма. Ды нават апусціць турыста на такую глыбіню - гэта вялікая праблема і вялікія грошы... Праўда, на Першым рудаўпраўленні мы зрабілі пад зямлёй спелеабальніцу, якая сёння вельмі папулярная. Паводле распараджэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь цяпер пашыраем яе ўдвая і наверсе ствараем бальнічную інфраструктуру. А што наконт даўняй гісторыі, дык магу назваць царкву у Чыжэвічах. Гэта не далёка, але гэта ўжо не горад, раён. Будынку дзвесце гадоў. Раю паглядзець. Тым больш, што "Беларуськалій" гэтай царкве дапамагае...

Рэзюмэ ад абласнога ўпраўлення культуры

З просьбаю распавесці, як бачыцца развіццё сферы на Салігоршчыне, мы звярнуліся ва ўпраўленне культуры Мінаблвыканкама. На пытанні "К" адказала намеснік начальніка ўпраўлення Святлана БАРАНОК:

- Па шмат якіх пазіцыях развіцця сферы Салігорскі раён лідзіруе ў вобласці, прычым - з года ў год. І гэта датычыцца не толькі горада, дзе традыцыйна добрая інфраструктура, прафесійныя кадры ды адпаведнае фінансаванне, але і навакольных вёсак. Так, летась на рамонт толькі пяці бібліятэк Цэнтральнай раённай сістэмы было выдаткавана паўтара мільярда рублёў. А ўсяго на Салігоршчыне на рамонт ва ўстановах культуры пайшло шэсць мільярдаў. Для параўнання: у Слуцкім раёне на ўсе рамонтныя работы выдзелена 1,2 мільярда, у Мінскім - 1,6. Усяго ж па вобласці па гэтым раздзеле выдаткаў - 30 мільярдаў. На гэтым фоне паўтара мільярда на пяць бібліятэк выглядае, пагадзіцеся, някепска.

- І якую ролю ў абласным маштабе адыгрываюць спонсары?

  - Скажам шчыра, паколькі культурныя патрэбы грамадства ўвесь час растуць, бюджэтных сродкаў на іх забеспячэнне не стае. Таму мы вельмі ўдзячныя ўсім прадпрыемствам, установам і прыватным асобам, якія ўкладаюць грошы ў культуру. Але, зразумела, хацелася б, каб гэтых грошай было больш; каб на ніве сацыяльнага партнёрства павялічвалася актыўнасць і дзяржаўных прадпрыемстваў, і прыватнага бізнесу. На Салігоршчыне праца са спонсарамі якраз-такі - на досыць высокім узроўні.

- Вам не падаецца, што Салігорск мог бы мець не толькі Палац культуры з мастацкай самадзейнасцю, але і муніцыпальны прафесійны тэатр?

- Гэта добрая ідэя, але яна павінна саспець. Штучна прышчэпленае не прыжывецца. Каб сёння ў Салігорску быў калектыў, няхай нават самадзейны, які аказаўся б здатны стаць трупай муніцыпальнага тэатра, дык, паверце, і грошы знайшліся б. А яшчэ адна прычына таго, што такога тэатра ў горадзе няма, - гэта набліжанасць да Мінска: дзве гадзіны - і ты ў сталіцы. А тут - і тэатры, і канцэртныя залы. І яшчэ, мяркую, салігорцы прызвычаіліся да таго, што білет на відовішча нічога не каштаваў або быў вельмі танны. Такая стратэгія "Беларуськалія". Мо тут склаўся пэўны стэрэатып... Пакуль ён не разбурыцца, тэатр, лічу, не пабудуеш.

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"