Усе палотны выкананы ў стылістычнай манеры сармацкага партрэта, дзякуючы чаму мастак здолеў перадаць пэндзлем не толькі саслоўную прыналежнасць ды становішча асобы ў тагачасным грамадстве, але і ўнутраны свет персанажа.
Дарэчы, экспазіцыя атрымала і адпаведную назву - "Рэмінісцэнцыя", а яе жанравая асаблівасць зрабіла выстаўку нібы спецыяльна напісанай для Cенатарскай залы замка. Так, дзякуючы таленту Юрыя Каралевіча Стэфан Баторый быццам бы зноў вярнуўся ў сваю гродзенскую рэзідэнцыю. Пад час прэзентацыі аўтар прызнаўся, што мэта праекта - адраджэнне беларускіх традыцый і нацыянальнай самасвядомасці, а таксама захаванне духоўнасці, уласцівай нашаму народу.
Да таго ж, выстаўка стала па-сапраўднаму пазнаваўчым падарожжам у мінулае, таму што побач з кожным партрэтам размясцілася гістарычная даведка пра знакамітую постаць, а таксама копіі рэпрадукцый карцін і графічных твораў, выкананых не адно стагоддзе таму. Такім чынам, безумоўна, убачыць "Рэмінісцэнцыю" Юрыя Каралевіча было карысна, асабліва - школьнікам. Чым не ўрок гісторыі?
Дар'я ЧАРКЕС
Гродна