Шляхамі шляхты

№ 9 (1032) 03.03.2012 - 10.03.2012 г

“Прымерка” перад палацам

/i/content/pi/cult/367/7074/1-2.jpeg

У Канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся аўтарскі вечар кампазітара Ганны Казловай. Праграму склалі два буйныя творы: трохчасткавы Першы фартэпіянны канцэрт "Нараджэнне хрысціянства", у якім саліравала аўтар, і мюзікл "Гісторыя вечнага кахання, або У замку Радзівілаў" - прэм'ера напаўканцэртнай версіі.

Уразіў і склад выканаўцаў: Дзяржаўны канцэртны аркестр "Няміга", салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, запрошаныя артысты. Цудоўныя аркестроўкі абодвух твораў зрабіў знакаміты аранжыроўшчык Леў Карпенка: аркестр гучаў, асабліва - у першым аддзяленні, проста фантастычна! Мюзікл зрэжысіравала аўтар яго лібрэта Таццяна Сінкевіч. Што ж да слухачоў, дык сярод тых, хто далучыўся да творчасці Ганны Казловай, у свой час быў нават... Папа Рымскі: яму перадавалі запіс гэтага Фартэпіяннага канцэрта, зроблены ў Чырвоным касцёле.

- Цудоўна, што аўтар, - адзначыў галоўны дырыжор "Нямігі" Аляксандр Сасноўскі, - не баіцца сесці за раяль. Дый як пры гэтым грае - можна толькі пазайздросціць! Адчуваецца, як шмат укладзена душы, наколькі шчыра нараджалася хрысціянская канцэпцыя: на стварэнне, як вядома, яе блаславіў Мітрапаліт Філарэт...

А як нечакана раскрыліся салісты ў мюзікле! Тых жа Алену Сало, Таццяну Гаўрылаву, Дзмітрыя Капілава, Ілью Пеўзнера і астатніх оперных артыстаў мы прызвычаіліся чуць зусім у іншым рэпертуары. Сапраўдным адкрыццём для публікі сталі і студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі: Раман Круковіч, які ўжо працуе ў нашым Дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, і Дзмітрый Сівакоў, каго вядучыя "далучылі" да салістаў гэтага калектыву... памылкова. Ды, пэўна, невыпадкова: яго шыкоўны барытон, добрыя знешнія даныя і высокі інтэлектуальны ўзровень маглі б стаць для тэатра сапраўднай знаходкай./i/content/pi/cult/367/7074/1-3.jpeg

Стала канчаткова зразумела, што ўся вечарына з'явілася працягам колішніх шляхецкіх традыцый, калі нашчадкі славутых родаў мелі рознабаковую мастацкую адукацыю, не грэбавалі музіцыраваннем і вершаскладаннем, мелі свае творчыя салоны і нават "хатнія" тэатры...

- Пачалося з таго, - прызналася пасля канцэрта ўсхваляваная Ганна Маратаўна, - што нашчадкі шляхты ацанілі мяне як кампазітара, замовілі гімн. Мы з Таццянай Сінкевіч напісалі яго літаральна на адным дыханні. І з таго часу распачалася падрыхтоўка да аўтарскага вечара. Я нават аднеквалася: маўляў, вы не ўяўляеце, чаго гэта каштуе, колькі сіл трэба прыкласці, каб усё зладзіць! Але аднойчы раніцай пачула незямны голас (думаю, гэта была Багародзіца), які сказаў мне: "Трэба крыху папрацаваць". Я страпянулася: зраблю аўтарскі канцэрт! І ў мяне ўсё пайшло як па масле, хаця цяжкасці былі - неверагодныя. Усе артысты - з розных калектываў, іх складана сабраць разам на рэпетыцыю. Але ўсе яны ўлюбёны ў маю музыку. Гэта Гасподзь зрабіў, што ў мяне ёсць каманда, якая працавала на такім энтузіязме. Усе яны, пераўвасабляючыся ў сваіх герояў, быццам гулялі ў гульню, прымяралі на сябе "шляхетнае жыццё". І ім - спадабалася, на рэпетыцыях яны літаральна падскоквалі ад радасці! Я падумала, якое ж гэта шчасце: зрабіць іншых людзей шчаслівымі! Калі я сваёй музыкай запальваю сэрцы - мне больш нічога не трэба. Я і сама ад гэтага шчаслівая!..

Пасля канцэрта паступіла прапанова: паўтарыць мюзікл у нясвіжскім палацы Радзівілаў. А 5 і 6 сакавіка мюзікл убачаць у Брэсце.

На здымках: Ганна Казлова; сцэна з канцэртнай версіі мюзікла.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"