Чатыры ў адным праз шаснаццаць

№ 9 (1032) 03.03.2012 - 10.03.2012 г

У залах Гомельскага палацава-паркавага ансамбля працуе выстаўка чатырох беларускіх скульптараў: Валянціна Борздага, Андрэя Вараб’ёва, Віктара Мінко і Віктара Копача. Ва ўсіх чацвярых — вельмі розныя творчыя манеры, стылістыкі, тэмпераменты і, нарэшце, лёсы. Аднак іх усё гэтак жа аб’ядноўваюць студэнцкія гады, праведзеныя ў сценах Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якую творцы скончылі 16 гадоў таму. Менавіта там — у цеснай супольнай акадэмічнай майстэрні — караняцца іх стасункі, сяброўства і, зразумела, творчае саперніцтва, што зрабіла іх такімі, якія яны ёсць цяпер.

/i/content/pi/cult/367/7078/2-4.jpeg

Віктар Копач - стваральнік вялікіх форм для грамадскіх прастораў. Мабыць, ён адзіны з беларускіх скульптараў ажыццявіў гэткае мноства аўтарскіх аб'ектаў у некалькіх дзясятках гарадоў розных краін і кантынентаў.

Андрэй Вараб'ёў - нястомны эксперыментатар, што паспрабаваў сябе ў стварэнні інсталяцый і арт-аб'ектаў, а таксама перформансе, паэзіі, куратарстве. Пакуль спыніўся ён на скульптуры.

Віктар Мінко - майстар завостраных ліній і сэнсаў, выдаты малявальшчык. Арнаментальныя ўзоры яго аўтарства арганічна аплятаюць паверхні не толькі бронзавых скульптур, але і жывой чалавечай скуры, ператвараючы целы сучаснікаў у творы мастацтва.

Валянцін Борзды - высокі прафесіянал, які спалучае эфектныя прыёмы працы ў матэрыяле і нечаканую шматзначнасць. Яму заўсёды ўдаецца знаходзіць баланс паміж дэкаратыўнасцю і канцэптуальнасцю.

Сёння колішнія аднакурснікі зноў ненадоўга раздзялілі адну - цяпер ужо не навучальную, а экспазіцыйную - прастору. Яе наведвальнік атрымае магчымасць пазнаёміцца з апошнімі работамі чатырох скульптараў, якія дасягнулі "творчага паўналецця". І, магчыма, - знайсці ў іх творчасці элементы таго арганічнага цэлага, што складалі чацвёра сяброў, будучы адным курсам кафедры скульптуры, крыху менш за два дзесяцігоддзі таму...

Павел ВАЙНІЦКІ,

сакуратар выстаўкі