Краязнаўчыя валанцёры і экапраект

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

Актуальным праблемам развіцця валанцёрскага руху ў захаванні гісторыка-культурнай спадчыны прысвечана прадстаўнічая Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя, што вясной адбудзецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, арганізаваная сумесна з Міністэрствам культуры краіны.

Цэнтральнымі пытаннямі канферэнцыі "Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух" стануць праблемы аховы і выкарыстання помнікаў гістарычна-культурнай спадчыны, вопыт і перспектывы развіцця гэтай дзейнасці, пашырэнне валанцёрскага руху на адбудове помнікаў архітэктуры, а таксама тапаніміка і лінгвістыка як аспекты краязнаўства.

Не менш важным пытаннем, што будзе разглядацца ўдзельнікамі навуковага форуму, стане і фарміраванне турыстычнага іміджа краіны праз папулярызацыю краязнаўства. Як адзначылі яго арганізатары, плануецца выданне зборніка па выніках канферэнцыі з усімі агучанымі выступленнямі.

Тым часам яскравым прыкладам практычнага ўзаемадзеяння валанцёраў і ўстаноў культуры можна лічыць шматгадовы вопыт Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. У прыватнасці, стала ўжо традыцыйнай рэалізацыя валанцёрскіх праграм у гэтай ўстанове, удзел у якіх прымае даволі шмат неабыякавых гараджан.

Так, у рамках распрацаванай валанцёрскай праграмы на 2012 год плануецца ўпрыгожыць тэрыторыю парку, што акружае палац Румянцавых і Паскевічаў. Да прыкладу, у сакавіку - красавіку, кожны аўторак, добраахвотнікі змогуць прыняць удзел у работах на тэрыторыі парку па ўборцы смецця, старога галля, лістоты на газонах. Акрамя таго, плануецца прыцягнуць валанцёраў да актыўнага ўдзелу ў акцыі, прысвечанай Дню птушак, у рамках якой запланавана адрамантаваць кармушкі і развесіць шпакоўні, а таксама акцыі "Дапамажы перазімаваць!", разлічанай на падтрымку вавёрак, што даўно ўжо сталіся адной з галоўных славутасцей парку.

К.А.