Прыгожыя людзі прыгожай зямлі

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

Нараўляншчына адметная не тым, што 21 год таму абрынулася на яе Чарнобыльская навала і 36 вёсак знікла з карты раёна (толькі не з памяці нараўлянцаў!), а адселена было аж 75 працэнтаў насельніцтва. Адметнасць гэтага кутка Гомельшчыны ў тым, што, нягледзячы на зразумелую рэарганізацыю клубаў (на культурнае абслугоўванне 12,3 тысячы жыхароў раёна працуюць сёння 38 устаноў галіны), колькасць клубных фарміраванняў не зменшылася, а ледзь не ўдвая ўзрасла. Тлумачыцца ўсё проста: Нараўляншчынай не першы год кіруе Валерый Шляга, які ў старшыні райвыканкама выйшаў — бадай, першы на Беларусі — з намесніцкай пасады не аграрнага ці эканамічнага, а менавіта сацыякультурнага кірунку. Таму любы ягоны кіраўніцкі захад, і вытворчы ў тым ліку, зарыентаваны найперш на чалавека, на чалавечую духоўнасць, ментальнасць і прагу самавыяўлення. Пэўна, таму і крэда ў Валерыя Васільевіча ёмістае і для раёна лёсавызначальнае:

БУДЗЕМ ЖЫЦЬ!
Старшыня Нараўлянскага райвыканкама Валерый ШЛЯГА:
— Канешне, праблем Чарнобыльскай зоны ніхто не адмяняў. Звязаны яны найперш з
 /i/content/pi/cult/132/708/Kult1.jpg
кадрамі, з умацаваннем матэрыяльнай базы ўстаноў культуры. Але, як паказвае практыка, няма невырашальных праблем. Пра шчыраванні ў гэтым кірунку больш падрабязней распавядзе начальнік аддзела культуры. Я ж падкрэслю галоўнае: штодзённая праца нашых культурнікаў, мяркуючы па стане спраў на Нараўляншчыне, задавальняе насельніцтва, значыць, задавальняе і мяне.
Нам заўжды ёсць што паказаць не толькі на раённых cцэнах. “Экспартуем” мясцовую культуру не толькі па сваёй рэспубліцы, але і ва Украіну. І не без поспеху.
Выпрацавалі аптымальную схему культурнага абслугоўвання, абавязковым складнікам уключылі ў яе і сацыяльныя паслугі. Захавалі і аптымальную сетку ўстаноў культуры. А, паверце, была вялікая спакуса зрабіць рэарганізацыю больш маштабнай. Не пайшлі на гэта — і правільна зрабілі! І людзі ў час раённых фестываляў, выязных канцэртаў, вясковых святаў-абрадаў адчуваюць увагу да сябе, не трацяць аптымізму, вераць у будучыню.
Надзвычай важна і тое, што і раён адчувае істотную падтрымку дзяржавы.
Шэфства над Нараўляншчынай узяў ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў культуры. Не магу не выказаць шчырую ўдзячнасць яго старшыні Мікалаю Шаўцову, які ўзначальваў калісьці наш райвыканкам і цяпер не забываецца на раён, і старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леаніду Козіку. Так што, сапраўды, жыць будзем!
Райцэнтр добраўпарадкоўваецца на вачах. У рэспубліканскім спаборніцтве сярод гарадоў сваёй катэгорыі занялі па добраўпарадкаванні першае месца. У перспектыве — адраджэнне палаца ХІХ стагоддзя братоў Горватаў, дзе праз час размесціцца гарадскі культурны цэнтр: этнаграфічны музей, грамадскія музеі, якія месцяцца пакуль у школах, і аддзел культуры. Плануем актывізаваць турызм, бо мясціны ў нас, як і людзі, — найпрыгажэйшыя. Самабытная палеска-прыпяцкая культура, якую трэба абавязкова захаваць для нашчадкаў. Тым больш, што моладзі ў раёне ўжо шмат, з ёй і трэба ў першую чаргу працаваць. Вобразна кажучы, больш складаны працэс, за які адказваюць нашы культасветработнікі, — 

ДЭЗАКТЫВАЦЫЯ ДУШЫ
Начальнік аддзела культуры Нараўлянскага райвыканкама Віктар ЗАХАРАНКА:— Менавіта так і разглядаем сваю першарадную задачу: робім усё для таго, каб душы нашых людзей заставаліся чыстымі і датклівымі. Пагадзіцеся, у наш прагматычны век гэта задача не з простых. Таму і клопат пра адукацыю спецыялістаў галіны разглядаем як адзін з неадкладных. З 93-х работнікаў культуры вышэйшую адукацыю маюць толькі 18, сярэднюю спецыяльную — 34. Як жыццё паказвае, спадзявацца на размеркаваныя кадры з іншых раёнаў не варта. Стаўку робім на сваіх, дамарослых, так званых мэтавікоў. У выніку 9 маладых людзей з Нараўляншчыны навучаюцца завочна ў ВНУ, 5— у сярэдніх спецыяльных установах. І практыку гэтую будзем пашыраць.
Наконт матэрыяльнай базы. Вы не ўбачыце на раёне ніводнага клуба, ніводнай бібліятэкі, якія б не падрыхтаваліся грунтоўна да ацяпляльнага сезона. У аграгарадку “Завайць” для ацяплення СДК устаноўлены новыя катлы, вырабленыя ў Брэсце па нямецкай тэхналогіі і ледзьве не ўдвая больш эфектыўныя за папярэднія. А на рамонт самога Завайцянскага СДК пайшло больш за 150 мільёнаў рублёў. Не магу не адзначыць з гэтай нагоды разваротлівасць нашай гаспадарчай групы, якой больш чым 10 гадоў кіруе Анатоль Маргулец. Выдатна адрамантаваны РДК і насычаны самай сучаснай апаратурай. У планах — грунтоўная рэканструкцыя школы мастацтваў. За ўсім гэтым— шчырая і прадметная падтрымка кіраўніцтва раёна, вобласці, дзяржавы. Да прыкладу, шыкоўны МАЗаўскі аўтобус, які зрабіў нашы народныя калектывы сапраўды мабільнымі не толькі ў межах Беларусі, — доказ пастаяннай увагі да нас з боку начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Аляксандра Прусава…
Нашы фестывалі “Галасы Нараўляншчыны”, “Калядныя сустрэчы” сталіся для раёна знакавымі, бо не проста забаўляюць ці прэзентуюць палескае мастацтва, але найперш аб’ядноўваюць людзей, змушаюць іх да творчага разумення жыцця. А менавіта такі светапогляд — я проста перакананы — нараджае інавацыі, крэатыўныя ідэі. Да прыкладу, мы першыя з раёнаў Беларусі, хто ў Дзень горада, 25 жніўня, правёў мерапрыемства пад назвай 

МУЗЕЙНАЯ НОЧ
Пра яе нам больш падрабязней распавяла дырэктар Нараўлянскага этнаграфічнага музея Раіса Бобр. Музей па ўзоры сталічных ды замежных устаноў працаваў да 23 гадзін. Атрымалася цудоўная вечарына сямейнага адпачынку. Мясцовыя мастакі пісалі партрэты нараўлянцаў, былі наладжаны відэапрагляд і чаяпіцце, натуральна, адчынены былі музейныя экспазіцыі. Скажам, для Мінска падзея — ардынарная, а для Нароўлі — ледзь не рэвалюцыйная…
Цяпер — пра сам музей. Любы турыст-вандроўнік аб’ект гэты абмінуць не здолее. Месціцца ён насупраць шыкоўнай гасцініцы, ля школы мастацтваў, побач з надзвычай маляўнічым прыпяцкім узбярэжжам, дзе ўстаноўлены помнік 36 зніклым вёскам раёна. А перад установай — адмысловы твор маладога кераміста Дзмітрыя Казакова. Гліняную паставу палешука нараўлянцы празвалі “музейным дзедам”. Знаходзіцца музей у драўляным, колішнім жылым, доме. Стогадовы будынак — сам па сабе помнік архітэктуры, але не менш унікальнае і яго змесціва. У сямі залах — уся гісторыя і этнаграфія краю. Музейныя кампазіцыі побытавых рэчаў з дакладнасцю паўтараюць жывапісныя палотны таленавітага Юрыя Фесюка. Ён, як і не менш даравіты мастак Мікалай Цімошанка, творы якога таксама сталі неад’емнай часткай экспазіцыі, — супрацоўнік раённага ад-дзела культуры. Мо дзе і ёсць праблемы з экспазітарамі-афарміцелямі, ды толькі не ў Нароўлі. “Хлопцы апантаныя”,— дае ацэнку Віктар Захаранка.
Пра музейшчыкаў таксама гаворка асаблівая. Раіса Бобр, колішняя выпускніца Мазырскага педуніверсітэта, паспявае і ў музеі ўпраўляцца (выстаўкі тут мяняюцца з зайздроснай
 /i/content/pi/cult/132/708/Kult2.jpg
рэгулярнасцю), і па мясцовым радыё прапагандуе народныя традыцыі, і ў райгазеце выступае як гісторык і краязнаўца, і змену рыхтуе (навуковы супрацоўнік музея Ірына Камкова Мазырскі універсітэт скончыла), і кніжку піша для дзяцей…
Яшчэ адзін самаахвярнік — Васіль Чайка, таксама колішні выпускнік Мазырскай ВНУ. Тры грамадскія музеі, якія знаходзяцца пакуль у сярэдніх школах №2 і № 3 Нароўлі, пачаліся з нейкай адмысловай капейкі, якую нейкі навучэнец раптам падсунуў Васілю, — і пайшло-паехала. Цяпер Чайка і ягоныя выхаванцы працуюць пад патранатам старшыні райвыканкама, на тры жывыя і арыгінальныя музеі з унікальнымі экспанатамі побыту, гісторыі і прамысловасці, і на яго кіраўніка паклаў вока Віктар Захаранка.
Маўляў, аддзел культуры кадрамі і інавацыямі не раскідваецца! Таму праз пэўны час, калі будзе даведзены да ладу палац Горватаў, школьныя музеі пераедуць у новае памяшканне і аўтаматычна пяройдуць на баланс аддзела культуры, а Чайка стане чарговым яго супрацоўнікам. Дарэчы, і ён падрыхтаваў сабе пераемніка: колішні вучань Васіля, таксама зацяты калекцыянер, Жэня Кавалёў — ужо на другім курсе музейнага аддзялення Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў…
Цяпер, напэўна, зразумела, што мерапрыемствы кшталту Музейнай ночы ў Нароўлі — акцыя не адзінкавая, а далёка расхінутая ў прасторы і часе як 

НАТУРАЛЬНЫ ПРАЦЭС САМАЎДАСКАНАЛЬВАННЯ
У  Нараўлянскі край, разлінаваны рэчкамі Салакуча, Прыпяць, Нараўлянка, Славечна, немагчыма не ўлюбіцца: ціха, спакойна, велічна. Нават не верыцца, што дзесьці за вёскамі Канатоп, Хільчыха, Кіраў пачынаюцца межы Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Там— зона (уваход і праезд — строга па прапусках), якая дзеліць раён папалам. Але на другой палове — жыццё ідзе і радуе наваколле адмысловымі талентамі.
 /i/content/pi/cult/132/708/Kult3.jpg
Ну чым, як не прагай самавыяўлення і самаўдасканалення, патлумачыць такі цуд, як хата 86-гадовага нараўлянца Івана Антоненкі? Колішні марскі капітан уласнымі рукамі ўзвёў будынак, зрабіў драўлянае рознакаляровае яго аздабленне, упрыгожыў не толькі ўласнае жытло, але і ўвесь райцэнтр. Дом Антоненкі, як і старадаўняя альтанка — маяк на беразе Прыпяці ў парку Горватаў,— сімвалы творчай Нароўлі.
Як, зрэшты, і народныя калектывы РДК — фальклорныя гурты “Вясёлка”, “Скарбніца”, хор ветэранаў вайны і працы. Ніна Гарцман, якая ў культуры больш за 30 гадоў, кіруе хорам і “Скарбніцай”, а ў “Вясёлцы” спявае салісткай. Яна таксама носьбіт досведу і ўзор самаадданасці. “Вучу маладых, — распавядае Ніна Паўлаўна, — што культасветнік у першую чаргу павінен быць кантактным, артыстычным і ўзброеным самымі рознымі ведамі!” А яшчэ Гарцман збіраецца выдаць зборнік аўтэнтычных песень, сабраных у асноўным сярод жыхароў выселенай вёскі Антонаў. Песні гэтыя нават хор Дрынеўскага выконвае… Дальбог, што ні нараўлянец — дык талент! Ды якім бы шчодрым на таленты ні быў райцэнтр, але беларускую 

КУЛЬТУРУ СІЛКУЕ ВЁСКА
Яшчэ адзін ракурс мясцовага досведу: вясковыя ДК працуюць у адным рэчышчы з сельсаветамі. Старшыня Завайцянскага сельсавета Віктар Шмідт паведамляе, не без зразумелага гонару, што вёска трымае ў раёне першае месца па добраўпарадкаванні, а тутэйшы Дом культурылепшы на Нараўляншчыне. У ім і бібліятэка, і шыкоўная трэнажорная зала. Пракладзена аж 7 кіламетраў асфальтаванай дарогі. Дзейнічае філіял музычнай школы.
Паціху аднаўляемся, — гаворыць Віктар Гельмутавіч. — У садку, які, дзякаваць Богу, не зачынілі ў свой час, ужо 15 дзетак!”.
Гаспадыня СДК Ніла Грыгарэнка паведамляе, што жыве і творыць яна ў поўным узаемадзеянні з мясцовымі ўладамі. Сумесна ладзіцца любое мерапрыемстваад дажынак да гаспадарчага сходу. Ніла Адвертаўнамясцовая, з адукацыі ў яетолькі Добрушская вучэльня кінамеханікаў, але практыку мае аж 35-гадовую. Кожнага вяскоўца ведае да драбніц і да кожнага мае свой “ключык”. Клубная гаспадарка на яе плячах вялізная, але ў любым памяшканні ў час самых паўналюдных мерапрыемстваў — бляск-чысціня як ва ўласнай хаце. І ў яе тыя ж прафесійныя рэцэпты: “Кантактным трэба быць, артыстычным, любую клубную справу насычаць сэнсам!”. Несумненна, у тым, што вёска з калень узнялася пасля Чарнобыльскай бяды — заслуга гаспадароў Шмідта і Грыгарэнка, таленавітых арганізатараў з вялікім досведам работы з людзьмі.А ў вёсцы Галоўчыцы мы ўбачылі цэлае 

СУКВЕЦЦЕ МАЛАДЫХ ТАЛЕНТАЎ
Яшчэ колькі гадоў таму дырэктар Галоўчыцкага СДК са сваімі абавязкамі спраўляўся, мякка кажучы, як мокрае гарыць. Начальнік аддзела культуры Віктар Захаранка, які заўжды лічыў функцыі кадравіка аднымі з вядучых сярод бясконцых сваіх абавязкаў, пайшоў на досыць рызыкоўны крок: замест абыякавага небаракі прызначыў кіраўніком клуба маладзенькую дзяўчыну Веру Назарук, без спецыяльнай адукацыі, але з дарам сурёзнага арганізатара. Так і склаўся ў Галоўчыцах дружны калектыў аднадумцаў.
Таццяна Хамутоўскаямастацкі кіраўнік. Піша вершы, сцэнарыі. Заняла сёлета трэцяе месца ў абласным конкурсе культасветработнікаў. Паступіла ў Магілёўскую вучэльню культуры. На дзень нашай камандзіроўкі была на сесіі, але па тэлефоне паведаміла, што хоць і цяжкавата — аж восем кантрольных трэба зрабіць,— але хто ж у маладосці цяжкасцей баіцца?
Бібліятэкару Наташы Даневай шмат у чым дапамагла і дапамагае мама, Марыя Фёдараўна, якая таксама працавала ў Галоўчыцах бібліятэкарам. З цягам часу і прыйшлі да дзяўчат і артыстызм, і ўменне людзей зацікавіць.
Галоўным сваім абавязкам Вера, Наташа і Таня лічаць выкананне абласной праграмы “Моладзь”. Згодна з ёю, дзейнічаюць усе сем клубных фарміраванняў: і танцавальны гурток, і тэатральны калектыў, і самыя разнастайныя ансамблі, і літаратурнае аб’яднанне… Школьнікаў у вёсцы ледзь не сотня ды плюс моладзь (да 40 гадоў) — усе знаходзяць у СДК занятак па гусце. Гэта не толькі тэматычныя дыскатэкі, але і сумесныя паходы ў лес, пошук зёлак пад дэвізам “Аптэка пад нагамі”, начныя песні ля вогнішча (рэй тут вядзе Танін сын Андрэй— віртуозны гітарыст), урэшце — калектыўная дапамога ў рамонце клубнага памяшкання і кацельні. Дарэчы, Вера ў час рамонту ў СДК ледзь не начавала. А галоўнай сваёй заслугай за тры гады дырэктарства лічыць не толькі тое, што клуб як велікоднае яечка стаў, колькі тое, што ўсе вяскоўцы з ёй вітацца сталі (сама Вера не мясцовая — 16 гадоў таму прыехала сюды са Стаўрапольскага краю), нават раіцца.
Натуральна, тры гады культурніцкага стажу — не трыццаць. Стаць дасведчаным — не адзін гузак набіць. Але самае галоўнае — ёсць жаданне набываць адукацыю і працаваць. Звычайнае жаданне прыгожых людзей, што жывуць на прыгожай зямлі.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ,
Андрэй СПРЫНЧАН (фота),
нашы спецкарэспандэнты
Мінск — Нароўля — Завайць — Галоўчыцы — Мінск