Круглы шчыт і “бронь дощатая”

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

Меч, шлем, кальчуга і сякерка-амулет

/i/content/pi/cult/366/7057/1-1.jpegУбачыць, як выглядалі ваяры сівой даўніны, можна па-рознаму: у шэрагу айчынных ды замежных мастацкіх фільмаў, пад час адмысловых турніраў сучасных рыцарскіх клубаў, на палотнах мастакоў... Але пры гэтым часам закрадваюцца сумневы ў гістарычнай дакладнасці рэканструяванай старадаўняй вопраткі ды амуніцыі. Разабрацца з тым, што ж уяўлялі з сябе нашы абаронцы Айчыны ў ХІІ - ХІІІ стст., дапамогуць даныя археалагічных раскопак старажытных гарадоў Беларусі, а таксама некаторыя пісьмовыя крыніцы таго часу.

Землі Беларусі, якія знаходзіліся на скрыжаванні гандлёвых і культурных плыняў, увасаблялі ў станаўленні сваёй мілітарытыўнай культуры найлепшыя ноу-хау таго часу. Менавіта ў ХІІ - 1-й палове ХІІІ ст. абарончая і вайсковая справа нашых продкаў дасягнула сваёй вяршыні. Дык як жа выглядаў сапраўдны ваяр на тэрыторыі Беларусі ў той час? Яго апісанне варта пачаць са шлема, які вянчаў вайсковы строй дружынніка. На нашых землях у ХІ - ХІІІ стст. пераважалі стажковыя шлемы, але, разам з тым, ужываліся і сфераканічныя. Так, стажковы шлем быў знойдзены ў скарбе зброі ХІІІ ст. пад Гроднам. Выяву такога шлема можна ўбачыць і на гравіроўцы, зробленай на рабрыне жывёліны, што выяўлена ў культурным пласце дзяцінца Капыля ХІІ - ХІІІ стст. Там жа, у Капылі, пад час раскопак была знойдзена і верхняя частка сфераканічнага шлема. А вось дэталі купалападобнага шлема сярэдзіны ХІІ - сярэдзіны ХІІІ ст. айчынныя археолагі выявілі на гарадзішчы Свіслач./i/content/pi/cult/366/7057/1-3.gif

У 2-й палове ХІІ ст. пад уплывам заходнееўрапейскіх узораў засцерагальнага ўзбраення на тэрыторыі Беларусі з'яўляецца шлем, які мае выцягнутую форму і загнуты троху наперад верх. Яго выгляд можна ўбачыць на абліччы воіна, змешчанага на гравіраваным медальёне, што знойд/i/content/pi/cult/366/7057/1-5.gifзены ў Ваўкавыску. Варта сказаць, менавіта такая форма шлема змягчала ўдар і лепш бараніла галаву воіна. Арыгінальны шлем 2-й паловы ХІІ - сярэдзіны ХІІІ ст. быў знойдзены ў Слоніме. Ён меў яйкападобнае баявое нагалоўе, да якога была прымацавана паўмаска, што бараніла верхнюю частку твару. Цікава, што гэты шлем спалучаў элементы засцерагальнага ўзбраення балтаў і вікінгаў.

Асноўным жа відам даспехаў для абароны верхняй часткі цела ваяра была кальчуга - сплеценая з металічных кольцаў кашуля. Знаходкі фрагментаў кальчугі зафіксаваны археолагамі па ўсёй Беларусі: у Брэсце, Ваўкавыску, Гродне, Слуцку, Заслаўі, Мінску, Мсціславе, Навагрудку, Рагачове, Полацку і ў курганах каля Полацка, Гомеля. У апошнім нават выяўлена майстэрня для вырабу кальчуг. Паводле выяў, змешчаных на мініяцюрах ХІІ - ХІІІ стст., кальчуга магла закрываць усё цела воіна і нават дасягаць каленяў. Акрамя таго, яна магла закрываць рукі ад перадплечча да кісці, пераходзячы непасрэдна ў кальчужныя рукавіцы, якія падшываліся знутры скураю. Кашуля кальчугі завяршалася каптуром, што апранаўся пад шлем. Зняты каптур укладаўся вакол шыі накшталт высокага каўняра. Меркаваць пра гэтую акалічнасць даюць нагоду выява святога Дзімітрыя на медальёне з Ваўкавыска і гліняная фігурка воіна з гарадзішча Маскавічы. Ззаду і спераду кальчуга мела разрэзы для зручнай пасадкі ў сядло. Да такога строю дапасаваліся кальчужн/i/content/pi/cult/366/7057/1-2.gifыя панчохі альбо нагавіцы. Але гэтая дэталь, уласцівая заходнееўрапейскаму рыцару, не мела ўжытку на нашых землях, бо ператварыла б дружынніка ў непаваротлівага ў баі ваяку. А таму для засцярогі рук служылі звычайныя скураныя рукавіцы. Яны вядомыя па раскопках Полацка, Мінска, Брэста, Віцебска.

Праўда, кальчуга не заўсёды магла даць рады ў супрацьстаянні з такой зброяй, як меч, піка ці бранябойная страла. Гэтай задачы больш адпавядалі пласціністыя даспехі, якія ў ХІІ ст. ужо выкарыстоўваліся нароўні з кальчугай. Гэтыя даспехі складаліся з невялікіх па памерах пласцінак. Па спосабе мацавання пласцінак такія даспехі падзяляюцца на ламенарныя, дзе пласцінкі злучаліся паміж сабою з дапамогаю скураных раменьчыкаў, і лускавыя, у якіх металічныя пласцінкі памерам 6х4 - 6 см прымацоўваліся да скураной асновы ці тканіннай асновы адным краем. У азначаны перыяд пласціністы даспех называўся "бронь дощатая". Дэталі ламенарнага даспеха ХІ - ХІV стст. знойдзены ў Полацку, Мінску, Навагрудку, Гомелі, Брэсце, Друцку, Гальшанах і на гарадзішчы Кульбачына ў Шчучынскім раёне. Часткі лускавага даспеха былі выяўлены ў тых жа Мінску, Навагрудку, а таксама ў Заслаўі і на гарадзішчы Пруднікі Міёрскага раёна. Акрамя таго, быў вядомы і мазаічны даспех, у якім пласціны прымацоўваліся да скураной ці тканіннай асновы ўсутыч. Трэба адзначыць, што лускавы і мазаічны "панцыр" добра забяспечваў войнаў ад сякучых удараў зброі і быў больш эластычны, даваў большую прастору для рухаў, чым ламенарны даспех.

Пад засцерагальнае адзенне - кальчугу або пласцінкавы даспех - на верхнюю частку цела апраналі кашулю - сподняе, вырабленае з тонкага кужэльнага палатна. На яго - "рубаху", сшытую з больш шчыльнага палатна белага, сіняга або чырвонага колеру, нярэдка ўпрыгожаную вышыўкай  - раслінным арнаментам. Рубаха падпяразвалася нешырокім поясам, а на яе надзяваўся каптан з больш дарагой тканіны.

Ніжнюю частку цела воіна закрывалі палатняныя нагавіцы, на якія надзявалі суконныя штаны. У ХІІ - на пачатку ХІV ст., паводле берасцяной граматы з Віцебска, штаны называлі партамі. Адсюль і пайшла пазнейшая назва - "пoрткі". Яны маглі быць як аднатонныя - прыроднага колеру воўны, так і паласатыя, спалучаючы колер тканіны светлага і цёмнага адцення.

Штаны ўбіраліся ў боты, якія у ХІІ -
ХІІІ стст. вырабляліся з найлепшай скуры, часам з саф'яну. Бывала, боты фарбавалі ў які-небудзь колер, напрыклад, у зялёны або чырвоны - "червлён". Так, на мініяцюрах "Кодэкса Гертруды" кіеўскі князь Святаслаў абуты ў боты зялёнага колеру, а Яраполк Ізяславіч - князь Полацкі, Уладзіміра-Валынскі і Тураўскі - у чырвоныя. Акрамя таго, боты маглі расшывацца каляровымі ніткамі, а часам - сярэбранымі і нават залатымі. Да таго ж, на боты мацаваліся шпоры, якія ў ХІ - ХІІ стст. мелі выгляд доўгай дужкі з шыпам у выглядзе конуса або піраміды, часам з шарападобным патаўшчэннем. Дужкі некаторых шпор, напрыклад, як у Ваўкавыску, Віцебску і Слуцку, упрыгожваліся інкрустацыяй з каляровых металаў.

Неад'емным атрыбутам прафесійнага ваяра тых часоў быў і шчыт. У ХІ - пачатку ХІІ стст. усёй Еўропе былі ўласцівы так званыя нарманскія шчыты, якія прыйшлі на змену шчытам круглай формы (такі шчыт трымае шахматная фігурка ферзя, выяўленая ў Брэсце). Яны былі вялізныя па памерах - да 1,5 м у вышыню, - міндалепадобнай формы і закрывалі ў баі ўсяго вершніка. Шчыты рабіліся з дрэва, абцягваліся скурай і мелі на вонкавай паверхні выпуклую металёвую бляху - умбон. Край шчыта акоўваўся жалезам, а вонкавая паверхня размалёўвалася. З унутранага боку рабіліся мацаванні для рукі і шырокі рэмень, які перакідваўся праз плячо. Пры неабходнасці воін мог закінуць шчыт за плечы і пакінуць вольнымі для бою абедзве рукі. Выяву такога нарманскага шчыта можна ўбачыць на гравіроўцы па косці, выяўленай у раскопках дзяцінца Капыля ХІ - пачатку ХІІ стст.

У ХІІ ст., у сувязі з ускладненнем тактычных прыёмаў бою і сродкаў нападзення, знешні выгляд шчыта змяняецца. Па-першае, адбываецца выпрамленне верхняга краю шчыта, што было звязана са з'яўленнем гаршковых шлемаў. Па-другое, з-за распаўсюджвання пласціністых даспехаў шчыты становяцца меншымі па памерах.

Нельга не адзначыць і яшчэ адзін важны момант: неад'емным атрыбутам тагачаснага дружынніка быў амулет у выглядзе мініяцюрнай баявой сякеры. Такі амулет дружыннік дарыў свайму сыну пасля таго, як той у 14 гадоў станавіўся дарослым і атрымліваў права ўдзельнічаць у баявых паходах. Далёка не ўсе ведаюць, што дасягненню паўналецця спадарожнічаў абрад "пострыгу". У прыватнасці, бацька сам рабіў сыну "дарослую" прычоску і прэзентаваў першую зброю - баявую сякеру. Разам з ёй падлетак атрымліваў і дакладную копію сякеры ў выглядзе мініяцюрнага амулета. У Беларусі такія сякеркі-амулеты былі знойдзены ў Мінску, Гальшанах, а таксама на Мядзельшчыне і Лепельшчыне.

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ,

дацэнт БДПУ імя Максіма Танка, археолаг

На здымках: сякеры ХІІ - ХІІІ стст., бронзавае наверша булавы ХІІ ст.
(Слуцк. Раскопкі  Л.Калядзінскага);княжацкі дружыннік (2-я палова ХІІ ст. Мастак - І.Кендзянкоў); меч канца ХІІІ ст. з ваколіц Гродна (Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей).