Куды больш “круты” “Алека”

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

Адзінота па-чэхаўску: стрыманая знешне, палымяная знутры

/i/content/pi/cult/366/7053/1-1.jpeg

“Полымя кахання” — пад такой назвай Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр “схаваў” прэм’еру канцэртна-сцэнічнай версіі аднаактовай оперы “Алека” С.Рахманінава і тэатралізаванай праграмы рамансаў гэтага кампазітара. Сапраўды,
полымя бушавала на відэаэкране, у сэрцах герояў, артыстаў, якія іх увасаблялі, гледачоў. Але да ўсяго прымешвалася яшчэ адно пачуццё…

Зварот да вакальнай творчасці С.Рахманінава - што можа быць больш традыцыйным для нашай музычнай афішы? Хіба спалучэнне з такімі ж "хітамі" П.Чайкоўскага. Поўны аншлаг забяспечаны: ледзь толькі з'яўляюцца гэтыя два імені ў якой-небудзь філарманічнай праграме - публіка ў экстазе, часам незалежна ад якасці выканання. Але ўсё гэта - у Музычным тэатры? У былой, прабачце, "Музкамедыі"? На пэўным этапе існавання тэатра сюды хадзілі, каб пасмяяцца: хто - над трапнымі рэплікамі персанажаў, а хто - над "намаганнямі" артыстаў. У любым выпадку раней гэта забяспечвала бяспройгрышны ўздым настрою: адны радаваліся аперэтачным штампам, іншыя - што яны спяваюць ці граюць, па меншай меры, не горш. І вось тэатр чарговы раз "псуе настрой", прычым - абедзвюм катэгорыям наведвальнікаў. У зале - поўная адсутнасць заўсёднай "музкамедыйнай" публікі. Сітуацыю выратоўваюць, па запрашэнні адміністрацыі, вайскоўцы і навучэнцы Мінскага музычнага вучылішча імя М.Глінкі. Затое побач з імі - які бамонд! Складалася ўражанне, быццам на гэты вечар сюды перамясціўся ледзь не ўвесь склад Нацыянальнай оперы.

Хтосьці, пэўна, прыйшоў "на Аляксандра Дэдзіка" - колішняга знанага саліста-прэм'ера, які вучыўся ў нашай кансерваторыі, з сярэдзіны 1970-х спяваў усе вядучыя тэнаровыя партыі ў нашым Вялікім тэатры, стаў ідэальным увасабленнем Джардана Бруна ў аднайменнай оперы беларускага кампазітара Сяргея Картэса, а потым з'ехаў у Санкт-Пецярбург - у Марыінку. Акрамя яго Адам Мурзіч, мастацкі кіраўнік Музычнага тэатра і аўтар рахманінаўскага праекта, запрасіў двух прадстаўнікоў Акадэміі маладых спевакоў Марыінскага тэатра - Марыю Галкіну і Уладзіслава Успенскага, а таксама нашага опернага саліста Дзмітрыя Трафімука. Ды ўсё ж оперныя "профі" ішлі не толькі "на гасцей", але і на "Алека" - тым больш, што гэтая опера ставілася ў нашым Вялікім тэатры ў час рамонту будынка. Сведчу: цяперашняя версія, пры ўсёй сціпласці сцэнічнага антуражу, - куды больш "крутая" ва ўсіх адносінах.

Замест рэалістычнага спектакля з праславутымі кібіткамі атрымаўся цалкам сімвалісцкі аповед. Кібіткі, дарэчы, засталіся. Больш за тое: да іх дадаліся "жывыя" коні. Але гэты рамантызаваны "рэалізм" панаваў адно на экране - "як у кіно". На сцэне ж, з захопам часткі залы (чым не інтэрактыў?), пульсавала жывая думка. І пастановачны мінімалізм быў ёй толькі на карысць. Атрымалася стыльна - і пра нас, людзей ХХІ стагоддзя, якія, пры ўсіх умовах шырачэзнай інфармацыйнай прасторы, адчуваюць невыносную... адзіноту.

Тая ж тэма адзіноты чырвонай ніткай праходзіла праз рамансы. Дзякуючы тэатралізацыі, Рахманінаў быў прачытаны не столькі як "пясняр прыгажосці" рускай прыроды і рускай душы, колькі як трагедыйны творца чэхаўскай эпохі. Амаль у кожным адабраным для праграмы рамансе бачыўся абрыс "п'есы А.Чэхава", дзе ўсе адно аднаго кахаюць, але - без узаемнасці. Калі "Полымя кахання" застанецца ў рэпертуары (а на прэс-канферэнцыі гэта было абяцана), многае ў праграме, вядома, удасканаліцца. Трэба спадзявацца, паўнавартаснымі дзейнымі асобамі (зноў-такі, па Чэхаве, дзе кожная стрэльба на сцяне павінна ў рэшце рэшт пальнуць) стануць і раяль, пакуль што зрушаны "ў кусты" - углыб сцэны, і прыгажуні-канцэртмайстры, якія пакуль бадзяюцца паміж нумарамі, бы цені-прывіды. Але ўжо сёння праграма адкрыла не толькі шыкоўны "гасцявы" вакал М.Галкінай, але і перспектывы нашага маладога тэнара Рамана Круковіча - артыстычнага, фотагенічнага, з прыгожым і адметным тэмбрам.

Гэтак жа, як і опера "Алека", якая выявіла не толькі цудоўную пецярбургскую школу У.Успенскага, але і бязмежныя магчымасці нашай Лідзіі Кузьміцкай. Яе прыхільнікі ўжо прызвычаіліся, што спявачка, акрамя вядучых партый у тэатры, кожны год рыхтуе сольныя праграмы, паўстаючы ўсё з новых бакоў. Вось і зараз: два месяцы таму разам са сваім пастаянным канцэртмайстрам Аленай Аляксеевай яна звярнулася да Моцарта. Атрымаўся, без перабольшвання, шэдэўр: літаратурна-музычна-тэатралізаваная паўтарыгадзінная кампазіцыя, дзе былі і лісты кампазітара, і музыказнаўчыя цытаты, і фартэпіянныя дуэты (з выхаванкай А.Аляксеевай Кацярынай Буцько), і вакальныя (з Дзянісам Івановым, па якім, што называецца, "тэатр плача", а гэты выпускнік нашай Акадэміі музыкі займаецца выкладаннем). А галоўнае - паўстала эвалюцыя творчасці кампазітара і яго "прадбачанні" будучых стыляў, перададзеныя менавіта вакальнымі фарбамі: ад барочна-класіцысцкага "лёгкага" гуку да амаль вердзіеўскага драматызму і гулліва-песенных шастаковічаўскіх "бытавізмаў".

І раптам Л.Кузьміцкая - Земфіра. Ракавая жанчына? Легкадумная каханка, што змяняе мужчын, бы пальчаткі? Кармэн, для якой воля важнейшая за жыццё? Не, не і не. Дзякуючы артыстцы і рэжысёру Ганне Маторнай, гераіня стала сімвалам жаночай адзіноты - у акружэнні эгаістычных мужчын, ніводны з якіх (ні муж, ні каханак, ні бацька) яе не разумее і не можа даць ёй таго, чаго яна так прагне - дзіцяці. Спектакль атрымаўся зусім не пра Алека, які ў Пушкіна і Рахманінава быў гэткім "анегінскім тыпажом", што ўсё ніяк не можа знайсці сябе і сэнс свайго жыцця. Опера стала роздумам пра жаночы лёс і саму прыроду жанчын.

Таму на супрацьлеглым ад Земфіры полюсе апынуўся зусім не Алека, а хор - як сімвал выхаду з адзіноты. Ці, шырэй, як нейкі калектыўны, грамадскі пачатак. А яшчэ, улічваючы яго папраўдзе ідэальнае гучанне, - як сімвал вечнай прыгажосці і трывалай апоры. У аркестры, якім кіраваў Юрый Галяс, самымі выразнымі былі струнныя. Духавыя ж часам... "камплексавалі", але "ў комплексе" - усё атрымалася.


На здымку: сцэна з оперы "Алека".

Фота Анжалікі ГРАКОВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"