“Золата — не золата, не пабыўшы пад молатам”

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

Уся палітра яго падпарадкоўвалася выяўленню "нутра" чалавека..."

/i/content/pi/cult/366/7060/2-3.jpg

(Заканчэнне. Пачатак у № 7.)

...Успаміны вучня Мініна - мастацтвазнаўцы і графіка Пятра Герасімовіча - паказваюць, як вырашаў мастак тыя матэрыяльныя праблемы, што былі звязаны з ксілаграфіяй: "...Ва ўмовах правінцыйнага горада атрымаць для гравюр пальмавыя дошкі было практычна немагчыма. Мінін сам рабіў дошкі для сваіх гравюр з дзікай шматгадовай сухой грушы або крутой бярозы, якая расла на нізкіх балотных глебах. Тарцовыя дошкі наклейваліся на дошкі ўздоўжнага пласта, вытрымліваліся пад вялікім ціскам і затым шліфаваліся. Таксама і штыхелі ў Мініна былі ўласнай работы..."

Валянцін Ціхановіч, таксама вучань Мініна, успамінае: "...Беднасць была жахлівая, і працаваць у матэрыяле было не па кішэні - ні студэнту, ні выкладчыку. Мы, студэнты графічнага аддзялення, працавалі на лінолеуме. Яфім Сямёнавіч выконваў свае работы на дрэве. Дошкі для гравюры, штыхелі рыхтаваў сам. У тэхнікуме абсталявалі лабараторыю літаграфіі. У ёй былі ўстаноўлены друкарская машына і два капіравальныя станкі. Быў запрошаны спецыяліст-літограф Піткін, ён быў добра знаёмы з Мініным. Работы Мініна друкаваліся ўжо у многіх выданнях. Па гэтых, заўсёды прафесійна выкананых, гравюрах мы добра ведалі, хто такі Я.С. Мінін. Ведалі, што з ім лічыліся і С.Юдовін, і М.Дабужынскі...".

Невыпадкова тое, што на мастакоўскі светапогляд Мініна зрабілі ўплыў такія дзеячы нацыянальнай культуры, як этнографы і фалькларысты Мікалай Каспяровіч (расстраляны, як і Мінін, напрыканцы снежня 1937-га) і Аляксандр Шлюбскі (пайшоў з жыцця ў 1941 годзе): пад уплывам гэтых навукоўцаў Мінін, бадай, першым скарыстаў у сваіх экслібрысах беларускую мову, беларускі арнамент, г. зн. вельмі глыбока пранік у вытокі народнай творчасці.

З.Азгур успамінае: "...Ад гравюр Мініна вее чымсьці родным. Магчыма, таму галоўным прадметам мастакоўскай увагі Мініна-гравёра быў мой Віцебск. Сярод партрэтаў ягонай работы - віцябчане. Мне люба бывае вяртацца туды, на берагі Заходняй Дзвіны і Віцьбы, бачыць горад, што ўзнёсся на стромкіх рачных берагах, завіліны вузкіх вуліц, стрэхі рознапавярховых забудоў, высокія шпілі... Як тонка і з якой любасцю бачыў чароўнасць родных пенатаў Мінін! Не, ён не "любуецца" даўніной, а адлюстроўвае стары горад, якому наканавана абнаўленне ў часе..."

Напрыканцы 1920-х гадоў Мінін здымаў маленькі пакойчык у шматнаселенай кватэры без выгод у доме на рагу вуліц Смаленская і Савецкая. Пакой знаходзіўся на другім паверсе над уваходнымі дзвярыма, таму быў вельмі халодны. Тут жа мастак, пад шум і гармідар суседзяў-жыльцоў, рысаваў і маляваў свае работы. І толькі ў пачатку 1931-га ён пераехаў на Ветэрынарную вуліцу (цяпер - вуліца Даватара, 20), зняўшы пакойчык у нейкай Гарбаценкавай. Гэты пакой быў светлы і вельмі прасторны, і працаваць тут было адно задавальненне. Вокны выходзілі ў фруктовы сад, які спускаўся да абрыву. Унізе - паўнаводная Віцьба, маляўнічае кустоўе, побач - млын, а за млыном - лодачная станцыя. Сюды Мінін часта прыходзіў з мальбертам адзін або са студэнтамі - "на пленэр". Тут віцебскі хлопчык Лёня Шчамялёў упершыню пабачыў Льва Маркавіча Лейтмана - свайго будучага пасляваеннага настаўніка ў Мінскім мастацкім вучылішчы. Можа, бачыў і Мініна: хіба можна зараз успомніць усіх, хто тады аблюбаваў тыя казачныя мясціны?..

З.Азгур добра запомніў тыя "пленэрныя" часы разам з настаўнікам на беразе Віцьбы: "Паслухаем салаўя, - казаў Яфім Сямёнавіч. - Чароўныя спевы!.. Так спявае перапоўненае пачуццём сэрца. Маленькае, яно становіцца вялікім, бо спявае пра каханне. Але... Сам салавейка не ведае, што спявае пра каханне... У гэтым наша з ім адрозненне. Мастак таксама пакліканы "спяваць" толькі па загадзе сэрца, але ён дакладна ведае, што ўслаўляе і ў імя чаго... Песня салаўіная ўражвае, ці не так? Ну вось ты, Заір, сам, напэўна, адчуваеш, як сэрца замірае. Так і мастак: яго карціна ці скульптура для таго і ствараецца, каб уражваць гледача, зачароўваць, хваляваць. Ды толькі ты, у адрозненне ад салавейкі, павінен ведаць, якую фарбу ўзяць з палітры, каб прымусіць свяціцца блакітнае неба ці - згусціцца вечаровыя прыцемкі... Інтуіцыя?.. У аснове інтуіцыі мастака - здагадка, а яна - сястра ведаў. Веды водзяць яго пэндзлем на палатне, веды, а не стыхійны інстынкт... Салаўю, вядома, лягчэй: яму думаць не абавязкова..." /i/content/pi/cult/366/7060/2-4.jpg

Пачынаючы з 1927 года Мінін часта выстаўляецца гравюрамі і экслібрысамі не толькі на ўсіх беларускіх мастацкіх выстаўках, але і ў Маскве, Ленінградзе, Кіеве. І нават - на ІV і V міжнародных выстаўках кніжнага знака ў Лос-Анджэлесе. Звесткі пра гэта, акрамя каталогаў на англійскай мове, дае часопіс "Полымя" (1929 г., № 4), паведамляючы: лонданскі штогоднік рэпрадуктаваў аркуш Мініна "Стары Віцебск". І тады ж музей Кіеўскага мастацкага ўніверсітэта набыў усе гравюры Яфіма Сямёнавіча. Пра яго шмат пішуць і беларускія крытыкі ды мастацтвазнаўцы. Вядомы беларускі этнограф і фалькларыст М.Каспяровіч адзначыў у часопісе "Маладняк" (1926 г., № 12): "...У выніку вывучэння Мініным старой магілёўскай і віленскай гравюры эпохі беларускага адраджэння і пазнейшай атрымліваецца класічная манументальнасць у яго творчасці, здаровы рэалізм, не пазбаўлены новых тэхнічных дасягненняў...". А потым савецкі даследчык ксілаграфіі У.Воінаў у сваёй кнізе "Русская ксилография за 10 лет" (1927 г.) заўважыў: "Значную цікавасць уяўляюць гравюры маладога віцебскага мастака Мініна, які ўжо цяпер выяўляе моцнае валоданне штыхелем, выразнасць форм і ўменне кампанаваць; гэта абяцае ўзбагачэнне сям'і савецкіх ксілографаў новай незвычайнай велічынёй...". Аўтар кнігі, відаць, добра ведаў творы Мініна, якія з поспехам экспанаваліся на такіх буйных савецкіх выстаўках канца 1920-х, як "Выстаўка мастацтва народаў СССР" і "Гравюра СССР за 10 гадоў" - у Маскве, "Руская ксілаграфія за 10 гадоў" - у Ленінградзе. А потым былі Кіеў і ЗША...

У сваім артыкуле "Шляхі выяўленчага мастацтва БССР" ("Узвышша", 1929 г., № 3) мастацтвазнаўца А.Касталянскі напісаў: "Ад 1925 г. пачынаецца сістэматычная дзейнасць мастакоў Беларусі ў кірунку арганізацыі перыядычных выставак, заснавання творчых аб'яднанняў і г. д.". Напрыканцы артыкула прыведзена наступнае выказванне: "...Мы павінны моцна сказаць, што праз высокую мастацкую культуру зможам прайсці да росквіту выяўленчага мастацтва. Перш за ўсё мы павінны перамагчы правінцыялізм як нашага мастацтва, так і нашага гледача". Быццам бы ўсё правільна для другой паловы 1920-х. А.Касталянскі таксама адзначыў сярод графікаў Мініна і Юдовіна як "самых выдатных", якія "...унеслі шмат своеасаблівага ў мастацтва БССР". Але праз тры гады, калі пачынаецца барацьба з "нацдэмам", "фармалізмам", з "варожымі буржуазнымі ўплывамі", мова крытыка радыкальна змяняецца. На старонках кнігі "Изобразительное искусство БССР" (1932 г.) А.Касталянскі выступае супраць старажытнага мастацтва Беларусі, адзначае "кулацкие реставраторские тенденции национал-демократии", абвяшчае Кастуся Каліноўскага "героем польской шляхты", канстатуе, што вялікая частка мастакоў "...проявляла националистические тенденции, идя в своих работах от белорусской церкви, скорининской "Библии", слуцких поясов...". Асобную ўвагу ўдзяліў творам Яфіма Мініна, Рамана Семашкевіча, Пятра Даркевіча. Да прыкладу: "В гравюрах Минина "Цикл войны" чувствуется влияние экспрессионистской красной группы Германии и есть опасность ремаркизма" (ЛіМ, 1932 г., снежань); "Среди художников БССР были классово враждебные выступления, как экспериментирования витебского художника Минина на 5 Всебелорусской выставке в экслибрисе для Витебского музея, в которых имеется яркая идеализация панского прошлого в Беларуси" (ЛіМ, 1933 г., лістапад). Іншыя крытыкі-вульгарызатары таксама раптам убачылі ў "архітэктурных" творах Мініна "класава чужы рэтраспектывізм", "любаванне сівой даўніной". У часопісе "Мастацтва і рэвалюцыя" ў тым жа 1933-м з'яўляецца артыкул пад тэндэнцыйнай назвай "Аб рэцыдывах нацыянал-дэмакратызму ў творчасці мастака Мініна". А гэта ўжо ну ніяк не спалучалася з кіпучым будаўніцтвам новага сацыялістычнага жыцця! Здаецца, што менавіта з гэтых часоў пачынаецца паступовае цкаванне Мініна як мастака і педагога, хаця яно пакуль ідзе як бы патроху, спадсподу. Але чорныя хмары насоўваюцца ўсё мацней і мацней. Яфім Сямёнавіч на гэта ўвагу не звяртае, адмахваецца, і па-ранейшаму робіць сваю справу, у якой яму вельмі дапамагае яго жонка Алена Пятроўна Самаквасава-Мініна (пайшла з жыцця ў 1995 г. у стогадовым узросце)...

Тэматычна ксілаграфіі Мініна складаюць некалькі асобных серый. Перш за ўсё гэта - краявіды Віцебска і яго наваколля. Пазней мастак стварыў цыкл аркушаў, прысвечаных помнікам драўлянага беларускага дойлідства. Сярод яго твораў - артыстычныя, дакладныя, надзвычай тонкія па разьбе работы "Калона 1812 года ў Віцебску", "Стары Віцебск", "Від Віцебска з боку Віцьбы", "Куточак Віцебска", "Успенская царква ў Віцебску", "Ільінская царква ў Віцебску", "Чорная Тройца", "Царква ля могілак", "Касцёл Святога Антонія", "Ратуша". А пошукі ў галіне станковай графікі завяршыла серыя "Вайна". Тагачасная крытыка адзначыла высокі ўзровень гэтых твораў, іх грамадскае гучанне, асабліва - аркуш "Аблічча фашызму". Значны ўклад Мініна - і ў развіццё беларускага кніжнага знака. Яно і не дзіва. У першыя паслярэвалюцыйныя гады ў Беларусі ўзнікаюць сотні новых дзяржаўных устаноў, школ, бібліятэк, музеяў, фарміруюцца і прыватныя бібліятэкі дзеячаў савецкай культуры, таму заказаў на экслібрысы было шмат. Дык вось, Мініна з поўным правам можна лічыць піянерам беларускага экслібрыса, бо ён, па сутнасці, заклаў традыцыю нацыянальнага кніжнага знака, якая потым паспяхова развівалася ў нас у пасляваенныя гады. Мабыць, самымі вядомымі творамі Мініна ў гэтым "жанры" з'яўляюцца ярка нацыянальныя, выразныя, адметныя экслібрысы для вышейзгаданых М.Каспяровіча і А.Шлюбскага. Цікавы экслібрыс для этнаграфічнага аддзела бібліятэкі апошняга: у цэнтры кампазіцыі - курган, на вяршыні якога паказаны постаці сівога дудара, цымбаліста і селяніна, што грае на трубе. І ўсе тры музыкі надзелены выразнымі індывідуальнымі рысамі, нягледзячы на маленькі памер знака (75х60 міліметраў).

...Напрыканцы кастрычніка 1937-га Мінін у апошні раз прыязджае ў Мінск, каб, па успамінах Веры Салавейчык, купіць для жонкі футра! Краму ўжо зачынілі, але ён разам з членам Праўлення Саюза работнікаў мастацтва, сябрам Ісакам Салавейчыкам угаварыў дырэктара пусціць іх і футра купіў. Пасля Мінін прыехаў у родны Віцебск і амаль на наступны дзень быў арыштаваны. Футра пасля шмат разоў ратавала Алену Пятроўну ад халадоў, асабліва тады, калі яна выстойвала чаргу ля варот турмы дзеля перадачы свайму мужу... Пляменніца Мініна - Людміла Мініна дапаўняе: "Камеры былі так перапоўнены, што месцаў не было не толькі на нарах, але і на падлозе... У Яфіма Сямёнавіча былі сухоты: ён захварэў, калі вучыўся ў Пецярбургу. Тут, у духаце і напаўгалодным стане, ён пачаў задыхацца..." Ну, а потым - расстрэл... Багатая творчая спадчына, бібліятэка і архіў Мініна зніклі "з дапамогай" НКУС. І сёння нам не вядомы лёс многіх твораў мастака. А тое, што дзесьці было выяўлена і знойдзена, ужо не можа належыць нам, беларусам. Паўтаруся, прыкладна, такі ж лёс напаткаў і творчую спадчыну іншага нашага земляка - Рамана Семашкевіча, таленавітага вучня Яфіма Мініна...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"