Кінацягнік крануўся

№ 9 (1032) 03.03.2012 - 10.03.2012 г

Як “Адзінокі востраў” стаў "лакаматывам" капрадакшну нацыянальнага кінапрацэсу

 

/i/content/pi/cult/367/7072/2-2.jpeg1 сакавіка ў сталічным кінатэатры "Дом кіно", а з 2-га - у кінатэатрах па ўсёй краіне адбылася прэм'ера стужкі Пеэтэра Сіма "Адзінокі востраў". На працягу ўсяго здымачнага перыяду "К" прысвяціла гэтаму праекту шэраг матэрыялаў, у тым ліку інтэрв'ю з яго стваральнікамі і акцёрамі. Шэраг - таму што стваральнікаў і рэалізатараў праекта сапраўды шмат: "Адзінокі востраў" - незвычайная да апошняга часу для Нацыянальнай студыі капрадукцыя з калегамі з Эстоніі і Латвіі. Прадзюсар з Латвіі Гаціс Упмаліс і рэжысёр з Эстоніі Пеэтэр Сім у свой час звярнуліся на "Беларусьфільм" з ідэяй сумеснай пастаноўкі. І вось, першая ластаўка сур'ёзнай міжнароднай кааперацыі айчынных кінематаграфістаў пабачыла свет.

Зразумейце нашы душы!

Што і казаць, выхаду "Адзінокага вострава" чакалі адразу ў трох краінах Еўропы. Аднак для беларускіх кінатворцаў стужка стала сапраўдным выпрабаваннем на творчую і прафесійную сталасць, бо значная частка здымак адбывалася за межамі Беларусі.

Парадокс, але для масавага айчыннага гледача такой краіны, як Эстонія, на кінакарце прыярытэтаў амаль не існуе, хоць гэтая невялічкая балтыйская краіна ў апошнія часы мела некалькі гучных поспехаў на міжнародным фестывальным узроўні. Прычым можна дакладна вызначыць "спецыялізацыю" эстонскіх кінематаграфістаў: гэта псіхалагічная драма, часам - вострасацыяльная, што закранае балючыя пытанні існавання сучаснага грамадства і асобных яго членаў. Часцей за іншыя ў кадры эстонскіх стужак трапляюць так званыя простыя людзі, якія, здавалася б, не ўяўляюць вялікай цікавасці для масавай аўдыторыі, "узгадаванай" на амаль казачных "супергероях"./i/content/pi/cult/367/7072/2-3.jpeg

"Адзінокі востраў" - таксама стужка пра тых, каго мы сустракаем на вуліцах нашых гарадоў кожны дзень, з кім жывём побач і кожную раніцу вітаемся за кавай. Вядомы сваімі камедыйнымі драмамі апошніх гадоў і біяграфічнай лентай "Георг" пра выбітнага дзеяча музычнай культуры, гэтым разам Пеэтэр Сім зняў фільм аб блізкіх людзях, якія ніяк не могуць знайсці паразумення адно з адным.

Паважаны прафесар літаратуры і ягоны шалапутны сын-машыніст, пад калёсы якога ўвесь час чамусьці кідаюцца самазабойцы і аматары "вострых" адчуванняў; маці і дачка, якая атрымала інваліднасць, але марыць, калі вырасце, стаць балерынай; таксіст, былы ваенны марак, і яго жонка з Беларусі, якая неспадзявана пад час візіту на радзіму сустракае першае каханне; жанчына-паліцэйскі і яе падазроны - урач - лепшы ў краіне хірург-трансплантолаг... Сюжэтных ліній у "Адзінокім востраве" - шмат, і заблытацца ў іх перапляценнях зусім лёгка, аднак Пеэтэр Сім не абраў для сваёй стужкі звычайны ў такіх выпадках кліпавы мантаж. Яго карціна - куды больш тонкае, рамантычнае відовішча, якое нагадвае абазнанаму гледачу аб часах "паэтычнага" кінематографа сарака-, пяцідзесяцігадовай даўніны.

Прынамсі, пэўныя рэмінісцэнцыі, у тым ліку на творы класічнай літаратуры, яшчэ не сведчаць аб тым, што "Адзінокі востраў" - цалкам сучасная, актуальная стужка з выдатнай ігрой беларускіх, эстонскіх і латвійскіх акцёраў ды непрадказальным сюжэтам. Сюжэт Міхкеля Ульмана і Пеэтэра Сіма - цікавы сімбіёз забаўляльнага і павучальнага. Рэжысёр зняў фільм у сваім "фірмовым" камедыйным стылі, калі ўсё, што адбываецца на экране, быццам бы несур'ёзна, хоць пытанні, закранутыя аўтарамі, больш чым важкія.

Акцёрскі бенефіс

/i/content/pi/cult/367/7072/2-1.jpeg"Адзінокі востраў" - сапраўдны "бенефіс" для беларускіх выканаўцаў, якім нячаста даводзіцца выконваць такія псіхалагічна насычаныя і шматгранныя ролі. Пеэтэр Сім у гэтым плане - сапраўды "акцёрскі" рэжысёр, які будуе поспех усіх сваіх стужак не на мантажных і камп'ютарных спецэфектах, а на яркай акцёрскай ігры.

З акцёрскага ансамбля карціны найперш вылучаецца дуэт Святланы Зелянкоўскай і Ігара Сігова, якія якраз увасабляюць закаханую пару "паліцэйскага" і "злодзея". Звычайна нешматслоўны, як і ў лепшых сваіх ролях, Сігоў і куды больш экспрэсіўная прыма Купалаўскага разыгрываюць сапраўдны "фільм у фільме". Праўда, і вобразы, створаныя нашымі выдатнымі акцёрамі, абсалютна новымі для прыхільнікаў іхняй творчасці не назавеш. А вось глыбокі і сапраўды кранальны вобраз гераіні Вольгі Водчыц стаў сапраўдным адкрыццём не толькі "Адзінокага вострава", але і нашага экрана наогул: актрыса, якая раней выконвала толькі ролі другога плана, выглядае ў стужцы прыцягальна і загадкава.

Прывабна для гледача выглядае і яшчэ адзін дуэт - бацькі і сына, каго ўвасабляюць сапраўдныя бацька і сын: Лембіт і Юхан Ульфсакі. Калі першы  - добра вядомы амаль усім пакаленням нашых гледачоў, то Юхан Ульфсак - безумоўна, самы цікавы акцёр "Адзінокага вострава", стаў яшчэ адным адкрыццём гэтай стужкі. Харызматычны выканаўца з вялікім дыяпазонам магчымасцей, Юхан Ульфсак выконвае сваю ролю нібыта нядбайна, насамрэч прапануючы гледачу вельмі дакладны і прыцягальны вобраз "згубленага пакалення".

Шкада, што рускамоўны дубліраваны варыянт, падрыхтаваны для беларускага пракату, не дазваляе ў поўнай меры ацаніць усё багацце інтанацый вымаўлення акцёраў карціны. Фестывальны варыянт агучвання "Адзінокага вострава" ўключае адразу чатыры мовы, на якіх размаўляюць героі ў розных краінах і рознай нацыянальнасці: беларуская, эстонская, латышская і руская. Праўда, беларускія артысты ў інтэрнацыянальным варыянце, зразумела, не агучвалі сваіх герояў-эстонцаў. Таму іхнія рэплікі ў нашым пракаце - двайны дубляж, што не можа не адбіцца на ўспрыняцці карціны.

 

Галоўная каштоўнасць — вопыт

Паводле інфармацыі, якую распаўсюдзіла кіраўніцтва Нацыянальнай студыі напярэдадні прэм’еры, фінансавы ўклад беларускага боку складае прыкладна палову бюджэту стужкі. Пры гэтым значная частка здымачнага працэсу праходзіла ў Беларусі, у тым ліку працаёмкая здымка інтэр’ераў — у павільёнах “Беларусьфільма”.

Інтэрнацыянальная здымачная група па чарзе працавала адразу ў трох краінах. Вялікая здымачная група беларускіх кінематаграфістаў — у Эстоніі. У апошнія гады, звычайна пры сумесных пастаноўках, адбывалася наадварот: замежныя кінатворцы прыязджаюць у Беларусь і супрацоўнічаюць з нашымі спецыялістамі. І вельмі добра, што працаваць над праектам давялося з эстонскім і латвійскім бакамі, краінамі, дзе мастацтва кіно працягвае актыўна развівацца і знаходзіць свайго гледача па ўсёй Еўропе. Тым больш, вялікі, можна сказаць, бясцэнны вопыт працы за мяжой з замежнымі кінематаграфістамі атрымалі нашы акцёры. Для Ігара Сігова, Святланы Зелянкоўскай, Вольгі Водчыц, Валерыі Арланавай, Веранікі Пляшкевіч “Адзінокі востраў” стаў сапраўдным прарывам на сусветную кінапрастору: дыстрыб’юцыя фільма і яго фестывальнае жыццё толькі пачынаюцца. Зразумела, стужка відавочна не прэтэндуе на ўдзел у фестывалях класа “А”, бо не мае звышарыгінальных адметнасцей ці модных, як цяпер кажуць, “трэндавых” рыс, якія ўпадабаны на аглядах вышэйшага ўзроўню. Але год толькі пачынаецца, і можна быць упэўненым, што сваю фестывальную аўдыторыю і, без сумнення, прызы “Адзінокі востраў” яшчэ спаткае.

Пакуль карціны толькі стартавала ў пракаце, даводзіцца падлічваць іншыя “дывідэнды”, якія ўсе мы, аматары добрага, якаснага кіно з нашай краіны ўжо атрымалі. А атрымалі — шмат. Галоўнае ж — цвёрдую ўпэўненасць у тым, што беларускія акцёры могуць выглядаць на экране і выконваць ролі са складаным псіхалагічным малюнкам не горш за сваіх калег з багатымі кінематаграфічнымі традыцыямі і добрай акцёрскай школай. Свой узровень пацвердзіла беларуская аператарская школа праз вельмі якасную працу Вадзіма Пацеева. Але галоўнае — айчынны глядач атрымаў упэўненасць у тым, што прадукцыя “Беларусьфільма” можа быць цікавай для сучаснага спажыўца з мастацкімі, а не адно з забаўляльнымі запытамі. У апошнім плане прыклад “Адзінокага вострава” ўвогуле нельга пераацаніць.

 

Што далей?

Зацікаўленыя ва ўсебаковым развіцці айчыннага кінапрацэсу спытаюць: а што там, "за "востравам"? Ці здольны аднасерыйны праект стаць тым "лакаматывам", што надасць доўгачаканае паскарэнне "цягніку" нацыянальнага кінамастацтва? А адчуванне таго, што беларускі "кінацягнік" нарэшце "скрануўся" з месца, лунае на "Беларусьфільме" ўвесь апошні час, і "Адзінокі востраў" - яшчэ адно яскравае пацвярджэнне новаму тэматычнаму і мастацкаму курсу, якім ідзе Нацыянальная студыя. Пошукі свайго, сучаснага, добра пазнавальнага героя, праблем, якім той жыве, балансу паміж забаўляльным і пазнаваўчым - эстонскі майстар Пеэтэр Сім даў беларускім калегам добрыя арыенціры. Пры ўсіх цяжкасцях пракату негалівудскага кіно ў сучасным кінапракаце, "Адзінокі востраў" намагаецца заняць сваю нішу, знайсці свайго гледача, для якога ў рэпертуары кінатэатра няма месца. Калі гэтыя актыўныя пошукі будуць прадоўжаны, у тым ліку з удзелам замежных кінематаграфістаў і міжнароднай кааперацыі, то наступныя вынікі не прымусяць сябе чакаць.

На здымках: кадр з фільма (уверсе); рэжысёр Пеэтэр Сім і прадзюсар Гаціс Упмаліс на прэм'еры ў сталічным Доме кіно; Ігар Сігоў чакае прэм'еры.

Фота Юрыя ІВАНОВА