За залатым сталом

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

На тэлебачанні неяк дэманстраваўся рэпартаж пра ўклад мастакоў-рэстаўратараў Мікалая і Яўгеніі Фей у адраджэнне аблічча Палаца Румянцавых і Паскевічаў: яны цягам вось ужо 30 гадоў рэстаўруюць перліну архітэктуры. Сярод таго, што адноўлена гэтымі выдатнымі майстрамі, — манументальныя паркавыя вазы, дэкаратыўная ляпніна калон, карціны, унікальная мэбля.

/i/content/pi/cult/366/7052/3-4.jpg

Інтэр'еры гомельскага палаца заўсёды былі ўзорам мастацкага густу і раскошы. Сёння тут з'явіўся новы экспанат: разьбяны стол пачатку XIX стагоддзя, з залачэннем, - прадмет выключна палацавага строю. На яго рэстаўрацыю патрачана шмат месяцаў. А для мастакоў гэта толькі чарговы поспех.

- Рэстаўрацыя - гэта глыбокі навукова-даследчы працэс, - адказвае Мікалай. - Тут неабходны веды і гісторыка, і хіміка, і фізіка, і біёлага. Узяўшы ў рукі экспанат, трэба зразумець, што на яго паўплывала, якія працэсы адбываліся, што за мікраарганізм пасяліўся. І - вырашыць, што рабіць. А для гэтага патрэбна разбірацца і ў тэхналогіі жывапісу тых часоў... Наша праца падобная да прафесіі лекара: паставіць дакладны "дыягназ", прызначыць правільнае "лячэнне"... Дарэчы, у рабоце мы выкарыстоўваем медыцынскія інструменты: скальпель, пінцэт, рэнтген, спірт... Нам даводзілася рэстаўраваць абразы, карціны з некалькімі пластамі жывапісу...

- І зняўшы ўсе гэтыя пласты, вы даяеце тым, хто жыве ў ХХI стагоддзі, захапіцца першароднай прыгажосцю...

- На жаль, не. Мы ўжо ніколі не ўбачым той жывапіс, які выйшаў з-пад рук майстра: пад уздзеяннем часу і мікраарганізмаў фарбы змяняюць свае адценні... Але ўсё роўна мы атрымліваем асалоду ад натхнёнай працы старадаўніх майстроў. Здзіўляе вытанчанасць мазка: выпісаныя да поўнай ілюзіі натуральнасці слёзы на абліччы Хрыста, пялёсткі кветак...

- У інтэр'еры гомельскага палаца з'явіліся адрэстаўраваныя намі чатыры пейзажы польскага мастака Тэафіля Квяткоўскага, - дадае Яўгенія. - Гэтыя творы рамантычнага жывапісу XIX стагоддзя не перастаюць захапляць лесіровачнай тэхнікай...

Размаўляючы з мастакамі, жадаю атрымаць адказы на пытанні, што назбіраліся за пятнаццаць гадоў знаёмства. У свой час, скончыўшы ўдваіх Багародскую мастацкую школу ў старадаўнім расійскім горадзе Сергіеў Пасад, яны былі ўдзельнікамі "гучных" выставак пад час маскоўскай Алімпіяды 1980 года, першага "Славянскага базару ў Віцебску" ў 1992-м. У конкурсе "Дрэва жыцця", які праходзіў у горадзе Мір у 1999 годзе, іх скульптуры адзначаны дыпломам. У 2000-м творцы прадставілі работы на выстаўцы "Арт-скульптура" ў Германіі... Экспазіцыя, якая цяпер арганізавана ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы, - першая пасля дзесяцігадовага перапынку...

 - А ніякага перапынку не было, - адказаў Мікалай. - Мы, проста, апошнім часам з Яўгеніяй захапіліся больш дызайнам інтэр'ера і рэстаўрацыяй... Але ствараем тое, што немагчыма размясціць на выстаўцы. Як, да прыкладу, выставіць вітраж, калі ён - ужо частка інтэр'ера грамадскага будынка або якога-небудзь жылога памяшкання? Варыянт вырашэння гэтай праблемы - фотаздымкі, што мы і зрабілі на выстаўцы ў абласной бібліятэцы, аформіўшы некалькі стэндаў.

- Дарэчы, асаблівую цікавасць выклікаюць і вашы скульптуры з дрэва. Яны захапляюць майстэрствам, вобразнасцю. Ёсць сярод іх і такія, якія выкананы па матывах твораў народных майстроў...

- Мы ўпэўнены: душа ёсць у кожным творы - няхай гэта карціна, рама, ваза, прадмет мэблі, а тым больш - царкоўны абраз. І ў Палаца ёсць душа, - разважае Яўген. - А рэстаўруючы ўсё гэта, мы тую душу адраджаем...

 Алег АНАНЬЕЎ, мастацтвазнаўца

Гомель