“Мы — героі” загучыць і па-беларуску!

№ 9 (1032) 03.03.2012 - 10.03.2012 г

“Лайтсаўнд” на шляху да “Еўрабачання”

/i/content/pi/cult/367/7070/1-1.jpeg

Прадстаўляць Беларусь на "Еўрабачанні-2012" у Баку паедзе гурт "Лайтсаўнд". Для адных - прызнаныя ўлюбёнцы, для іншых - не надта вядомыя ў нас выканаўцы... Сёння ж браты Дзмітрый і Уладзімір Каракіны (разам са сваім бацькам Юрыем Каракіным - дырэктарам гурта) - госці "К". Дадамо, што наша газета не засталася ад іх творчасці ўбаку і "да Баку": інтэрв'ю з хлопцамі і рэцэнзія на іх выступленні ў Міжнародным конкурсе "Новая хваля" былі змешчаны яшчэ ў 2010-м.

"Еўрафэст" жа браты Каракіны штурмавалі з 2006-га - прытым, што як "Лайтсаўнд" сталі выступаць з 2005 года. Нарэшце, гэтая прыступка ўзята. Якія ж крокі гурта будуць наступнымі - "па дарозе на "Еўрабачанне"? Што на сёння ўжо зроблена, а што - пакуль не? Хто і як дапамагае? На якім этапе - падрыхтоўка прэзентацыйнага кліпа на конкурсную песню? Ці плануюцца прома-туры? Якім, нарэшце, будзе канчатковы выгляд сцэнічных строяў і ўсяго відовішча? З гэтых пытанняў і пачалася наша размова.

Дзмітрый: - Галоўнае - выступіць годна. Пакуль робім усё самі. Гэта ўвогуле наш прынцып: спадзявацца, найперш, на саміх сябе. Так што - усё нармальна, усё ОК. Што ж да прома-тураў, дык мы разлічваем на сваіх прыхільнікаў у розных краінах. Канешне, можна правесці для іх серыю канцэртаў, але наўрад ці гэта мэтазгодна на дадзеным этапе. Усё патрабуе часу, а ў нас яго вельмі мала: засталося ўсяго два месяцы. Самае важнае, што зараз трэба, - падрыхтаваць кліп і фанаграму. І не проста завяршыць да пэўнага тэрміну, а давесці да такога стану, каб яны нам падабаліся. А гэта звычайна складана.

Уладзімір: - Нам бывае цяжэй дагадзіць самім сабе, чым слухачам. Але гэта і становіцца своеасаблівай "меркай якасці". Нармальна, калі ты для сябе - самы прыдзірлівы крытык.

- І што, нават кліп цалкам самі здымаць будзеце? Як-ніяк, а летась вы атрымалі, у прыватнасці, Нацыянальную музычную прэмію ў намінацыі "Лепшы кліп года" - за тое, як "візуалізавалі" сваю песню "See you in Vegas"...

Дзмітрый: - Не, самастойна здымаць кліп для "Еўрабачання", шчыра прызнацца, не збіраліся... Урэшце, не хвалюйцеся: усё будзе крута!

- Увогуле, якой, на вашу думку, павінна быць для "Еўрабачання"? Вы спыніліся на песні "Мы - героі" таму, што яна была лепшай сярод вашых новых кампазіцый? Ці стваралі яе спецыяльна для песеннага форуму?

Дзмітрый: - Апошняе. Тлумачу: у гэтай песні - наша жыццёвая філасофія. І мы хочам данесці яе да людзей. У тым ліку - праз "Еўрабачанне".

Пакуль жа, на маю думку музыказнаўцы, больш актуальна іншае: як лепш данесці (нават не да ўсяго свету - да Еўропы, што сядзе са сваім бачаннем да тэлевізараў) конкурсную песню. Тут важна ўсё: і энергетыка, якой хлопцам не займаць, і знешні антураж.

- Ці зменяцца вашы сцэнічныя строі?

Уладзімір: - Хутчэй за ўсё, яны стануць іншымі. Для "Еўрабачання" трэба будзе рабіць новую канцэпцыю ўсяго нумара - і ў адпаведнасці з гэтым зменіцца ўсё астатняе. У нас ёсць варыянт: працаваць над падрыхтоўкай з грэчаскай камандай, якая "вяла" Дзмітрыя Калдуна, Ані Лорак. Але ўсё залежыць ад таго, як вырашыцца фінансавы бок справы. Працаваць не баімся. Так што, хаця "каманды па падрыхтоўцы" ў нас пакуль няма, не хвалюемся. Бо ведаем: саміх сябе не падвядзём.

- А тое, што вы прызвычаіліся рабіць усё самі (уласныя музыка, словы, кліп), - з-за недаверу да іншых спецыялістаў?

Дзмітрый: - Паслугі іншых арганізацый каштуюць звычайна дорага, а вынік задавольвае не заўсёды. Таму прасцей бывае ажыццявіць усё самім, што мы і робім. Як бачыце, даволі паспяхова, бо за гэта атрымліваем прэміі.

- Пэўна, выкарыстоўваеце і вопыт "Новай хвалі", дзе на першым плане - рэжысура?

Уладзімір: - Безумоўна. Заняткі з рэжысёрам Аляксандрам Рэўзіным сталі для нас сапраўднымі ўрокамі, навучылі візуальнаму ўспрыняццю песень. Шмат дало супрацоўніцтва з Валерыем Галаўко - адзіным на сёння беларускім кампазітарам, які піша музыку для Галівуда. Яго песня "Мама", што прынесла нам у Юрмале самыя высокія балы, - гэта шэдэўр! Спадзяёмся, нашы стасункі з ім будуць працягвацца і надалей.

- Цяпер галоўны аўтарытэт - бацька?

Дзмітрый: - Ён ніколі не ўмешваецца ў музыку.

Юрый Дзмітрыевіч: - Мая задача як бацькі была - даць ім у рукі "вуды". Няхай самі "ловяць рыбу"! Я толькі забяспечыў ім стартавую пляцоўку: музычныя інструменты, абсталяванне. А як сталі зарабляць самі - з'явіліся і ўласныя грошы на ўсё гэта...

Маё запрашэнне да размовы гэткага "бацькі-дырэктара" ў адной асобе - невыпадковае. Юрый Карагін ужо сам па сабе настолькі цікавы чалавек, што даўно павінен быў стаць аб'ектам павышанай журналісцкай увагі: чэмпіён Еўропы, СССР і Беларусі па прыкладным мнагабор'і, знаўца ў галіне інфармацыйных сістэм. Ну ніколі не паверу, што хлопцы "зрабілі сябе самі", а ён займаецца адно наладжваннем іх побыту ды выкананнем райдара.

- Пан Спартсмен, пан Прафесар, пан Дырэктар... Усе гэтыя ролі, выкарыстоўваючы "тэрміналогію" колішняга тэлевізійнага "Кабачка "13 крэслаў", узнікалі ў вас паслядоўна ці штосьці было "па сумяшчальніцтве"?

Юрый Дзмітрыевіч: - Ды ўсё было адначасова! Спорт сумяшчаў з вучобай, а на пятым курсе, паралельна ўсяму, мне прапанавалі кіраваць студэнцкім канструктарскім бюро. Быў я і дырэктарам першай у нас сумеснай з замежнымі партнёрамі камерцыйнай камп'ютарнай фірмы, выкладаў у БНТУ. Цяпер - вольны навуковец: кантактую са сваімі былымі студэнтамі, займаюся ўласнымі распрацоўкамі, выступаю кансультантам, супрацоўнічаю з замежнымі фірмамі. Займаючыся справамі "Лайтсаўнда", я зразумеў, што гэта - таксама вытворчасць. Гурт і кампанія "па вырабе", так бы мовіць, песень і кліпаў на заказ - гэта "прадпрыемства", якое працуе 24 гадзіны на суткі. Вельмі зручна - для ўсіх. Ёсць уласная студыя, я забяспечваю ўсё, што патрэбна. Каму больш, чым бацьку, яны могуць давяраць? На іх долю застаецца - творчасць. Я сам, калі быў малады, марыў, каб можна было займацца творчасцю без усялякіх перашкод, не марнуючы часу на побытавыя ды іншыя праблемы. Таму цяпер імкнуся зрабіць гэта для сваіх дзяцей. Нават паставіў на іх эксперымент - педагагічны. У Кітай, куды мяне запрасілі кансультантам, мы паехалі ўсёй сям'ёй. Жылі ў Чаньчжоу, непадалёк ад Шааліня, але далёка ад Пекіна, дзе хлопцы павінны былі б хадзіць у школу пры нашым Пасольстве. Таму яны, можна сказаць, атрымалі хатнюю адукацыю, здаючы іспыты экстэрнам. І гэта дало плён!

Я заўсёды лічыў і лічу, што ніякі прымус да дабра не даводзіць. Галоўнае - зацікавіць. А далей - усё само сабой пойдзе. Так і атрымалася. Зацікавіліся музыкай? Купіў гітару. І гэтак далей. Вырашылі здымаць кліпы? Дзіма пераключыўся з архітэктурнай адукацыі на рэжысёрскую, вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Усё, што датычыцца творчасці, - гэта ўжо іх уласныя дасягненні. І перамогі на конкурсах, у тым ліку з далейшымі кантрактамі і творчым супрацоўніцтвам, - у ЗША, Італіі, Малдове. І тое першае запрашэнне на гастрольнае турнэ па кітайскіх універсітэтах, дзе публіка на іх літаральна валам валіла, а яны нават кітайскай мовы не ведалі! У нас там было амаль цалкам англамоўнае асяроддзе - дзеці загаварылі па-англійску. З беларусаў аказалася толькі Вольга Бельцюкова - цудоўная піяністка, жонка нашага кампазітара Сяргея Бельцюкова, маці траіх дзяцей (усе цяпер - выдатныя акадэмічныя музыканты, добра вядомыя не толькі ў нас, але і ў замежжы), вельмі шчыры і адкрыты чалавек, заўсёды гатовы дапамагчы...

Усё сапраўды так: Вольга нават захоўвае эксклюзіўны фотаздымак аднаго з першых "хатніх" складаў музычнай суполкі: браты Каракіны, Ксенія Бельцюкова з флейтай, Аляксандр Дулаў (сын рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, доктара мастацтвазнаўства, прафесара Кацярыны Дулавай і піяніста Уладзіміра Дулава) - з віяланчэллю.

- Па-беларуску вы не спяваеце... Але, не - была, здаецца, песня, прадстаўленая ў віцебскім Амфітэатры, дый і тое - перакладзеная: "Мой лёс", а таксама аднойчы разам з "Песнярамі" спявалі "Завушніцы"... Можа, ваш другі альбом, якога ўсе так чакаюць, стане "Дарогай на Беларусь"? Па аналогіі з першым, які называўся "Па дарозе ў Галівуд"...

Уладзімір: - На жаль, я не валодаю беларускай мовай настолькі, каб пісаць вершы. Больш камфортна пачуваю сябе ў англійскай, цяпер яшчэ і вучуся ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Але ёсць ідэя запісаць песню для "Еўрабачання" па-беларуску. Мне сябры даслалі сваю беларускамоўную версію - крыху пачакайце, усё будзе. З'явіліся ж у нас рускамоўныя песні - для той жа Веры Карэтнікавай. А што да альбома... Сем песень, вы ведаеце, ужо выйшлі ў ратацыю. Да іх далучацца яшчэ як мінімум чатыры - проста, цяпер, зразумела, на гэта не стае часу.

- З чым бы вы ўвогуле параўналі музыку: з архітэктурай (кажуць жа, што архітэктура - застылая музыка) ці з гонкамі, якімі так захапляліся?

Уладзімір: - Архітэктура сапраўды застылая, а музыка, як і гонкі, - гэта рух.

Дзмітрый: - З усім тым, што выпрацоўвае гармоны шчасця.

- А ў дзяцінстве хто быў любімым казачным героем?

Дзмітрый: - Не памятаю, я тады маленькім быў.

Уладзімір: - Карлсан.

- Бо ён гарэзіў, "хуліганіў"?

Уладзімір: - Не: ён уяўляўся такім абаяльным, свабодным...

Сапраўды, чым не сімвал творцы! Жыве на даху? Хутчэй, дзесьці ў завоблачных далячынях. Бо лётае! І гэта галоўнае. Усе побытавыя праблемы для яго - не праблемы. Ён, проста, у іншай рэчаіснасці - мастацкай.

Юрый Дзмітрыевіч: - Яны вельмі розныя. Старэйшы, Дзіма, - прыроджаны гуманітарый. Займаўся маляваннем, у восем гадоў стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу. Валодзю больш цікавілі дакладныя навукі: матэматыка, фізіка. А потым той узяў у рукі гітару - і ўсё: буду, як старэйшы брат.

Уладзімір: - У духоўным плане мы цяпер папраўдзе - "блізняты": адны мэты, ідэі, няма ўласных амбіцый.

- А дзе вучыліся так прафесійна працаваць з прыхільнікамі? Фан-клубы ў розных краінах, V.I.P.-клуб са сваімі ўмовамі прыёму, падарункамі, латарэямі...

Дзмітрый: - Гурт пачынаецца тады, калі ёсць што сказаць. А фаны - калі ёсць каму гэта слухаць. Усё пачыналася з таго, што ім падабалася наша музыка. А далей - яны самі сябе арганізоўвалі. І мы ўдзячныя ім за падтрымку - цяперашнюю і будучую...

Юрый Дзмітрыевіч: - Карыстаючыся выпадкам, віншуем усіх жанчын і дзяўчат з надыходзячым святам! Будзьце, як кветкі, свежымі, прыгожымі, яркімі, рознымі і заўсёды - з вясновым настроем!

Уладзімір: - Настрой мы вам забяспечым, абяцаем!

Дзмітрый: - Так, з намі настрой - забяспечаны! І "драйв" - таксама!

Фота Паўла ПАТАШНІКАВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"