Сапега ды іншыя ў Новым замку

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

У гродзенскім Новым замку прайшла персанальная выстаўка дацэнта кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Юрыя Каралевіча. На вернісажы былі прадстаўлены 15 карцін з выявамі вядомых гістарычных дзеячаў мінулага, сярод якіх — Рагвалод і Усяслаў Чарадзей, Міндоўг і Вітаўт, Тадэвуш Касцюшка і Леў Сапега.

/i/content/pi/cult/366/7051/3-3.jpg

Усе палотны выкананы ў стылістычнай манеры сармацкага партрэта, дзякуючы чаму мастак здолеў перадаць пэндзлем не толькі саслоўную прыналежнасць ды становішча асобы ў тагачасным грамадстве, але і ўнутраны свет персанажа.

 Дарэчы, экспазіцыя атрымала і адпаведную назву - "Рэмінісцэнцыя", а яе жанравая асаблівасць зрабіла выстаўку нібы спецыяльна напісанай для Cенатарскай залы замка. Так, дзякуючы таленту Юрыя Каралевіча Стэфан Баторый быццам бы зноў вярнуўся ў сваю гродзенскую рэзідэнцыю. Пад час прэзентацыі аўтар прызнаўся, што мэта праекта - адраджэнне беларускіх традыцый і нацыянальнай самасвядомасці, а таксама захаванне духоўнасці, уласцівай нашаму народу.

 Да таго ж, выстаўка стала па-сапраўднаму пазнаваўчым падарожжам у мінулае, таму што побач з кожным партрэтам размясцілася гістарычная даведка пра знакамітую постаць, а таксама копіі рэпрадукцый карцін і графічных твораў, выкананых не адно стагоддзе таму. Такім чынам, безумоўна, убачыць "Рэмінісцэнцыю" Юрыя Каралевіча было карысна, асабліва - школьнікам. Чым не ўрок гісторыі?

Дар'я ЧАРКЕС

Гродна