Поліс Полацк: праз мінулае — у будучае

№ 9 (1032) 03.03.2012 - 10.03.2012 г

Прэзентацыяй горада Полацка, што прайшла 29 лютага ў Доме дружбы, распачаўся шэраг культурных мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 1150-годдзя з часу заснавання горада.

Імпрэза, якая сабрала прадстаўнікоў міністэрстваў, пасольстваў, акрэдытаваных у Беларусі,/i/content/pi/cult/367/7065/1-3.jpegзнакамітых палачан, творцаў ды самую разнастайную публіку, сваёй мэтай ставіла папулярызацыю Полацка як горада, які можа пахваліцца не толькі сваёй багатай культурнай спадчынай, але і прывабнымі інвестыцыйнымі магчымасцямі.

Старшыня Полацкага гарвыканкама Аляксандр Пазняк у прэзентацыі праектаў развіцця славутага поліса прадставіў Полацк горадам не толькі мінулага, але і цяперашняга. Макет пабудовы новай інфраструктуры вакол яго славутасцей - Сафійскага сабора, тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ды іншых помнікаў - прадэманстраваў турыстычны патэнцыял "бацькі гарадоў беларускіх", святыні якога, вядомыя далёка за яго межамі, нарэшце, могуць атрымаць належнае рэкрэацыйнае атачэнне. "Запрашаем усіх наведаць Полацк не толькі ў дзень яго народзінаў, які адбудзецца 25 мая, але і ў любы час, - падсумаваў Аляксандр Пазняк. - Мы адкрыты для кантактаў".

Вечар дапоўнілі выступленні творчых калектываў, а таксама прэзентацыя кнігі Навума Гальпяровіча "Я - ад дрэва твайго лісток".

- Полацк быў першым горадам, які я наведаў у Беларусі, - падзяліўся сваімі ўражаннямі пасля прэзентацыі з 

карэспандэнтам "К" Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Сербія ў Рэспубліцы Беларусь доктар Стоян Еўціч. - Мне ён вельмі спадабаўся. А, як кажуць у нас у Сербіі, першае каханне ніколі не забываецца... І таму пасля імпрэзы я абавязкова наведаю яго ўвесну...

/i/content/pi/cult/367/7065/1-4.jpeg

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Гун Цзяньвэй таксама не застаўся абыякавым да "Горада музеяў".

- Усё пачутае на імпрэзе ўразіла мяне каласальна! - сказаў ён нашаму карэспандэнту. - Мне захацелася больш прачытаць і даведацца пра гэты горад, бо ў ім, я зразумеў, - карані беларускай культуры. Хацелася б, каб і дэлегацыя кітайскага пасольства больш пра яго дазналася. Мы павінны туды паехаць...

Яшчэ спадар Гун Цзяньвэй агучыў і прапанову аб пошуку горада-пабраціма Полацка ў Кітаі: "Чаму ў Наваполацка такі партнёр ёсць, а ў Полацка няма?" - зазначыў ён.

Д.А.

На здымках: старшыня Полацкага гарвыканкама Аляксандр Пазняк на прэзентацыі; разварот кнігі "Я - ад дрэва твайго лісток".