Закон прыняты, але чаму ён не заўжды спрацоўвае?

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

Канцэпцыя ў праблемнай праекцы

/i/content/pi/cult/366/7056/1-1.jpeg

Он-лайн-канферэнцыя: што сканцэнтруе ў сабе будучы Кодэкс аб культуры?

Днямі ў Інфацэнтры "Культура-інфа" прайшла он-лайн-канферэнцыя, прысвечаная абмеркаванню канцэпцыі праекта Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. Лішне казаць, што нарматыўныя акты, датычныя культуры, - адзін з важных складнікаў усяго беларускага заканадаўства, а нацыянальная культура як адно з апірышчаў дзяржаўнай палітыкі - неад'емная частка суверэнітэту нашай краіны. Адсюль і вынікае, што рэпутацыя Беларусі як дзяржавы з вялізным духоўным патэнцыялам станоўча ўплывае на наш міжнародны імідж, на інвестыцыйны клімат, развіццё ўязнога турызму, на дынамічнае інавацыйнае развіццё нацыянальнай эканомікі.

Для гэтага канцэпцыя праекта Кодэкса і была вынесены на ўсебаковае абмеркаванне. На нядаўняй выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Прэм'ер-міністр краіны Анатоль Тозік падкрэсліў: веданне законаў аб культуры - справа прафесійнай годнасці кожнага работніка галіны. Канцэпцыя праекта выкладзена на сайце Міністэрства культуры, распачата інтэрнэт-абмеркаванне гэтага "зводнага" дакумента, што павінен рэгуляваць і накіроўваць працэсы духоўнага станаўлення нашага грамадства. Натуральна, "К" таксама не застаецца ўбаку ад важнай справы. Будучы Кодэкс канцэнтруе законы, звязаныя з функцыянаваннем сферы культуры ва ўсіх яе шматаблічных "жанрах". І пры яго абмеркаванні гаворка непазбежна скіроўваецца на праблемы клубнай, бібліятэчнай, музейнай спраў. Не менш гэтых праблем у развіцці народнага мастацтва, кінематаграфіі і пракату, у дзейнасці творчых саюзаў і ахове гісторыка-культурнай спадчыны (кожны з дадзеных працэсаў, натуральна, таксама рэгулюецца заканадаўча). Пры гэтым нас, журналістаў, цікавяць не толькі канкрэтныя праблемы, але і бачанне іх перспектыўнага вырашэння на рэгіянальным узроўні. Таму да ўдзелу ў "он-лайнавай" гутарцы мы запрасілі прадстаўнікоў ці не ўсіх структурных звёнаў беларускага культурнага "ланцуга"...

У он-лайн-канферэнцыі прынялі ўдзел старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута, начальнік аддзела культуры Валожынскага райвыканкама Вікенцій Адамовіч, начальнік аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама Іван Маржала, начальнік аддзела культуры Мсціслаўскага райвыканкама Наталля Біскуп, дырэктар Віцебскага кінатэатра "Дом кіно" Сяргей Булаўскі, дырэктар Аб'яднанага краязнаўчага музея аддзела культуры Мазырскага райвыканкама Максім Каляда, дырэктар Бярозаўскай ЦБС Ірына Макарэвіч і загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай ЦРБ Ала Драган.

adm:

- Вітаем усіх удзельнікаў нашай чарговай он-лайн-канферэнцыі! Спадзяёмся, сённяшняя гутарка будзе не менш змястоўнай, чым папярэднія... І адразу пытанне да бібліятэкараў: якія планы на Год кнігі?

makarevich:

- Па Бярозаўскай ЦБС штогод - больш двухсот тысяч наведванняў. Летась гэты нарматыў выкананы на 102,4%. Пастаянна шукаем рэзервы яго росту. Адзін з іх - правядзенне мерапрыемстваў за межамі бібліятэкі. Да прыкладу, улетку на цэнтральнай плошчы Бярозы правялі вечарам свята выхаднога дня "Чытай-горад пад адкрытым небам", дзе працавалі летняя чытальная зала, лялечны экспромт-тэатр, школа чараўнікоў, кніжнае фотаатэлье, адбылося літаратурна-музычнае шоу, а на гарадскім бульвары ўзніклі маляваныя фантазіі... Не дзіва, што колькасць чытачоў значна павялічылася.

adm:

- Да бібліятэк у рэчышчы адпаведнага заканадаўства яшчэ абавязкова вернемся. Пакуль жа пытанне - да Яўгена Сахуты. У 1999 годзе быў прыняты Закон "Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь". Шчыра кажучы, мала хто ведае, што такі закон існуе...

sahuta:

- У свой час сам далучаўся да яго стварэння. У часовую творчую групу ўваходзілі і профільныя спецыялісты, і юрысты з эканамістамі... Але як толькі Закон дайшоў да Міністэрства фінансаў, дык усё, што датычыцца прэферэнцый для народных майстроў і народнага мастацтва, на жаль, урэзалася ці ўвогуле ператварылася ў дэкларацыю. Так сітуацыя і па сёння цягнецца... У адпаведнасці з Законам была, да прыкладу, створана Рэспубліканская экспертная камісія па народным мастацтве, народных промыслах і рамёствах. Адна з задач камісіі - прысваенне статуса "Народны майстар" (усё згодна з Законам) вядучым творцам Беларусі, якія афіцыйна такога статуса не мелі. А падтрымку, як вядома, трэба аказваць канкрэтнай асобе з канкрэтным статусам.

adm:

- І колькі на Беларусі такіх "статусных" асоб?

sahuta:

- Вось пра гэта і гаворка. Усяго 65 на ўсю Беларусь за дзесяць гадоў дзейнасці камісіі. А мы думалі, што як толькі яна пачне працаваць - чарга выстраіцца. А - ніякай чаргі, бо майстры, пачытаўшы Закон, не знайшлі канкрэтыкі наконт сваёй матэрыяльнай зацікаўленасці, палічылі, што і без статуса абысціся можна. Такіх у нас - тысячы. І кожны - непаўторны носьбіт унікальнага нацыянальнага мастацтва. Звычайна статус набываюць толькі тыя, скажам, ганчары ці ткачыхі, што працуюць пры дамах рамёстваў, удзельнічаюць у пастаянных выстаўках (такіх майстроў работнікі культуры старанна апякуюць).

adm:

- Дык мо, Яўген Міхайлавіч, папроку тут заслугоўвае мясцовае кіраўніцтва, якое, ведаючы пра сённяшнія абмежаваныя магчымасці Міністэрства фінансаў, не надта клапоціцца пра матэрыяльную зацікаўленасць адметнага носьбіта нашых традыцый?

sahuta:

- Цалкам пагаджаюся з гэтым. І справа - не толькі ў адсутнасці матэрыяльных, але і маральных стымулаў. Ужо колькі разоў з розных трыбун казаў: на мясцовым узроўні трэба ўсяляк рупіцца пра наш нацыянальны гонар. Кожны майстар павінен усведамляць, што ён - эліта, на якую раўняецца моладзь. Менавіта ў гэтым кірунку і імкнёмся дзейнічаць. Але ж у адпаведнасці са згаданым Законам і дзяржава абавязана клапаціцца пра майстроў. Маю на ўвазе, да прыкладу, падатковыя, арэндныя, іншыя льготы.

adm:

- Атрымліваецца, Закон - добры, але не заўжды, так бы мовіць, спрацоўвае?

sahuta:

- Атрымліваецца - так. Возьмем, скажам, артыкул 12 "Падаткаабкладанне народных майстроў": "Народныя майстры ў адпаведнасці з падатковым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь цалкам або часткова вызваляюцца ад выплаты падаткаў". Закон не прапісвае, як гэта павінна рабіцца. А падатковае заканадаўства - універсальнае, і народныя майстры тут не згадваюцца.

adm:

- Словам, у дадзеным Законе, мяркуеце, не хапае канкрэтыкі, суадноснай з рэаліямі дня сённяшняга?

sahuta:

- Ёсць вельмі канкрэтныя артыкулы, але да сённяшняга часу іх і не пачыналі рэалізоўваць. Скажам, мы ганарымся тым, што захавалі народную культуру як ніякая іншая краіна Еўропы. Гэта ўжо нашым брэндам стала. А дзе яго можна пабачыць? Фестывалі народнага мастацтва не кожны дзень ладзяцца, а музея адпаведнага - няма. Установу ў Раўбічах лічыць не будзем: маленькая ды не на магістральных кірунках. А трэба, каб Беларусь, маючы багацце традыцыйнага і сучасных промыслаў, магла б гэта годна паказаць... Дык вось, канкрэтная норма аб тым, што ў краіне павінен быць створаны Нацыянальны музей народнага мастацтва, запісана ў Законе. Але ўстановы такой пакуль няма. І гэта прытым, што Беларускі саюз майстроў народнай творчасці мае надзвычай багатыя мастацкія фонды...

kaljada:

- Дарэчы, наконт музеяў. Тут адна, але, як падаецца, слушная заўвага. Вядома, што летась з-за фінансавага становішча праграма, скажам, развіцця Прыпяцкага Палесся не надта падсілкоўвалася грашыма. Між тым, абсталяванне пэўных нашых музейных устаноў паспела састарэць. А ў сувязі з развіццём рэгіянальнага турызму нам патрэбна пэўная пачатковая фінансавая падтрымка. І справа не ў тым, што мы - бездапаможныя. Летась план платных паслуг перавыканалі ледзь не ўдвая, прыняўшы за год 33 тысячы турыстаў. Дадатковыя ўкладанні патрэбны для больш актыўнага прыцягнення замежных турыстаў. Мы шчыльна супрацоўнічаем з турагенцтвамі і фінансавыя ўліванні адпрацавалі б літаральна за пяць-шэсць гадоў.

adm:

- На выніковай калегіі Міністэрства культуры начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Алег Рыжкоў станоўча адгукнуўся пра ваш музей "Палеская веда". Сапраўды ўнікальны аб'ект: адметнасці Мазыршчыны пераканаўча паказаны праз закальцаваны жыццёвы цыкл чалавека. Рэалізацыя такой нестандартнай канцэпцыі стала сапраўдным прарывам у музейнай справе, і не толькі на Гомельшчыне... А колькі яшчэ структур у вашай аб'яднанай установе?

kaljada:

- Гістарычны комплекс "Мазырскі замак", краязнаўчы музей, выставачная зала, Музей-майстэрня Мікалая Пушкара, Музей партызанскай славы ў Раманаўцы і "Палеская веда". Праблема ў тым, што ўсе аб'екты месцяцца не ў спецыялізаваных, а ў прыстасаваных будынках. З-за гэтага нельга стварыць належныя ўмовы для захоўвання фондаў.

adm:

- Калі ўжо гаворка пакрысе ўваходзіць у рэчышча развіцця турызму, дык звяртаюся да начальніка аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама. Турыстаў не толькі музеі цікавяць, але і помнікі архітэктуры, гісторыі...

margala:

- Няма сумневаў, што Закон "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" - дзейнічае. Але пэўныя карэкціроўкі, як падаецца, тут неабходны. Да прыкладу, пытанне пра абавязковую ўстаноўку ахоўных дошак на аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны. Тут, як той казаў, - палка з двума канцамі. Многія калегі, мяркую, мяне падтрымаюць: не паўсюль тыя дошкі патрэбны, да прыкладу - на лясных курганнных могілках. Тут яны - як указальнік для "чорных археолагаў". Помнікі і без таго пазначаны на карце землекарыстання, і гаспадары-ўласнікі пра іх цудоўна ведаюць...

adm:

- Колькі на тэрыторыі Ваўкавышчыны помнікаў, занесеных у Дзяржспіс?

margala:

- Сорак. Асаблівых праблем па іх доглядзе няма. А вось заплаціць за стварэнне праекта ахоўнай зоны пры гэтых аб'ектах многім уласнікам не пад сілу: занадта ўжо вялікія грошы трэба выдаткоўваць. Вось тут пэўная карэкцыя заканадаўства, на мой погляд, і неабходная.

makarevich:

- З нашай, бібліятэчнай, пазіцыі хацелася б, каб усе законы, у тым ліку і Кодэкс, канцэпцыю якога мы сёння абмяркоўваем, трактавалі бібліятэку не толькі як "інфармацыйную, культурную, асветніцкую ўстанову," але і як гуманістычны сімвал нацыі. Усе ведаюць, чым былі адметныя бібліятэкі эпохі Адраджэння: ушанаваннем кнігі і культам духоўнай спадчыны. Сённяшнюю сітуацыю характарызуе сістэмны крызіс чытацкай культуры. Таму сучаснае інфармацыйнае тэхнакратычнае грамадства неабходна ўраўнаважваць грамадствам гуманістычным. І хто можа зрабіць гэта лепш за бібліятэку? Але ж і мы самі не надта клапоцімся пра гэта: ні ў адным "Тлумачальным слоўніку бібліятэчных і бібліяграфічных тэрмінаў" не знайсці паняцця "бібліятэчны гуманізм"...

adm:

- І што, як лічыце, неабходна рабіць?

makarevich:

- Справе магла б дапамагчы Нацыянальная праграма падтрымкі і развіцця чытання. У расійскіх калег яна распрацавана і рэалізоўваецца з 2007 года.

adm:

- На выніковай калегіі Міністэрства культуры гаворка ішла пра аптымізацыю сеткі вясковых бібліятэк...

makarevich:

- Зразумела, усё гэта прадыктавана неабходнасцю скарачэння расходаў на ўтрыманне бібліятэчных устаноў. Адсюль - ідэя аб'яднання публічных сельскіх бібліятэк са школьнымі. Аднак якога-небудзь нарматыўна-прававога акта ці інструкцыі, метадычнай рэкамендацыі наконт гэтага ні па адной лініі ведамстваў мы не знойдзем. Як здзейсніць перадачу фондаў з балансу на баланс, як разлічыць нарматыўныя нагрузкі, як не дыскрымінаваць права сацыяльна неабароненага чытача (пенсіянера, інваліда, адзінокага чалавека) на атрыманне інфармацыі?

dragan:

- Многія кірункі нашай дзейнасці звязаны з сацыяльнай тэматыкай. Установы ствараюць спецыялізаваныя фактаграфічныя картатэкі сацыяльных даных. Тут можна знайсці звесткі аб органах мясцовага самакіравання, медыцынскіх і культурна-асветніцкіх аб'ектах, аб шматдзетных сем'ях, аб наяўнасці дзяцей з дэвіянтнымі паводзінамі і г. д. Летась паслугамі бібліятэк раёна скарысталася 2370 пенсіянераў, 234 інваліды. Дома абслужана 465 чытачоў, якім дастаўлена 6 тысяч экзэмпляраў кніг, часопісаў, газет. Для дадзенай катэгорыі насельніцтва працуе 6 клубаў па інтарэсах. Карацей, менавіта сельскія бібліятэкі - асяродак міласэрнасці. Да прыкладу, работнікі Малецкай СБ, дзе 850 чытачоў, знаходзяць час, каб рэгулярна наведаць хворых, якія жывуць у бальніцы сястрынскага дагляду. Школьны бібліятэкар, калі ён яшчэ і ўрокі дае, на такі клопат часу проста не мае. Напрыклад, у Швецыі агульнапрынятай практыкай з'яўляецца інтэграцыя школьных бібліятэк у публічныя для больш эфектыўнай рэалізацыі сумесных асветніцкіх праектаў.

adm:

- Вернемся да праблем народнага мастацтва і згадаем пры гэтым яшчэ адзін Закон Рэспублікі Беларусь - "Аб творчых саюзах і творчых работніках". Пытанне - зноў да спадара Сахуты. Яўген Міхайлавіч, вы казалі, што няма ў краіне Музея народнага мастацтва. Дык, у адпаведнасці з названым законам, ці можа станоўча паўплываць на сітуацыю Беларускі саюз майстроў народнай творчасці, якім вы кіруеце?

sahuta:

- Літаральна днямі мы накіравалі ад Саюза паперу ў заканадаўчыя органы, якія цяпер займаюцца дапрацоўкай Закону аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах), дзе і выклалі свае заўвагі. Не ведаю, у якой ступені нашы прапановы будуць прапісаны заканадаўча, але свой пункт гледжання мы выказалі.

adm:

- Дык наколькі ваш творчы саюз уплывовы?

sahuta:

- Саюз уплывовы ў тым сэнсе, што з ім лічацца ўсе тыя, хто мае непасрэднае дачыненне да народных сучасных мастацкіх рамёстваў. Да нас сцякаецца інфармацыя з усёй Беларусі, нас запрашаюць на ўсе творчыя мерапрыемствы, Міністэрства культуры даручае нам правядзенне акцый, звязаных з развіццём народнага мастацтва і фінансава падтрымлівае... Словам, мне неаднойчы казалі пра тое, што наш Саюз - адно з нямногіх аб'яднанняў аналагічнага кшталту, якое рэальна творча працуе.

adm:

- Тым не менш, як вядома, Саюз не мае "офіса"?

 sahuta:

- Так. Нават фонды захоўваюцца ў "добрых людзей". І мы на ўзроўні Асацыяцыі грамадскіх аб'яднанняў "Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў" збіраемся ўзняць пытанне аб неабходнасці стварэння Дома творчых саюзаў.

dragan:

- Хачу дадаць вось яшчэ што. Бібліятэчныя традыцыі павінны працаваць на пазітыўны імідж устаноў. А праблему абнаўляльнасці кадраў вырашаем праз актыўную рэкламу прафесіі. У традыцыі - прафесійныя конкурсы: летась - на лепшую прэзентацыю "Прывабная бібліятэка" (пераможцы атрымалі бярозаўскага "Оскара"), сёлета - "Бібліятэчная работа: ракурс адказнасці ад "А" да "Я". А Год кнігі распачаўся дабрачыннай акцыяй "Кошык радасці", якая сабрала падарункі для дзяцей-інвалідаў.

adm:

- У нашай сённяшняй он-лайн-канферэнцыі прадстаўлены ці не ўсе сферы нацыянальнай культуры. Што скажа наконт уласных творча-вытворчых праблем і перспектыў, у тым ліку заканадаўчых, дырэктар Віцебскага кінатэатра "Дом кіно"?

bulauski:

- Ёсць адна заўвага, датычная Закону "Аб кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь". У яго канцэпцыі пазначана, што фінансава падтрымліваюцца нашы кінастужкі на беларускай мове. Але ж карціны, знятыя на рускай, - таксама айчынныя, і іх варта таксама ўсяляк падтрымліваць. Больш прэтэнзій да заканадаўчай базы няма. Цалкам згодны з тым, што абавязкова павінна быць пракатнае пасведчанне, якое дапамагае змагацца з "пірацтвам".

adm:

- Ці ёсць у вас 3D-абсталяванне?

bulauski:

- На жаль, няма. Каштуе яно, як вы ведаеце, дорага. І для інвестараў мы ў дадзеным плане не надта прыцягальныя, бо названая апаратура вельмі доўга акупляецца па часе...

adm:

- Тым не менш, вы стабільна развіваецеся...

bulauski:

- Так. І пра гэта сведчаць штогадовыя валавыя зборы. Пастараліся, каб на гэта працавала рэпертуарная і цанавая палітыка. Мы на сёння - самы даступны від адпачынку.

kaljada:

- А для музеяў гэткім 3D з'яўляюцца інфакіёскі, якімі мяркуем забяспечыць кожны музей раёна. Замяняць таксама трэба вітрыны, манекены, асвятленне. Паўтаруся, усё гэта прыцягне да нас яшчэ большую колькасць турыстаў, у тым ліку і замежных.

biskup:

- Маю некалькі канкрэтных прапаноў. Мы ўжо які год запар кажам пра тое, каб нашы пазабюджэтныя грошы заставаліся нам і не выкарыстоўваліся, да прыкладу, на аплату камунальных паслуг. Але сітуацыя ніяк не змяняецца. Канкрэтны прыклад: за студзень мы зарабілі 19 мільёнаў пазабюджэтных рублёў, а камунгас выставіў перадаплату ў 23 мільёны...

adm:

- Сапраўды, тэма - адна са злабадзённых для рэгіянальных аддзелаў культуры...

biskup:

- І яшчэ адно. На мой погляд, ёсць розначытанні ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 1991 г. "Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь" і ў пастанове Міністэрства культуры ад 26.09.2008 г. у справе зацвярджэння пашпарта аматарскага калектыву. У артыкуле 26 Закону прапісана: "..Пашпарт аматарскага калектыву выдаецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь ва ўстаноўленым парадку", а ў пастанове - "...Пашпарт аматарскага калектыву па форме згодна з дадаткам да дадзенага Палажэння запаўняецца ў адным экзэмпляры арганізацыяй, на базе якой дзейнічае аматарскі калектыў, сумесна з кіраўніком аматарскага калектыву, зацвярджаецца подпісам кіраўніка і пячаткай арганізацыі - заснавальніка аматарскага калектыву..." Як падаецца, розначытанні гэтыя, каб прадухіліць прэтэнзіі правяраючых, варта прывесці ў нейкую адпаведнасць.

margala:

- У мяне яшчэ адна заўвага, датычная аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Я перакананы, што для гэтага пры райвыканкамах варта ствараць асобныя інспекцыі. У нас на сёння аховай помнікаў, да прыкладу, займаецца галоўны спецыяліст аддзела культуры, у якога і без таго спраў - вышэй галавы. Дык вось, заканадаўча гэтае пытанне мо і не трэба прапісваць, а змены ў тыпавых штатах, як лічу, проста неабходныя.

adm:

- Урэшце, можна прыкласці намаганні да вырашэння "штатнай" праблемы і на мясцовым узроўні. Наогул жа, пра гэтую праблему нядаўна казаў на нашай "гарачай лініі" і начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі. Ён таксама лічыць, што ўсе пытанні аховы памятных аб'ектаў павінна вырашаць асобная структура, насычаная прафесійнымі кадрамі... А якія праблемы стаяць перад аддзелам культуры Валожынскага райвыканкама?

adamovich:

- Яны сёння ўжо агучваліся. Маю на ўвазе пазабюджэт. Яго аб'ём, мяркую, варта разлічваць, зыходзячы з колькасці насельніцтва ў раёне. Сёлетні план па аказанні платных паслуг перавышае ў нас паўмільярдны рубеж, а колькасць устаноў культуры зменшылася з 70 да 50. Дый грошы гэтыя мы не можам выкарыстаць напоўніцу, бо кампенсуем расходы на камунальныя паслугі... Між тым, матэрыяльная база, інструментарый старэюць літаральна на вачах...

adm:

- Выйсце - у дзяржаўна-прыватным супрацоўніцтве?

adamovich:

- Але - пры ўмове адпаведнай заканадаўчай базы. Трэба, каб інвестар быў зацікаўлены ў фінансавай падтрымцы і нашых устаноў, і аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Пакуль такой зацікаўленасці, прапісанай на ўзроўні эфектыўнага закону, проста няма.

adm:

- Мы выказваем шчырую ўдзячнасць удзельнікам сённяшняй гутаркі, якая яшчэ раз пацвердзіла неабыякавасць людзей, што працуюць у сферы нацыянальнай культуры. Ад вашай актыўнасці залежаць змест і дзейснасць будучага Кодэкса аб культуры і ўсіх звязаных з ім заканадаўчых актаў ды нарматыўных палажэнняў. Таму надта каштоўнымі падаюцца заўвагі і прапановы карэкціровак ад прафесіяналаў з месцаў. І гэтай он-лайн-канферэнцыяй "К", безумоўна, не абмяжуецца - абмеркаванне канцэпцыі праекта Кодэкса будзе абавязкова прадоўжана. І ад вашай актыўнай грамадзянскай пазіцыі, шаноўныя работнікі культуры, будзе залежаць дзейснасць і выніковасць будучага праграмнага дакумента.

Матэрыялы

он-лайн-канферэнцыі

падрыхтаваў 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"