“Ану, дайце шкіпінару!”

№ 9 (1032) 03.03.2012 - 10.03.2012 г

“Гандаль” за Шышкіна: чарнавік да “палескага” дэтэктыву імя генія ў спадчыне Беларусі

/i/content/pi/cult/367/7082/2-1.jpeg

У студэнцтве мне выпаў гонар працаваць у Рускім музеі ў фондзе І.І. Шышкіна. Заданне было адно: акуратна разабраць шматлікія шышкінскія папкі з малюнкамі пяром, алоўкам і акварэллю ды прыдумаць да тых твораў назвы. Гэта былі малюнкі натурныя, дэталізаваныя, альбо хуткія, нібы створаныя на бягу, а таксама параўнальна рэдкія кампазіцыйныя, гэта значыць - эцюдны матэрыял для будучых карцін. Працуючы з тымі папкамі, я быццам на свае вочы бачыў, як уважліва і пранікліва, з любоўю і цярплівасцю мастак вывучаў натуру ва ўсіх яе праявах: ад магутных дрэў, пранятых сонечным святлом, да тонкіх ажурных лістоў папараці; ад ганарлівых аблокаў у высокім небе да сціплых лясных траў, імхоў, буралому і палявых кветак; ад плыткіх трэшчын на кары старых дубоў да моцнай матэрыяльнасці вулляў ці хвоі на ўзгорку... Не памятаю дакладна, якую колькасць назваў я тады прыдумаў (а гэта не так проста, бо яны не павінны былі паўтарацца) і колькі апрацаваў адпаведных картак, але што больш двухсот - гэта факт. Не кажу ўжо пра тое, колькі я там наслухаўся ад дасведчаных музеязнаўцаў розных цікавых быляў і небыліц аб прыватным жыцці мастака...

Там жа, да прыкладу, я пачуў сапраўдную гісторыю стварэння "галоўнай" карціны Шышкіна - "Раніца ў хваёвым лесе", якую ён намаляваў паводле задумкі свайго самага блізкага сябра - Канстанціна Савіцкага, каго тады нwазывалі ліцвінам з Беластока. На самой справе, ён нарадзіўся ў Таганрогу, але, відаць, ягоныя продкі былі з нашых земляў. Менавіта Канстанцін Апалінаравіч задумаў "карціну з мядзведзямі ў лесе", але сваю задумку аддаў Шышкіну і па просьбе творцы гарманічна ўпісаў гэтых мядзведзяў у палатно апошняга. Спачатку карціна выстаўлялася за двума подпісамі і так была абазначана ў маскоўскім каталогу. Потым яе ўладальнік Павел Траццякоў выдаліў імя Савіцкага французскім шкіпінарам: "Я купляў карціну ў Шышкіна за чатыры тысячы рублёў! Чаму яшчэ Савіцкі? Ану, дайце шкіпінару!" Аказваецца, Савіцкага, аўтара вядомых карцін "На вайну" і "Сустрэча іконы", які атрымаў чамусьці толькі чацвёртую частку ад агульнай сумы, Траццякоў, мякка кажучы, недалюбліваў. Але гэта зусім іншая гісторыя...

Што і казаць, у ХХ стагоддзі Шышкін сапраўды стаў "народным мастаком", адным з самых папулярных, і не толькі ў славянскім свеце. Яго славутыя палотны "Раніца ў хваёвым лесе" і "Жыта" мільённымі тыражамі рэпрадуктаваны ў розных кніжках, школьных падручніках, на цукерачных абгортках і паштоўках, у аляпаватых копіях у грамадскіх і дзяржаўных інтэр'ерах - ад дзіцячых садкоў да прывакзальных рэстаранаў, - што дзесяцігоддзямі "выхоўвалі" густ нашых маленькіх і вялікіх грамадзян.

Аднак, хто, напрыклад, ведае, што для Івана Іванавіча Шышкіна, мякка кажучы, нішто чалавечае не было далёкім, і вечная, не толькі "славянская", праблема, якую так і не змаглі вырашыць славутыя жывапісцы Саўрасаў, Саламаткін, Сарока, кампазітар Мусаргскі, дзіўны паэт і музыкант Апалон Грыгор'еў, не абмінула і нашага героя - чароўнага песняра рускай прыроды. Праўда, ён пачаў прыкладвацца да гарэлачнага штофа толькі ў 1884 г. - адразу ж пасля смерці любімай жонкі Яўгеніі Аляксандраўны, "мілай Жэнькі" (сястры пейзажыста Фёдара Васільева), калі яму ўжо было за сорак. За год да гэтага пайшоў з жыцця яго двухгадовы сын Валодзя, а яшчэ праз два - другі сын, Косця, таксама ва ўзросце двух гадоў. У той жа час у Ялабузе памёр і бацька мастака - Іван Васільевіч. Больш за тое: і другая жонка, таленавітая мастачка-пейзажыстка Вольга Антонаўна Лагода-Шышкіна, ад запалення брушыны пайшла з жыцця рана - у 30-гадовым узросце, пакінуўшы на апеку няўцешнага ўдаўца дачку Ксенію. На шчасце, выжыла і старэйшая дачка мастака ад першага шлюбу - Лідзія...

Усе гэтыя нервовыя ўзрушэнні і прывялі да таго, што Шышкін, чалавек не вельмі стойкі псіхалагічна, хаця з выгляду моцны, як дуб, захапіўся алкаголем. Па ўспамінах сучаснікаў, калі ён п'янеў, дык рабіўся рэзкім, нязносным. У час такіх папоек справа часта дахадзіла да сварак і скандалаў. За шклянкай гарэлкі, пакуль яшчэ быў "у кандыцыі", у асяроддзі сяброў-сабутэльнікаў, у асноўным - няўдалых мастакоў, якія спіліся і не знайшлі сабе месца ў жыцці, згадваў сваё мінулае: дзяцінства ў Ялабузе, вучобу ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, сваіх першых настаўнікаў Апалона Макрыцкага, Міхаіла Скоці, Мікалая Рамазанава, а таксама Сакрата Вараб'ёва па пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. А яшчэ вельмі любіў распавядаць пра свае эксперыментальныя пошукі ў працы над "пукатым" афортам па прынцыпе цынкаграфіі і ў галіне фатаграфіі, якой ён тады пачаў захапляцца...

А потым, наступным днём, прачынаўся, лаючы сябе за ўчарашняе, і ў глыбокай задуменнасці заходзіў у такія лясныя нетры, што з цяжкасцю знаходзіў дарогу назад. Але - усё ж узяў сябе ў рукі, схаваў далей ад спакусы штоф. І першай карцінай пасля такіх стрэсаў з'явілася палатно "Крыніца ў хваёвым лесе". Канешне, і пасля бывалі зрывы, калі рука цягнулася да штофа. Аднак перад выстаўкамі акадэмік працаваў суткамі без стомы. Менавіта тады і з'явілася знакамітая карціна "Палессе", пра якую я раскажу ніжэй.

Імператар Аляксандр II неяк пабачыў на выстаўцы "партрэтныя" лясныя пейзажы Шышкіна, і яны яму вельмі спадабаліся. Але, падумаўшы, ён сказаў: "Намалявана вельмі моцна, толькі што гэта за лес! Вы павінны паехаць у мой лес, у Белавежскую пушчу, - там і памалюйце!" Іван Іванавіч спачатку не хацеў ехаць у такую далечыню, але сябры, асабліва К.Савіцкі, той самы "ліцвін з Беластока", угаварылі. У Пушчы яго сустрэлі як вельмі дарагога госця і насіліся з ім як з якім-небудзь губернатарам. Яго пастаянна суправаджаў сам кіраўнік Белавежскага лесу і нават прысутнічаў у час непасрэднай працы маэстра за мальбертам. Аднойчы, зазірнуўшы ў амаль завершаны пейзаж, з непакоем сказаў: "Паважаны Іван Іванавіч, а ці можна вось гэтае паўзасохлае дрэва на вашым палатне выдаліць?" - "Як? Навошта? Па-мойму, яно якраз атрымалася..." - "Дык вы ж палатно прывезяце ў Пецярбург. Там паглядзяць і скажуць: "Ну і кіраўнік Пушчы - давёў лес да такога стану, што дрэвы сохнуць!.."/i/content/pi/cult/367/7082/2-2.jpg

Яшчэ быў выпадак. Аднойчы імператар прызначыў Шышкіна настаўнікам жывапісу да сваіх спадчыннікаў. Такая доля вельмі прыгнятала мастака. І вось аднойчы ён сядзеў з сябрамі ў карчме "У Дадона", добра выпіў і гучна паскардзіўся: "Якія ўсё ж тупіцы гэтыя цэсарэвічы-наследнікі! Нічога не разумеюць у рысаванні!" І тут жа да яго падскочыў нейкі плюгавы чалавек у гарохавым паліто, прад'явіў сведчанне чыноўніка Дэпартамента вышуковага аддзялення і адразу патрабаваў ісці за ім. Шышкін, ужо добра падвыпіўшы, вельмі здзівіўся, выпіў яшчэ чарку, закусіў салёным агурком, потым падняўся і гучна сказаў: "Ты што, шэльма, мяне запужаць уздумаў? Дык паехалі проста ў Зімні! Я і там таксама ўсё скажу, у вочы! Паехалі!.." І памахаў перад тварам пільнага шпіка прыватным пропускам за подпісам і пячаткай самога цара. Той стушаваўся і ў адзін момант знік...

Шыкоўная калекцыя карцін і малюнкаў Шышкіна ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі - цалкам заслуга Алены Аладавай. Калісьці яна мне распавядала, як усё гэта пачыналася. Першыя два эцюды мастака - "Асака" і "Буралом" - яна прывезла з Масквы ў 1945 годзе. Сёння ў музеі - каля 40 твораў Шышкіна (жывапіс, малюнак, афорт). Некаторыя - у пастаяннай экспазіцыі рускага мастацтва, чатыры - на рэстаўрацыі, астатнія прадстаўлены ў дзеючай выстаўцы ў Малой зале. Распавяду адну цікавую гісторыю пра тое, як Алена Васільеўна "здабывала" Шышкіна. Будучы аднойчы ў Маскве, яна пазнаёмілася з адным прафесарам-калекцыянерам, чалавекам адзінокім і хворым. Незадоўга да смерці ён вырашыў прадаць сваю калекцыю ў нейкі расійскі музей. І тут Алена Васільеўна пабачыла ў яго пейзаж Шышкіна. Яе спрактыкаванае вока імгненна вызначыла: гэта Палессе, таямнічы дрымучы лес; на дарозе, што гублялася ў бяскрайніх прасторах, узвышаецца крыж з беларускім ручніком, вышытым нацыянальным арнаментам, і г. д.

Аладава тут жа ўгаварыла прафесара дазволіць ёй узяць гэтую работу для ацэнкі маскоўскай гарадской экспертна-закупачнай камісяй, якая якраз наступным днём павінна была засядаць у доме на Вялікай Палянцы. І што ж: камісія ацаніла пейзаж у 18 тысяч рублёў - грошы па тых часах нядрэнныя. Але Аладава была гатова набыць пейзаж для нашага музея. І толькі яна паспела паведаміць пра гэта прафесару, як да яго нечакана прыехала з Ленінграда пляменніца, "вельмі дзелавітая жанчына з бульдожай хваткай". Яна адразу ж прад'явіла дакумент, што з'яўляецца адзіным спадкаемцам усёй маёмасці дзядзькі, у тым ліку і дадзенай карціны. Але за такую мізэрную, на яе погляд, суму аддаць гэты твор для беларускага музея ніяк не можа. Прафесар у такія фінансавыя тонкасці не ўнікаў, таму што быў ужо, лічы, на шляху ў свет іншы. І тады Алена Васільеўна, з узаемнай згоды з пляменніцай і дзядзькам, выставіла пейзаж на наступнае пасяджэнне камісіі - для пераацэнкі. Вынік аказаўся ранейшым: 18 тысяч рублёў. Але бяда заключалася яшчэ ў тым, што пейзаж вярнулі ўладальніку без ведама Аладавай, якая ў той момант, як на грэх, адсутнічала.

"Я страшэнна раззлавалася, - расказвае Алена Васільеўна, - і памчалася яе шукаць, бо асабліва дбайна ставілася да ўсяго, што было намалявана Шышкіным на нашым Палессі. Але - на жаль! - аказалася, што наследніца паспела аднесці палатно на Пятроўку, ужо - на ацэнку Дзяржаўнай экспертна-закупачнай камісіі. Я хутка на таксі - і туды ж. Не паспела: пейзаж ужо ацанілі ў 20 тысяч рублёў. Я кінулася ў музейны аддзел Міністэрства культуры РСФСР з просьбай усё ж дазволіць і гэтую суму заплаціць мне. Начальнік аддзела Галаванаў сустрэў мяне такімі словамі (ці то жартам, ці то сур'ёзна): "Ну нарэшце я з вамі змагу звесці рахункі! Вы з-пад майго носа ўвялі ў Беларусь столькі каштоўных рэчаў! Цяпер прыйшоў час адплаціць вам тым жа. Даруйце, я ўжо падпісаў загад аб перадачы шышкінскага пейзажа Краснадарскаму музею..." З хвіліну памаўчаў. Маўчала і я. Потым усміхнуўся і прадоўжыў: "Але вы не хвалюйцеся... Ведаеце, паважаная Алена Васільеўна, з гэтай карцінай звязана цікавая гісторыя. Калі эксперты глядзелі гэтую рэч, хтосьці успомніў, што яшчэ да рэвалюцыі, у Кіеве, у калекцыі Івана Цярэшчанкі, знаходзілася вялікае палатно пад той жа назвай - "Палессе": той жа палескі рамізнік на пясчанай дарозе, тая ж павозка, крытая буркай, той жа крыж з беларускім ручніком. Але... Кусок той карціны з адлюстраваннем крыжа з ручніком быў адрэзаны і знік! Больш вялікая частка палатна засталася на Украіне, у Музеі рускага мастацтва, куды пасля рэвалюцыі перайшла калекцыя мецэната і ўладальніка буйных цукровых заводаў Цярэшчанкі. Дык вось, яшчэ да перадачы ў Краснадар шышкінскага пейзажа мы ўсё ж вырашылі ўпэўніцца ў тым, ці сапраўды гэтая частка з'яўляецца фрагментам цярэшчанскай карціны? І, ведаеце, яшчэ да нашага з'яўлення, карціну з Кіева прывезлі ў Маскву, і эксперты пацвердзілі: так, гэта арыгінальны фрагмент..."

Пасля такога расповеду Аладава канчаткова страціла спакой. Але што б там ні было і чаго б гэта ні каштавала, вырашыла здабыць абодва гэтыя творы. З Краснадарам усё вырашылася проста: Алена Васільеўна перадала краснадарскаму музею з айчынных фондаў невялічкі пейзаж Шышкіна "Сонца ў лесе" ўзамен таго самага фрагмента. Расійскія калегі з задавальненнем пайшлі на такі абмен. А вось што рабіць з Кіевам - тут узнікала вялікае пытанне. Аладава адправіла туды на "казле" (такая машына-ўсюдыход) групу сваіх музейных супрацоўнікаў.

"Гандаль" з дырэкцыяй кіеўскага музея доўжыўся тры дні, і, урэшце, бакі прыйшлі да кампрамісу: за карціну "Палессе" кіяўляне атрымалі нашага "Шахцёра" Касаткіна і варыянт знакамітага пейзажа Саўрасава "Гракі прыляцелі". Гэтых работ Аладавай было шкада, але ўкраінцы ні на што іншае не пагаджаліся. Цяпер заставалася "сабраць" тую карціну ў адно, шукаемае цэлае. Фрагмент і асноўную частку завезлі ў Маскву да сябра Аладавай - рэстаўратара Аляксандра Корына, брата знакамітага мастака Паўла Корына. Той пагадзіўся. Але нечакана аказалася, што не хапае мізэрнага кавалачка палатна з адлюстраваннем воблачка! Канешне, можна было яго дамаляваць і ніхто б не заўважыў, але Корын палічыў, што пайсці на гэта ён не мае права, бо гэта будзе фальсіфікацыя, і вярнуў карціну назад. "І тады я кінулася ў Ленінград, - працягвала Аладава, - у пошуках той пляменніцы, былой уладальніцы фрагмента, якая магла ведаць пра той самы "кавалачак": магчыма, ён дзе-небудзь цудам захаваўся. На жаль, тая нічога не ведала..." Так да гэтай пары карціна і засталася без таго "кавалачка". Словам, гісторыя бадай дэтэктыўная, проста гатовы чарнавік сцэнарыя для мастацкага фільма...

На сённяшняй выстаўцы ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі Шышкін паказаны практычна ва ўсе перыяды яго творчага жыцця. Ёсць фрагмент часткі левай паловы карціны "Палессе" 1883 года - часу першага прыезду мастака на Палессе (другі раз ён быў тут у 1892-м) Акрамя таго, з "беларускай" серыі тут можна пабачыць і іншыя творы мастака: "Сухастой. Белавежская пушча", "Зжатае поле. Палескі пейзаж", акварэль "Лес" ды іншыя шэдэўры шышкінскага пэндзля і алоўка...

Змяняюцца часы, людзі, лад жыцця, мастацкія кірункі, стылі, творчыя плыні, але Мастацтва, калі яно сапраўднае, - застаецца. Іван Шышкін быў сапраўдным мастаком. І пайшоў ён з жыцця 8 сакавіка 1898 г. у сваёй майстэрні, проста ля мальберта, з палітрай у руках. Карціна "Лясное царства" так і засталася незавершанай...

 

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"