Імпрэсія альпійскага ветру

№ 9 (1032) 03.03.2012 - 10.03.2012 г

А яны -- родам з "азёраў" Віцебшчыны

/i/content/pi/cult/367/7077/2-3.jpeg

"Альпійскія матывы"  - пад такой назвай адкрылася ў Мінску выстаўка Віктара Ціханава. Чаму Альпы - у творах беларускага мастака? Адказ вельмі просты. Краіны, у якіх ёсць Альпы (а гэта Швейцарыя, Аўстрыя і поўдзень Германіі, а менавіта - Баварыя), Віктар Ціханаў не проста наведваў ды плённа там працаваў, але і ладзіў там персанальныя выстаўкі.

У экспазіцыі прадстаўлены карціны з трох цыклаў: "Schweiz Zyclus 2000" ("Швейцарскі цыкл-2000"), "Herbst in Baern" ("Восень у Баварыі"), а таксама Аўстрыйскі цыкл, што ствараўся на падставе ўражанняў ад трох паездак у гэтую краіну.

У каталогу, выдадзеным да выстаўкі ў Мюнхене, Віктар Ціханаў напісаў: "Краявіды Баварыі вельмі моцна ўразілі мяне сваёй разнастайнасцю. З аднаго боку, шмат азёр, быццам трапіў на родную Віцебшчыну, але раптам адкрываюцца далягляды з сілуэтамі гор, і адразу ўзнікае жаданне працаваць, каб выказаць на палатне свае ўражанні і адчуванне гэтых кантрастаў. Было вялікае жаданне працаваць і стварыць новы цыкл "Восень у Баварыі"..."

Калі казаць пра творчасць Віктара Ціханава і пра яго індывідуальную манеру жывапісца, то трэба адзначыць, што фарміраванню гэтай манеры папярэднічаў вялікі вопыт працы мастака-манументаліста ў розных тэхніках і матэрыялах. Мазаіка, вітраж, фрэска, разьба па ляўкасе ў спалучэнні з роспісам - гэта не поўны пералік манументальных тэхнік, у якіх плённа працаваў Ціханаў. Менавіта гэты досвед, спалучыўшыся з жывапіснымі якасцямі, паспрыяў таму, што творца выпрацаваў сваю жывапісную манеру, якая нечым нагадвае мазаіку і працягвае традыцыі пуантылізму. Каларыстычны дар жывапісца дазваляе не толькі адлюстраваць прыгажосць рэальнага свету, але і прыўнесці ў палотны сваё, імпрэсіяністычнае, бачанне прыроды.

Віктар Ціханаў любіць падарожжы, новыя ўражанні. Паездкі па Цэнтральнай Еўропе, Іспаніі, Швецыі далі яму багаты матэрыял для творчасці. Гэтыя вандроўкі ўзбагацілі палітру мастака. У ягоных палотнах з'явілася больш сонца, колеравых кантрастаў. Яркае сонечнае святло спараджае своеасаблівую гульню фарбаў, промні святла сярод травы, хмызнякоў, дрэў, вібрыруючыя рэфлексы і блікі на вадзе, быццам магічныя крышталі, прыцягваюць нашу ўвагу сваім зіхаценнем. Яны нібыта клічуць да чагосьці незвычайнага, здаецца, даўно вядомага і адначасова такога незнаёмага...

Але дзе б ні быў Віктар Ціханаў, ён заўсёды прыгадвае някідкія, напоўненыя цішынёй краявіды роднай Беларусі, якія з захапленнем піша па вяртанні дамоў. У творах апошніх гадоў мастак імкнецца ўзмацніць актыўнасць колеру, што непазбежна цягне за сабой жывапісную перабудову ўсяго палатна. Менавіта з дапамогай такіх дынамічных супастаўленняў ён дасягае дакладна ўгаданых спалучэнняў халодных і цёплых адценняў. Структуру палатна стварае тут не малюнак, а святло і цень, кантраснасць каляровых вібруючых плям, якія разам нараджаюць адчуванне загадкавасці, зменлівасці, мімалётнасці стану Прыроды. Тут быццам "парушаецца" дакладнасць знешняга падабенства, але ў поўнай ступені раскрываецца праўда прыхаванага ўнутранага пачуцця. Калі ж гэта пераконвае, то знікае і само пытанне пра падабенства рэальнай прыроды з тым, што адлюстроўвае мастак на палотнах.

Мікалай ПАГРАНОЎСКІ,

мастацтвазнаўца